У метро Варшавы на вялікіх рэкламных экранах з’явіліся тэксты пра рэпрэсіі ў Беларусі, паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС).
«Пакінуў каментар у Facebook? У Польшчы твой каментар — гэта ўнёсак у дыскусію. У Беларусі ты можаш трапіць у турму», — паведамляецца на адным з экранаў.
«У Польшчы вашыя дабрачынныя ахвяраванні — гэта дапамога тым, хто мае ў іх патрэбу. У Беларусі гэта падстава завесці крымінальную справу», — абвяшчае тэкст ля фатаграфіі палітвязня Андрэя Савінскага, асуджанага ў Беларусі на пяць гадоў пазбаўлення волі за данат на 50 даляраў.
На яшчэ адным экране — інфармацыя пра рэпрэсіі ў дачыненні да польскіх школ: «Вывучэнне замежнай мовы ў Польшчы — гэта тваё развіццё. У Беларусі закрылі дзесяць школ і курсаў польскай мовы».
Акрамя таго, на рэкламных экранах з’явілася фота асуджанага на восем гадоў журналіста Анджэя Пачобута, які з 25 сакавіка 2021 года знаходзіцца за кратамі ў Беларусі. Таксама на іх згаданы былы гродзенскі выратавальнік Аляксандр Курганскі, якога асудзілі на 1,5 года калоніі за лайк пад каментаром па «справе Зельцэра».
«Такім чынам улады польскай сталіцы выказалі салідарнасць з беларускім народам і нагадалі жыхарам горада пра рэпрэсіі ў Беларусі», — піша ЦБС.
Чытайце таксама