Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Ты сто человек таких увидишь за день». Беларусы, которых вербовал КГБ, рассказали, как узнать «агента» и не сказать случайно лишнего
  2. В России «обидели» беларусское предприятие, которое поставляет в эту страну военную оптику. Идут судебные разборки, их «засекретили»
  3. Лукашенко потребовал поставить на место чиновников в Витебской области. Глава региона будет «не на ногах ходить», а «на руках или голове»
  4. Невероятное снижение доллара: опустится ли курс ниже 3 рублей? Прогноз по валютам
  5. Забывчивым беларусам пригрозили «административкой» — кто и за что на этот раз
  6. БелЖД предложила Литве, Латвии и Польше возобновить прямое пассажирское сообщение
  7. Помните парня, бежавшего за водометом в 2020-м? Его искали силовики, но нашли журналисты «Зеркала» — поговорили с ним
  8. Администрация Трампа выдвинула Киеву условия для завершения войны, включая признание Крыма российским и отказ от НАТО — WSJ
  9. «Роман делает даже немного больше, чем требовалось». Интервью со Степаном Путило о списке Forbes, Протасевиче и будущем протеста
  10. Умер папа Франциск
  11. Россия заявила о дополнительных территориальных претензиях к Украине — о каких землях идет речь на этот раз
  12. Сколько зарабатывает компания Баскова на созданном под Лукашенко бренде одежды. Похоже, она получает налоговые «плюшки» — подробности
  13. «Мы не придурошная Европа». Пропаганда бросилась защищать взорвавшую соцсети идею Лукашенко переселить в Беларусь 150 тысяч пакистанцев
  14. Если вы гадаете, бежать ли за дешевым долларом или подождать еще немного, чтоб его курс еще больше упал, то для вас есть прогноз эксперта
  15. Сначала — супердоступ силовикам, а теперь — запуск посредника при заказах из зарубежных интернет-магазинов. У чиновников — новая идея
  16. «Больше всего на Гомельщине». После взлома «Гаюна» прошло более двух месяцев: что известно о связанных с этим задержаниях
  17. Лукашенко съездил в Шклов и нашел то, что будут «лепить по всей Беларуси»
  18. Папа Франциск: латиноамериканец, изменивший Рим и Католическую церковь
Читать по-русски


Евгений Савватеев, Алексей Нежиков, Мила Мороз, Кирилл Лукеренко /

Як і многія іншыя беларускія добраахвотнікі, гэты мінчук, што ваюе ва УСУ, катэгарычна не хоча, каб яго пазналі. Падчас інтэрв'ю на ім клятчасты пінжак і сонечныя акуляры. А яго элегантныя вусы нагадваюць герояў з фільмаў яго ўлюбёнага рэжысёра Гая Рычы. У мінулым жыцці журналіст і палітвязень, цяпер ён баец з пазыўным Зайка ў батальёне «Тэрор», які раней быў часткай палка Каліноўскага. Добраахвотнік расказаў сваю гісторыю падкасту «Пагоня і Трызуб», які сумесна робяць «Громадське радіо» і «Люстэрка». Гэта яго скарочаная тэкставая версія.

Бойцы батальона "Террор", март 2022 года. Фото: t.me/terrorbel
Байцы батальёна «Тэрор», сакавік 2022 года. Фота: t.me/terrorbel

«Уяўляў, як праз рацыю перагаворваемся: „Зайка, Зайка!“ І маскалі думаюць, што там дзяўчына»

— Калі я ішоў туды, было вельмі страшна. Яшчэ мы чакалі, калі пачнецца заход сонца, каб маскалям вочы сляпіла, — расказвае Зайка пра адзін з дзясяткаў праведзеных на вайне дзён, калі яго група прыйшла на пазіцыю ўкраінцаў. Ён эмацыйна ўспамінае, што адбывалася падчас штурмаў і пад абстрэламі, і часам цяпер ужо смяецца.

