Расія пачала вайну ва Украіне і можа скончыць яе проста цяпер, заявіў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, каментуючы заяву расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пра тое, што Масква будзе разглядаць удары заходнімі ракетамі па Расіі як сур’ёзную эскалацыю, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Стармер адказваў на пытанні журналістаў, у тым ліку карэспандэнтаў Бі-бі-сі, у самалёце па дарозе ў Вашынгтон, дзе ў пятніцу пройдзе яго сустрэча з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
На ёй будзе абмяркоўвацца далейшая падтрымка Украіны ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі, у тым ліку магчымасць зняцця абмежаванняў на ўдары заходняй зброяй па расійскай тэрыторыі.
Як заявіў расійскі прэзідэнт у чацвер, калі такое рашэнне будзе прынятае, яно будзе азначаць непасрэдны ўдзел краін NATO ў вайне.
— Непасрэдны ўдзел істотным чынам мяняе саму сутнасць, саму прыроду канфлікту. Гэта будзе значыць, што краіны NATO, ЗША, еўрапейскія краіны ваююць з Расіяй. А калі гэта так, то <…> мы будзем прымаць адпаведныя рашэнні, — сказаў Пуцін.
На просьбу пракаментаваць гэтую заяву брытанскі прэм’ер адказаў так:
— Расія пачала гэты канфлікт. Расія незаконна ўварвалася ва Украіну. Расія можа неадкладна спыніць гэты канфлікт. Украіна мае права на самаабарону, і відавочна, што мы цалкам падтрымліваем права Украіны на самаабарону, даючы магчымасці для навучання. Але мы не імкнёмся да канфлікту з Расіяй, гэта не ўваходзіць у нашыя намеры нават у найменшай ступені, — сказаў ён.
Як адзначаюць карэспандэнты Бі-бі-сі, Стармер стрымана пракаментаваў перспектыву зняцця абмежаванняў на ўдары дальнабойнай зброяй у глыбіні расійскай тэрыторыі, але не стаў адмаўляць, што гэтае пытанне стаіць на парадку дня.
— Мы ключавыя саюзнікі ЗША і вельмі, вельмі цесна звязаныя, асабліва ў такіх пытаннях, як Украіна і Блізкі Усход. У найбліжэйшыя некалькі тыдняў і месяцаў, імаверна, адбудуцца сапраўды важныя падзеі як ва Украіне, так і на Блізкім Усходзе, і таму неабходна прыняць шэраг тактычных рашэнняў. Я вельмі хачу, каб гэтыя тактычныя рашэнні прымаліся ў стратэгічным кантэксце, — дадаў ён.
Прэм’ер нагадаў, што на гэтым тыдні дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік брытанскага Форын-офіса Дэвід Лэмі былі з візітам у Кіеве. Паводле Стармера, яны таксама возьмуць удзел у абмеркаваннях у Вашынгтоне.
Як піша Times, на сустрэчы ў Белым доме ў пятніцу Стармер збіраецца пераканаць Джо Байдэна дазволіць Украіне выкарыстоўваць пастаўленыя брытаніяй ракеты Storm Shadow для нанясення ўдараў па цэлях у Расіі.
Паводле звестак крыніц выдання, Брытанія і ЗША могуць дазволіць Украіне выкарыстоўваць брытанска-французскія крылатыя Storm Shadow (яны ж SCALP EG), але не амерыканскія ATACMS праз занепакоенасць Байдэна з нагоды магчымай эскалацыі.
New York Times таксама піша са спасылкай на крыніцы, што прэзідэнт ЗША схіляецца да таго, каб пагадзіцца на выкарыстанне Украінай заходняй зброі па расійскім тыле, але толькі калі зброя не амерыканская.
Паводле суразмоўцаў выдання, канчатковага рашэння Байдэн пакуль не прыняў.