Уладзімір Пуцін упершыню выразна адказаў, на якія ўдары заходняй зброяй па тэрыторыі Расіі будзе адказваць Масква. З яго тлумачэння вынікае, што адказ будзе на ўдары дальнабойнымі заходнімі сістэмамі ATACAMS і Storm Shadow. Гэта першая рэакцыя расійскага прэзідэнта на дазвол, які заходнія краіны далі на ўдары сваёй зброяй па тэрыторыі Расіі, піша «Агентство».
— Першае — мы, вядома, будзем удасканальваць свае сістэмы СПА. Будзем знішчаць [заходнюю зброю]. Другое — мы думаем пра тое, што калі хтосьці лічыць магчымым пастаўляць такую зброю ў зону баявых дзеянняў для нанясення ўдару па нашай тэрыторыі і стварэння праблем для нас, то чаму ў нас няма права пастаўляць зброю ў тыя рэгіёны свету, дзе будуць наносіцца адчувальныя ўдары па аб’ектах тых краін, якія робяць гэта ў дачыненні да Расіі. То-бок адказ можа быць асіметрычным, мы над гэтым падумаем, — сказаў Уладзімір Пуцін.
Ён таксама дадаў, што «такія дзеянні будуць канчаткова разбураць міжнародныя адносіны і падрываць міжнародную бяспеку».
— Калі мы бачым, што гэтыя краіны ўцягваюцца ў вайну супраць нас, а гэта і ёсць іх непасрэдны ўдзел у вайне супраць РФ, то мы пакідаем за сабой права дзейнічаць аналагічным чынам. Гэта шлях да вельмі сур’ёзных праблем, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Да гэтага Пуцін казаў, што еўрапейскім краінам варта памятаць, што ў іх вялікая шчыльнасць насельніцтва, калі яны прымаюць рашэнне, ці даваць дазвол на выкарыстанне заходніх ракет унутры міжнародна прызнаных расійскіх межаў.
Аднак калі ЗША далі дазвол, расійскія ўлады гэтага практычна не заўважылі.
Словы Пуціна значаць, што Расія выставіла новыя «чырвоныя лініі» — выкарыстанне дальнабойных ракетных сістэм. Пакуль ЗША не давалі дазволу на выкарыстанне ATACMS.