Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў дэкрэт, якім скасаваў літоўскае грамадзянства, нададзенае фігурыстцы Маргарыце Драбязка ў парадку выключэння, піша Delfi.
«Так, прэзідэнт сёння падпісаў дэкрэт», — пацвердзіў дарадца прэзідэнта Рыдас Ясюленіс. Учора, 14 верасня, Камісія па пытаннях грамадзянства рэкамендавала Наўседу пазбавіць Драбязка грамадзянства.
Маргарыта Драбязка нарадзілася ў 1971 годзе ў Маскве, дзіцячыя гады правяла ў Анадыры і Магадане. Пасля вяртання сям'і ў Маскву пачала займацца жаночым адзіночным катаннем, потым перайшла ў танцы на лёдзе, дзе яе партнёрам стаў Павілас Ванагас. Пасля распаду СССР яны прынялі рашэнне прадстаўляць Літву.
Нагадаем, у жніўні 2022 года Наўседа пазбавіў фігурыстаў Маргарыту Драбязка і Павіласа Ванагаса рыцарскіх крыжоў ордэна Гедыміна, атрыманых у 2000 годзе. Гэтае рашэнне было прынятае праз тое, што спартоўцы ўдзельнічалі ў шоу Таццяны Наўкі (жонка прэс-сакратара прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Пяскова). Паказ «Лебядзінае возера» праходзіў у Сочы.