У ноч на 29 сакавіка Расія зноў атакавала энергетычныя аб’екты Украіны. Пашкоджаныя цепла- і гідраэлектрастанцыі ў цэнтральнай і заходняй частцы краіны, паведамляе «Укрэнерга».
Удар быў нанесены па Днепрапятроўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Івана-Франкоўскай абласцях, паведаміў міністр энергетыкі Герман Галушчанка.
«На Днепрапятроўшчыне задзейнічаныя аварыйныя адключэнні, на Харкаўшчыне — графікі пагадзінных адключэнняў», — інфармуе «Укрэнерга».
ДТЭК паведамляе пра сур’ёзнае пашкоджанне абсталявання на трох ЦЭЦ кампаніі.
На Днепрапятроўшчыне пашкоджаныя некалькі энергетычных аб’ектаў у Дняпроўскім, Крыварожскім і Каменскім раёнах. На адным з іх пацярпеў мужчына. У Каменскім раёне пад удар таксама трапіў дачны кааператыў — пяцёра параненых, у тым ліку 5-гадовая дзяўчынка. Дзіця ў бальніцы, таксама шпіталізаваныя двое мужчын, адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане.
«Ёсць удакладненая інфармацыя ад нашых абаронцаў неба. Усяго цягам ночы і пад раніцу яны знішчылі над вобласцю 24 паветраныя цэлі. Па 12 ракет і беспілотнікаў», — расказаў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак.
Усяго для нанясення ўдару расійская армія выкарыстала 99 сродкаў паветранай атакі, у тым ліку 60 ударных БПЛА тыпу Shahed-136/131, балістычныя ракеты «Кінжал» і «Іскандэр-М», авіяцыйныя ракеты Х-59, крылатыя ракеты «Іскандэр-К» і Х-101/Х-555.
СПА знішчыла 84 паветраныя цэлі.
Гэта другая маштабная расійская атака на энергасістэму Украіны. 22 сакавіка пад удар трапілі Запарожжа, Хмяльніцкая і Адэская вобласці, Днепрапятроўшчына, Палтаўшчына, Мікалаеўшчына, Вінніцкая, Львоўская і Івана-Франкоўская вобласці.
Падчас гэтай атакі расіяне ўдарылі па дамбе ДнепраГЭС. Пасля двух прамых траплянняў найбуйнейшая гідраэлектрастанцыя Украіны спыніла працу.