— Пазіцыя была за 250 метраў ад маскалёў. У нас яшчэ была магчымасць паспаць, ты прачынаешся і думаеш: «Бляха, гэта ж трэба ісці». Ну і яно страшна. Перад штурмам камандзір іншай групы пытае: «Ты з намі ці адкатваешся?» Адказваю: «Я салдат. Ты загадваеш — я выконваю». Ну і мы пайшлі (смяецца). Вельмі «весела» было, асабліва калі адступалі. Памятаю: цёмна, відаць толькі ўспышкі ад прылётаў, мы ўжо адбягаем, па нас працуе мінамёт. З намі быў хлопец, малады такі. Мы беглі, а ён збіраў магазіны, якія хлопцы з групы перад намі згубілі. Я кажу: «Што ты робіш, бл*ха? Па нас фігачаць!» А ён: «Ну тут жа БК! Трэба сабраць» (смяецца).

Дабягаем да нашай пасадкі — да ўскраіны. Там ад разрыву такая глыбокая яма, і ён кажа: «Усё, не магу больш. Здохну, калі яшчэ пару крокаў зраблю». А там хлопец цэнтнер важыць (смяецца). Селі перадыхнуць. Чуем — стракатня нейкая, усё бліжэй і бліжэй. Пытае мяне: «Гэта пі***скі кулямёт?» Адказваю: «Так. Цікаем!» І ў нас другое дыханне [адкрываецца], нават хвіліны не пасядзелі. Ён як даў драла! Я потым яго даганяю: «Ну ты афігець, блін. Бег хутчэй за мяне, хоць стартаваў пазней». Як выявілася, кулямётчык бег у наш бок, ён нас бачыў і страляў па нас. Проста не трапіў. На той момант гэта было прыкольна, — успамінае добраахвотнік. — А потым той хлопец падчас штурму тэрыконаў на ўсходзе загінуў. Пад Горлаўкай.

Чаму ў суразмоўцы пазыўны Зайка? Тут ён таксама тлумачыць: «Прыкольна». Паводле байца, гэтае слова ў многіх выклікае ўсмешку, калі вакол на вайне — пастаянны стрэс.

— Шмат хто да жонак сваіх так звяртаецца, а тыя — да іх. І калі прагаворваюць (я як журналіст гэта разумеў), у іх падсвядома ўжо нейкія прыемныя ўспаміны ўзнікаюць — пра тое, што калісьці было. Яшчэ я ўяўляў, як праз рацыю перагаворваемся: «Зайка, Зайка!» І маскалі думаюць, што там нейкая дзяўчына сядзіць. Ну, хто ж сябе зайкам назаве? А аказваецца, там не дзяўчаты (смяецца).

Зайка ў Беларусі вучыўся на журналіста, але ўніверсітэт не скончыў: пачаліся пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га, а ён быў у камандзе аднаго з кандыдатаў. Калі 19 снежня апазіцыя правяла на плошчы Незалежнасці акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, бачыў, як людзей па ўсім горадзе лавілі і збівалі сілавікі, — «нават тых, хто ніякага дачынення да пратэстаў не меў».

Сотрудники беларусской милиции избивают протестующих во время разгона митинга против фальсификаций на президентских выборах, Минск, 19 декабря 2010 года. Фото: Reuters
Супрацоўнікі беларускай міліцыі збіваюць пратэстоўцаў падчас разгону мітынгу супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах, Мінск, 19 снежня 2010 года. Фота: Reuters

Ён кажа, што ўжо тады мог бы дзейнічаць радыкальней, але разумеў, што беларусы да гэтага не гатовыя, і ніякіх крокаў рабіць не стаў. Тады ён атрымаў 15 сутак, потым яшчэ тэрмін з палітычных матываў. Пра дэталі ён просіць не гаварыць, каб гэта не дапамагло сілавікам яго ідэнтыфікаваць. Зайка перажывае за сям’ю і асабліва за дзяцей, якіх да поўнамаштабнай вайны ва Украіне вывез у Еўропу.

