Супрацоўнікі Дэпартамента ваеннай контрразведкі ФСБ затрымалі былога начальніка 1-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення сувязі (ГУС) Узброеных сіл РФ генерал-маёра Аляксандра Аглобліна пасля таго, як паказанні на яго даў яго былы кіраўнік, намеснік начальніка Генштаба УС РФ генерал-лейтэнант Вадзім Шамарын, расказалі «Коммерсанту» абазнаныя крыніцы.
Паводле іх, Шамарын у рамках заключанай са следствам угоды паведаміў, што яны з Аглобліным падзялілі хабар, атрыманы ад ААТ «Пермский телефонный завод „Телта“» падчас закупкі спецсувязі на патрэбы Мінабароны. Да гэтага Аглоблін сам даў паказанні на Шамарына і праходзіў па справе супраць яго сведкам. Больш за тое, як сцвярджалі крыніцы ТАСС, сама справа грунтавалася на звестках, пададзеных Аглобліным. Дзякуючы сваім паказанням генерал-маёр, асуджаны ў лютым 2022-га на 4,5 года пазбаўлення волі за крадзяжы, змог датэрмінова выйсці на волю.
У матэрыялах справы супраць Шамарына, які быў затрыманы ў траўні, гаворыцца, што з красавіка 2016-га да кастрычніка 2023 года генерал атрымаў ад гендырэктара і галоўбуха пермскага прадпрыемства не менш за 36 млн расійскіх рублёў (больш за 372 тысячы даляраў) за дзеянні, «скіраваныя на павелічэнне аб’ёмаў і наменклатуры прадукцыі ААТ ПТЗ „Телта“, а таксама за агульнае заступніцтва па службе». Цяпер Шамарын сцвярджае, што траціну з гэтага хабару атрымаў Аглоблін, які выконваў ролю пасярэдніка.
Аглоблін быў арыштаваны 28 кастрычніка па абвінавачанні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры падчас выканання дзяржабаронзаказу (ч. 6 арт. 290 КК РФ). Як адзначае «Коммерсант», у яго новай справе апісваюцца тыя самыя падзеі, што і ў справе Шамарына. Адзіная розніца заключаецца ў тым, што Аглоблін, паводле версіі следства, атрымліваў хабар за агульнае заступніцтва па кантрактах, заключаных у 2016−2021 гадах.
Зачыстка Мінабароны РФ пачалася незадоўга да зняцця Сяргея Шайгу з пасады кіраўніка ведамства. У красавіку па справе пра мільярдны хабар быў затрыманы і арыштаваны яго ключавы намеснік Цімур Іваноў. У сярэдзіне траўня ў СІЗА адправілі начальніка галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны генерал-лейтэнанта Юрыя Кузняцова, якому таксама інкрымінуюць хабар у выглядзе катэджа.
Акрамя таго, пад арыштам па справах пра хабар і махлярства аказаліся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інавацыйнага развіцця Мінабароны генерал-маёр Уладзімір Шасцяроў і дырэктар парку «Патрыёт» палкоўнік Вячаслаў Ахмедаў, кіраўнік дэпартамента па забяспечанні дзяржзаказу ведамства палкоўнік Уладзімір Верцялецкі, а таксама былы камандуючы 58-й арміяй генерал-маёр Іван Папоў.
Беспрэцэдэнтная кампанія арыштаў генералаў і высокапастаўленых чыноўнікаў Мінабароны праходзіць са згоды Крамля, казалі The Moscow Times крыніцы ва ўрадзе. Паводле іх, за крымінальнымі справамі стаіць жаданне спецслужбаў зваліць на армію віну за няўдачы ва Украіне і атрымаць кантроль над вялізнымі бюджэтамі вайсковага ведамства. Суразмоўца TMT адзначаў, што да канца года ва ўсіх падраздзяленнях Мінабароны «будуць арыштаваныя сотні людзей».