Выданне The Wall Street Journal пагаварыла з украінскімі вайскоўцамі, якія ўдзельнічаюць у наступе на Курскую вобласць. Адзін з іх з пазыўным Янык расказаў, што самай сур’ёзнай перашкодай для іх сталі так званыя зубы цмока — шэраг бетонных пірамідаў, якія мусілі перашкодзіць руху танкаў.
33-гадовы ўкраінскі камандзір узвода з пазыўным Янык расказаў, што да перашкоды яны падышлі каля 3-й ночы.
«Яны (украінскія танкісты. — Заўв. рэд.) хутка ўдарылі па адной з пірамідаў трыма танкавымі снарадамі, а потым праціснуліся скрозь зазор на сваіх браняваных машынах. Расійскія ворагі, пераважна салдаты тэрміновай службы, у асноўным збеглі ці здаліся, бо былі хутка разбітыя», — апісаў ён пачатак прарыву WSJ.
Выданне называе наступ УСУ ў Курскай вобласці дзёрзкім і вокамгненным, адзначаючы, што яно шакавала Расію і падняло маральны дух ва Украіне.
«За два з паловай гады Расія не пабудавала лініі абароны», — адзначыў Янык, дзелячыся сваімі ўражаннямі пра той участак, дзе прарывалася ягонае падраздзяленне.
Ахоўныя палосы ў памежных з Расіяй абласцях расійскія ўлады пачалі будаваць у 2022 годзе. Як пісаў The Insider, жалезабетонныя «пірамідкі» каштуюць ад 5 тысяч да 16 тысяч рублёў за штуку (ад 54 да 173 даляраў) у залежнасці ад маркі бетону, памеру і іншых параметраў. Яшчэ ў 5 тысяч абыходзіцца дастаўка. Усяго расійскія ўлады выдаткавалі такім чынам мільярды рублёў. Пры гэтым, як адзначала выданне, «частка гэтых ліній, як у Бранскай і Белгародскай абласцях, наколькі можна меркаваць, аказаліся цалкам бескарыснымі, бо былі, відаць, „распільнымі“ пачынаннямі мясцовых адміністрацый».