— Яны ўжо вельмі дарослыя, і ім цікава было, дзе я, бо ўсё іх дзяцінства я быў побач, бавіў час з імі. І цяпер у мяне з імі вельмі вялікая, глыбокая сувязь. Мне, вядома, шкада, што я не з імі.

З часоў, калі дзеці былі маленькімі, у Зайкі засталася звычка трымаць тэлефон у бязгучным рэжыме. Так было раніцай 24 лютага — смартфон вібраваў ад паведамленняў. Мужчына тады яшчэ працаваў журналістам, і яго папрасілі напісаць артыкул пра напад Расіі на Украіну. Прызнаецца, спачатку не паверыў: «Ды ну нах*р. Гэта тупа». Яшчэ больш яго шакавала інфармацыя, што наступ ішоў і з тэрыторыі Беларусі. Ужо ў сакавіку 2022-га Зайка разам з іншымі беларускімі добраахвотнікамі прыехаў ва Украіну.

— Канчатковае рашэнне я прыняў, калі ўбачыў, што гінуць дзеці. Было відэа, якое перакрэсліла ўсе мае сумневы — тады ў Марыупалі пасля абстрэлу [28 лютага] у бальніцу прывезлі маленькую дзяўчынку, і ў рэанімацыі медыкі не змаглі яе выратаваць. Доктар казаў: «Пакажыце гэта расіянам». Ужо калі я быў тут, [у ліпені] была атака на Вінніцу, забілі двухгадовую дзяўчынку. Я потым яшчэ ўбачыў яе фота без цэнзуры… Тады пераканаўся яшчэ мацней, што зрабіў правільна, — кажа мужчына.

«Самым страшным было аказацца так званым самаварам — без рук, ног і без „краніка“»

Першы свой баявы досвед Зайка атрымаў летам 2022-га. Тады поўнач Украіны ўжо была вызваленая. Баявыя дзеянні працягваліся на поўдні і ўсходзе краіны.

— Быў дзень Канстытуцыі Украіны, нас абстрэльвалі цэлыя суткі: пачалі ў 12 ночы і ў 12 ночы скончылі. Перапынак быў толькі на падвоз БК і перазарадку — усё. Тады яшчэ пазіцыя была афігенная: хлопцы вельмі пастараліся, калі яе ўладкоўвалі, бо вельмі хацелі жыць. Хоць людзі, вядома, ёсць розныя, і пазіцыі розныя. Дык вось, там былі класныя, хаця… акопы былі дзесьці да рэбраў, мы іх паглыбілі потым. Але бліндажы былі накрытыя настолькі афігенна, што я такіх больш нідзе не бачыў, куды б мы ні прыходзілі. Яны былі зробленыя ў тры накаты зверху — па 80 мяшкоў з пяском. Падчас абстрэлу дзве 120-я міны «паклалі» на наш бліндаж — і нічога яму не было. Вось нас тады абстрэльвалі з танка, з «Ноны», з «Васілька», з «бэхі». А мінамёты нават не лічацца.

2С9 «Нона-С» — савецкая 120-мм авіядэсантная самаходная артылерыйска-мінамётная ўстаноўка. «Васілёк» — савецкі аўтаматычны мінамёт 2Б9. «Бэха» — БМП, баявая машына пяхоты.

Беларус у размовах часта ўспамінае фільмы, якія глядзеў у цывільным жыцці. Але сам ужо, здаецца, перажыў дастаткова падзей, яскравейшых за вострасюжэтнае кіно.

— Мы прыехалі на пазіцыі да ўкраінцаў з сумежнага падраздзялення. Нашая тэрыторыя была як бы ў форме трохвугольніка, мы — на самым вастрыі. А пункт, з якога мы стартавалі і куды ўсё пад’язджала, быў за паўтара кіламетра за намі. Туды мы хадзілі па ежу. І вось раз пайшлі я, яшчэ адзін беларус і ўкраінец. Вяртаемся, з сабой — тачка ежы, у кожнага яшчэ па два мяшкі на плячы, — і тут нас засякае дрон. Мы хаваемся ў пасадку. А дрон усё вісіць. Чуем — выхад з мінамёта, прычым па нас працавалі два мінамётчыкі. Мы залеглі трохі глыбей у пасадку — прылятае ўсё бліжэй і бліжэй, ужо поле гарыць. А гэта ліпень.

