У сталіцы Польшчы 1 кастрычніка прайшоў перадвыбарчы мітынг, арганізаваны мясцовымі апазіцыйнымі палітыкамі. Паводле заяваў саміх арганізатараў, а таксама гарадскіх уладаў, у мерапрыемстве пад назвай «Марш мільёна сэрцаў» сапраўды паўдзельнічала больш за мільён чалавек (усяго ў горадзе жыве каля 1,9 млн). Іншыя ацэнкі трохі сціплейшыя, але ўсё роўна значныя — паводле падлікаў партала Onet, на піку колькасць удзельнікаў дасягала 600−800 тысяч.
Мерапрыемства пачалося, а 12-й гадзіне і доўжылася да 15-й, яго ўдзельнікі прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Варшавы. У канчатковым пункце маршу перад прысутнымі выступіў лідар апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Дональд Туск.
«Хачу вам сказаць, што нас больш за мільён, — заявіў ён і дадаў, што людзі бяруць удзел у „сапраўды выключнай падзеі“. — Рэч не ў рэкордах Гінеса, не ў тым, што гэта самая буйная палітычная маніфестацыя ў гісторыі Польшчы, не ў тым, што цяпер гэта самы вялікі палітычны сход у свеце».
Туск заклікаў тых, хто яшчэ не вызначыўся, прыйсці на выбары і прагаласаваць «для будучых пакаленняў», а таксама паабяцаў, што адразу пасля выбараў скончыцца «польска-польская вайна». «Бо калі агрэсар выгнаны, больш няма за што біцца», — сказаў палітык. Таксама ён заявіў, што шматлікі марш — знак «вялікага польскага адраджэння».
«Больш за мільён бела-чырвоных сэрцаў у Варшаве», — напісаў Туск у сэрвісе X (экс-Twitter). А прэс-сакратар муніцыпальных уладаў дадала, што гэта самая буйная дэманстрацыя ў гісторыі горада, і таксама назвала лічбу ў мільён удзельнікаў.
Праўда, паводле падлікаў партала Onet, лічба атрымалася трохі меншай. На піку калона дэманстрантаў расцягнулася на 4,5 кіламетра і займала каля 350 тысяч квадратных метраў плошчы — гэта дазваляла ацаніць колькасць удзельнікаў на 600−800 тысяч.
У той жа час у іншым буйным горадзе Польшчы, Катавіцэ, сваё перадвыбарчае мерапрыемства правяла кіроўная партыя «Права і справядлівасць». Яе лідар Яраслаў Качыньскі заявіў, што ў маршы ў Варшаве ўдзельнічае ўсяго 60 тысяч чалавек — гэта лічба, якую ў самым пачатку мерапрыемства апублікавалі дзяржаўныя СМІ. Іншыя прыхільнікі «ПіС» таксама аспрэчвалі колькасць удзельнікаў варшаўскага маршу ў сацыяльных сетках. Мерапрыемства ў Катавіцэ таксама пачалося з паказу крытычнага фільма пра польскую апазіцыю.
У Польшчы праз два тыдні, 15 кастрычніка, пройдуць чарговыя парламенцкія выбары, на іх абяруць дэпутатаў Сейма і Сената. Паралельна адбудзецца ўсенародны рэферэндум. Фаварытам лічыцца партыя «Права і справядлівасць», што кіруе ў краіне з 2015 года: сацапытанні паказваюць, што за яе гатовыя прагаласаваць каля 35% грамадзян. Другое месца, імаверна, дастанецца апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» (у яе ўваходзіць і «Грамадзянская платформа» Туска) — 27%. Аднак пакуль незразумела, ці атрымаецца ў «ПіС» захаваць уладу: паводле некаторых апытанняў, яна зможа атрымаць большасць у Сейме, аб’яднаўшыся з ультраправай «Канфедэрацыяй свабоды і незалежнасці», паводле іншых — большасць атрымае «Грамадзянская кааліцыя» разам з партыямі «Трэцяя дарога» і «Левыя».
«Права і справядлівасць» выйграла выбары ў 2015 годзе і ўпершыню ў посткамуністычнай гісторыі краіны сфармавала аднапартыйны ўрад. У тым жа годзе прэзідэнтам краіны стаў чалец «ПіС» Анджэй Дуда. Потым партыя разграміла канкурэнтаў на мясцовых выбарах 2018 года. Аднак апошнім часам партыя, відаць, страчвае падтрымку часткі выбаршчыкаў. Крытыцы падвяргаецца сувязь «ПіС» з Касцёлам, абмежаванне правоў жанчын (напрыклад, забарона абортаў), а таксама еўраскептыцызм.
Чытайце таксама


