Чалавецтва адкрыла «скрыню Пандоры, поўную бедаў», лічыць генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Пра гэта ён заявіў сёння, 15 студзеня, падчас выступу перад Генасамблеяй ААН, калі агучваў свае прыярытэты на 2025 год.
Спачатку Гутэрыш пажадаў усім шчасця і здароўя ў 2025 годзе і прапанаваў пачаць з добрай навіны, адзначаючы, што «ёсць прыкметы надзеі». Напрыклад, па сектары Газа бакі выйшлі на заключны этап узгаднення спынення агню і вызвалення закладнікаў, а ў Ліване ўдалося абраць прэзідэнта. Адзначыў прагрэс у зялёнай энергетыцы, пашырэнні жаночых правоў, барацьбе з дзіцячай смяротнасцю.
Аднак адзначыў, што ААН — гэта сіла стварэння «ў свеце, які нацэлены, мяркуючы з усяго, на разбурэнне».
«Так, ёсць прагрэс у нашым неспакойным свеце. Гаворка ідзе пра свет, які, вядома ж, знаходзіцца ў стане смуты. Нашая бяздзейнасць, нашыя дзеянні адкрылі „скрыню Пандоры“ сучаснага свету. І гэтыя „хваробы“, гэтае зло — у найлепшым выпадку гэта пагроза, якая парушыць кожны аспект нашага парадку дня. А ў найгоршым выпадку гэта стане пагрозай для нашага існавання», — сказаў Гутэрыш.
«Адкрыць скрыню Пандоры» значыць зрабіць ці пачаць нешта, што выкліча мноства непрадбачаных праблем. Выраз прыйшоў з грэцкай міфалогіі.
Да такіх «хваробаў» свету ён аднёс «некантралявальныя канфлікты, нястрымную няроўнасць, бушаванне кліматычнага крызісу і тэхналогіі, якія выйшлі з-пад кантролю».
Паводле генеральнага сакратара, рашэнне гэтых праблем мусіць стаць прыярытэтам для сусветнай супольнасці на 2025 год.
Гаворачы пра праблемы міру і правоў чалавека, Антоніу Гутэрыш згадаў і вайну ў нашым рэгіёне.
«Ва Украіне вайна цяшнецца ўжо чацвёрты год. Мы мусім прыкласці ўсе намаганні для ўстанаўлення справядлівага, трывалага і ўсёабдымнага міру ў адпаведнасці са Статутам ААН, міжнародным правам і рэзалюцыямі Генеральнай Асамблеі», — заявіў кіраўнік ААН.
Чытайце таксама