Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. В России «обидели» беларусское предприятие, которое поставляет в эту страну военную оптику. Идут судебные разборки, их «засекретили»
  2. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  3. Папа Франциск: латиноамериканец, изменивший Рим и Католическую церковь
  4. Лукашенко потребовал поставить на место чиновников в Витебской области. Глава региона будет «не на ногах ходить», а «на руках или голове»
  5. Сколько зарабатывает компания Баскова на созданном под Лукашенко бренде одежды. Похоже, она получает налоговые «плюшки» — подробности
  6. Администрация Трампа выдвинула Киеву условия для завершения войны, включая признание Крыма российским и отказ от НАТО — WSJ
  7. «Больше всего на Гомельщине». После взлома «Гаюна» прошло более двух месяцев: что известно о связанных с этим задержаниях
  8. «Роман делает даже немного больше, чем требовалось». Интервью со Степаном Путило о списке Forbes, Протасевиче и будущем протеста
  9. Умер папа Франциск
  10. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  11. Как Кремль манипулирует темой Великой Отечественной, чтобы оправдать вторжение в Украину и создать условия для будущей агрессии против ЕС
  12. Невероятное снижение доллара: опустится ли курс ниже 3 рублей? Прогноз по валютам
  13. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  14. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  15. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
Читать по-русски


У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што «найбольш актыўныя спробы наступальных дзеянняў» падраздзяленні УСУ рабілі на Паўднёва-Данецкім і Данецкім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі пра няўдалыя спробы наступу расійскіх войскаў у кірунку Арэхава-Васільеўкі на Бахмуцкім напрамку. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны не выключаюць, што ўкраінскія войскі могуць прыпыніць контрнаступальныя дзеянні, каб перагледзець сваю тактыку.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 481-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: Пабілі два пункты кіравання праціўніка

Мінулай ноччу Расія нанесла чарговы ўдар ракетамі і іранскімі дронамі Shahed па Украіне. Таксама за мінулыя суткі праціўнік нанёс 59 авіяцыйных удараў і правёў больш за 100 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва, пашкоджаныя аб’екты крытычнай інфраструктуры, больш за 20 жылых дамоў і школа. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

— Расійскія войскі па-ранейшаму канцэнтруюць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — цягам дня тут адбыліся 24 баявыя сутыкненні.

— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі за суткі нанеслі авіяўдары па трох населеных пунктах Харкаўскай вобласці. З мінамётаў і артылерыі абстралялі 40 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.

— На Купянскім напрамку расійскія сілы вялі наступальныя дзеянні ў кірунку Навасёлаўскага Луганскай вобласці, поспеху не мелі. Нанеслі авіяўдар па Кіслоўцы Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся восем населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.

— На Ліманскім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць у кірунку Спірнага, поспеху не мелі. Нанеслі авіяўдары па населеных пунктах Белагораўка Луганскай вобласці і Азёрнае Данецкай вобласці. Абстралялі сем населеных пунктаў у гэтых абласцях.

— На Бахмуцкім напрамку праціўнік праводзіў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку Арэхава-Васільеўкі. Нанёс авіяцыйныя ўдары па чатырох населеных пунктах, з артылерыі абстраляў 11 населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Аўдзееўскім напрамку авіяцыйны ўдар армія РФ нанесла каля горада Аўдзееўка, абстраляла раёны 11 населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі ўсе атакі праціўніка ў раёне горада Мар'інка. Расійскія войскі нанеслі па горадзе авіяцыйны ўдар. З артылерыі акрамя Мар'інкі абстралялі яшчэ шэсць населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Шахцёрскім напрамку праціўнік спрабаваў наступаць у напрамках Новаміхайлаўкі і Вуглядара Данецкай вобласці, але поспеху не меў. Нанёс авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў, абстраляў — дзевяць.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах шасці населеных пунктаў, з артылерыі абстралялі 29 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей і горада Ачакаў Мікалаеўскай вобласці.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 10 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка, падбіла зенітна-ракетны комплекс.