Бойцы батальона "Террор", июнь 2022 года. Фото: t.me/terrorbel
Байцы батальёна «Тэрор», чэрвень 2022 года. Фота: t.me/terrorbel

— Я хлопцу кажу: «Слухай, давай пераскочым метраў на дзесяць убок». Бо самы блізкі снарад упаў за тры метры ад нас — гэта працаваў 120-ы мінамёт, ад выбуху зямля паднялася, як падчас туману. Мы пераскочылі — па нас яшчэ пяць-шэсць снарадаў выпусцілі, а потым, мабыць, мінамётчыкі задзяўбліся. Але дрон яшчэ вісеў. Мы чакалі, чакалі. Дзесьці праз паўгадзіны пабеглі перабежкамі. Тут чуем — над намі зноў дрон, вось проста над дрэвамі, а яны нізкія. Мы як леглі на зямлю ў адной позе, так і ляжым. Ужо рука зацякла, нага, не можаш далей у такім становішчы ляжаць, але нічога не застаецца, бо над табой вісіць дрон. Больш за гадзіну ён так проста «глядзеў». Можа, ён і іншае месца перачытваў, але правяраць не хацелася.

Метраў за 70 ад нас скінуў САГі (30-міліметровыя гранаты, распрацаваныя для станковага гранатамёта. — Заўв. рэд.). Другі дрон — метраў за 50. Мы зразумелі, што гэтыя дроншчыкі не бачаць, што мы тут ляжым, і, карацей, вырашылі бегчы да пазіцыі, а да яе, можа, метраў 600. Беглі не спыняючыся, і пофіг, калі будзе дрон. Калі былі на месцы, я паглядзеў на час. Карацей, выйшлі па ежу мы з хлопцам, а першай гадзіне дня, а вярнуліся, а шостай вечара.

Зайка нават пра самыя жудасныя моманты вайны расказвае з усмешкай і гумарам. Параўноўвае думкі, якія круцяцца ў галаве, калі ўдзельнічаеш у штурме і калі інтэнсіўныя баявыя дзеянні спыняюцца. Аказваецца, ёсць не для ўсіх відавочная розніца ў эмоцыях.

— Вельмі баішся, калі ідзеш з пункту на месца, дзе пачынаецца аперацыя. На самой аперацыі, асабліва падчас штурму, страху няма: ты проста робіш тое, што мусіш. А калі ён заканчваецца, думак шмат. Ты баішся зрабіць нешта не так. Яшчэ ёсць адказнасць за задачу. Калі загінеш, выканаць не зможаш. І вось гэта асноўнае, пра што думаеш, — як павінныя дзейнічаць салдаты паміж натаўскімі стандартамі і саўковымі. Калі салдат — гэта зброя, вельмі дарагая зброя, даражэйшае…

Калі я сюды ехаў, самым страшным здавалася стаць так званым самаварам — без рук, без ног. Як жартавалі з хлопцам, з якім збіраліся на вайну, — і без «краніка», калі вядзецца пра мужчын. Але з часам тут разумееш, што, нават калі станеш інвалідам, але пры поўным розуме, — ты жывы. Усё ж ты жывы. І камусьці, магчыма, будзеш неабходны.

«Многія сюды едуць „пастраляць маскалёў“. А калі па іх у адказ пачынаюць страляць — „А нас за што?“»

Добраахвотнік і кінаман лічыць, што перад тым як уступаць у баявое падраздзяленне і ехаць на фронт, варта паглядзець фільм «Джоні ўзяў стрэльбу» Далтана Трамба. На яго думку, гэтая амерыканская карціна пра Першую сусветную можа дапамагчы праверыць, ці гатовы чалавек убачыць рэальную вайну і сутыкнуцца з яе наступствамі.

Сюжэт фільма гучыць так: «Джо, малады амерыканскі салдат, атрымаў раненне снарадам мінамёта ў апошні дзень Першай сусветнай вайны. Ён ляжыць у шпіталі сярод такіх самых людзей з інваліднасцю. Захаваўшы здольнасць думаць, ён зноў перажывае сваё жыццё праз дзіўныя мары і ўспаміны, не бачачы адрозненняў паміж сном і явай».

— Калі ён прымае, што з ім можа здарыцца тое самае, што і з галоўным героем, значыць, ён гатовы апынуцца тут, — тлумачыць суразмоўца. — Бо шмат войнаў пачынаецца так, ад балды, можна сказаць: «Ну, што там? Ну, паваюем». І многія сюды едуць «пастраляць маскалёў» і ўяўляюць, што тут як на сафары ў Афрыцы. А калі па іх у адказ пачынаюць страляць — «А нас за што?» Таму трэба разумець, што ты можаш загінуць, пры гэтым не трэба гэтага жадаць.

Сам Зайка памерці мог ужо не раз, прычым «прылятала» выпадкова. Аднойчы так пад Харкавам «злавіў» асколак.

— Мы тады адстраляліся, пайшлі есці, я вярнуўся на пазіцыю па рэчы. Быў ужо напаўдарозе да бліндажу — і «прыляцела». Як выявілася, мы адстраляліся, а маскалі… там акурат лесапалосы вялікія, ужо, можна сказаць, нармальны лес. Яны дзесьці на гук, прыблізна ў гэты бок, стрэльнулі з «Рапіры» — гэта супрацьтанкавая гармата. У яе стрэл такі самы, як у танка, — ты не адчуваеш «выхаду» [снарада]. Ён проста далей праляцеў, але зачапіў дрэва, і мне выпадкова трапіла ў галаву.

Я спачатку думаў, што проста каменем ударыла. Я паваліўся, адразу ўспамінаю: так, трэба легчы, каб было стабільнае бакавое становішча, каб не задыхнуцца, калі адключуся. Такія думкі былі. А потым думаю: «Так, я маўчу. Хлопцы ж не ведаюць, што мне нешта прыляцела. Трэба пакрычаць». У мяне нешта такое няўцямнае атрымліваецца: «А-а-а!» Потым думаю: «Што я раблю? Трэба ўстаць і бегчы ў бліндаж». Устаю, крычу, бягу. Усё, дабег. Аднаму хлопцу там аказалі дапамогу, перабінтавалі, а мне далі запоўніць карту: галава ўсё баліць і баліць. Прашу паглядзець, што там. Мне кажуць: асколак. Ну ўсё, падалі нас дваіх на эвакуацыю.

У Зайкі тады дыягнаставалі пералом косткі чэрапа і ўдар галаўнога мозгу. Гэта часта выклікала галаўны боль. Добраахвотнік расказвае, што часам яна магла не адступаць тыдзень.

Пра некаторыя аперацыі Зайка ўспамінае нават з захапленнем. «Класным» ён называе штурм вёскі ў Запарожскай вобласці: хоць тады выканаць задачу не ўдалося, але давялося ўпершыню заскочыць у траншэю ворага.

— Я быў у першай групе штурму. Па нас працавала ўсё, што было на сектарах, — гэта і «бэха», і мінамёт, і АГС, ну, і, вядома, «стралкоўка» (стралковая зброя. — Заўв. рэд.). На пазіцыю зайсці не атрымлівалася, і нам давялося адкаціцца. Некаторых хлопцаў параніла, некаторых моцна кантузіла. Са мной было ўсё ў парадку, але давялося чакаць іншай групы. Вось з іх камандзірам мы нават змаглі заскочыць у траншэі, якія вялі да варожых акопаў. Але сувязь была дрэнная: маскалі яе глушаць, у іх вельмі добрыя РЭБы. І нам не ўдалося задачу выканаць: сказалі адступаць. Ужо потым мы даведаліся, што, калі б мы ўсё ж зайшлі на тую пазіцыю, мы б рускіх узялі. Проста, на жаль, частка людзей не змагла дайсці — параненыя і група прыкрыцця, якая не мусіць заходзіць на пазіцыю падчас штурму, а ў нас жа ўсё як па падручніку.

— Тады, дарэчы, адказным за гэтую задачу быў мой пабрацім Борт — ён ужо загінуў. Тады Борт афігенна ўсё прапрацаваў і сам выязджаў нам на дапамогу, з браўнінга (кулямёт. — Заўв. рэд.) па маскалях насыпаў, вельмі прыкольна, а ты толькі глядзіш, як пралятаюць такія здаровыя кулі… Калі я ішоў на той штурм, вельмі страшна было.

Фото: t.me/terrorbel
Батальён «Тэрор» у Херсонскай вобласці, Борт — крайні справа. 11 лістапада 2022 года. Фота: t.me/terrorbel

«Я часта ўспамінаю, як мы гулялі з дзецьмі ў парках»

Зайка не ведае, ці вернецца ў Беларусь. Калі гэта адбудзецца, то дакладна не найбліжэйшым часам. Як і іншыя добраахвотнікі і палітычныя эмігранты, ён чакае, калі ў краіне зменіцца ўлада. А яшчэ, не хавае, хацелася б паездзіць па свеце.

— Хочацца ўбачыць іншыя краіны — Ісландыю, Амерыку, Нарвегію, Польшчу тую ж. У некаторых краінах Еўропы я ўжо быў, там класна. Цікава ў свеце пабываць, тут і там пажыць, ведаеце, месяц-тры, — кажа ён. — А ва Украіне мне вельмі падабаюцца Карпаты, асабліва гуцульская частка. Я быў у Букавелі, хадзіў пешшу на гару Сіняк, два разы падымаўся за тыдзень. У тым рэгіёне Украіны афігенная культура, мне там больш за ўсё падабаецца.

— Ёсць нейкія беларускія прадукты, па якіх вы сумуеце? — пытае журналіст.

— Наогул, неяк не, але сумую па драніках. Яны ва Украіне ёсць, і нам сустракаліся такія, якія правільна гатуюць, усё кашэрна, так бы мовіць. Але неяк сустрэў — напісана «деруни», а прыносяць нейкія шарыкі з бульбы. Ну як так, бл*ха?! Яны ж мусяць быць тонкія, маленькія, храбусцець у роце, калі толькі прыгатаваныя. А, дарэчы, яшчэ сумую па беларускім халадніку — гэта з бурака халодны суп. У ім яйка, агуркі маладыя — проста афігенна! А тут, я бачу, рэцэпты іншыя. Страва такая афігенная — асабліва летам, — і адразу прахалодна робіцца, і смачна. Шчаўевы суп у вас таксама ёсць. Там, дзе я рос, гатавалі нават шчаўевы халаднік. Я яго ў дзяцінстве не вельмі любіў, але потым мне спадабаўся. Вось яго не хапае. Калі дранікі я ва Украіне магу знайсці, то халаднік, асабліва шчаўевы, — не. Вось па гэтым сумую. А так, нейкія прадукты заводскія — не.

У адказ на пытанне, ці даводзілася яму плакаць праз штосьці за гэты час, Зайка прызнаецца, што вельмі сумуе па дзецях.

— Асабліва спачатку. Цяпер ужо неяк прывык, проста жыву гэтым жыццём, разумею, што і чаму раблю. Адразу было цяжкавата, бо я з імі ўвесь час быў, а тут без іх, і… як яны без мяне? Потым разумееш, што ўсё там нармальна, хвалявацца няма праз што. Я часта ўспамінаю, як мы гулялі з дзецьмі ў парках, калі з’ехалі з Беларусі. І гэтыя моманты, калі я чытаў ім нешта, расказваў, а потым клаў спаць, — яны проста неперадавальныя.

Чытайце таксама