— Знішчаныя верталёт Ка-52, тры іранскія ўдарныя БПЛА тыпу Shahed і сем разведвальных беспілотнікаў.

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі два пункты кіравання, чатыры зенітна-ракетныя комплексы, два раёны канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў і два склады боепрыпасаў.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Мінабароны Расіі: Збілі верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны

«Сёння ноччу Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі нанеслі групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці марскога базавання па месцах захоўвання ваеннай тэхнікі замежнай вытворчасці. Усе прызначаныя аб’екты пабітыя. Мэта ўдару дасягнутая», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.

— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход», авіяцыя і артылерыя на Урэмеўскім выступе цягам сутак адбілі тры атакі зводных падраздзяленняў УСУ. Знішчаны адзін танк, 12 баявых браніраваных машын, а таксама баявая машына разгароджвання. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Малая Такмачка Запарожскай вобласці адбітыя дзве атакі УСУ, падчас якіх падбітыя два танкі, 10 баявых машын пяхоты і дзве баявыя браніраваныя машыны.

Агульныя страты УСУ на гэтым напрамку за суткі склалі больш за 100 вайскоўцаў, тры танкі, 10 баявых машын пяхоты, 14 баявых браніраваных машын, чатыры аўтамабілі, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік», а таксама гаўбіцы Д-20, «Мста-Б» і Д-30.

— На Данецкім напрамку Паўднёвай групоўкай войскаў адбітыя чатыры атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Першамайскае, Пятроўскае і Стараміхайлаўка Данецкай вобласці. У выніку баёў страты УСУ склалі больш за 340 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, пяць аўтамабіляў, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab польскай вытворчасці, а таксама гаўбіцы Д-20 і «Мста-Б». У раёне населенага пункта Іванаўскае самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі знішчаны склад боепрыпасаў 5-й штурмавой брыгады УСУ.

— На Купянскім напрамку ў раёне населенага пункта Цімкаўка Харкаўскай вобласці ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і дзеяннямі падраздзяленняў Заходняй групоўкі войскаў спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп. Агульныя страты УСУ на гэтым напрамку за суткі склалі да 45 вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Кузьміно, Макееўка Луганскай вобласці, а таксама ў Серабранскім лясніцтве. У раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка Данецкай вобласці, Чырвоная Дзіброва і Крамянная Луганскай вобласці спыненая дзейнасць трох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.

За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 105 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік», а таксама гаўбіцы Д-20 і д-30.

— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння цягам сутак знішчаныя больш за 40 украінскіх вайскоўцаў, чатыры аўтамабілі, а таксама артылерыйская сістэма М777.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 93 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 102 раёнах. У раёне горада Запарожжа пабітыя два артылерыйскія склады: 1513-й артылерыйскай базы боепрыпасаў УСУ і 65-й механізаванай брыгады.

СПА ў раёне горада Арэхаў Запарожскай вобласці збіла верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны. Перахопленыя пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 14 беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: У арміі РФ па-ранейшаму сур’ёзныя праблемы з маральным духам

18 чэрвеня ўкраінскія войскі працягвалі контрнаступальныя дзеянні як мінімум на чатырох участках фронту і дамагліся абмежаваных тэрытарыяльных поспехаў. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны.

— Мяркуючы па кадрах з геалакацыяй, украінскія сілы прасунуліся ў межах 30 км на поўдзень ад Крамянной.

— Начальнік Аўдзееўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Віталь Барабаш паведаміў, што за апошнія два тыдні ўкраінскія сілы прасунуліся больш чым на кіламетр на поўнач ад Аўдзееўкі на лініі фронту ў Данецку.

Расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы вялі контрнаступальныя аперацыі на поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход ад Вялікай Навасёлкі на адміністрацыйнай мяжы паміж заходняй часткай Данецкай і усходняй — Запарожскай абласцей і дамагліся лакальных поспехаў.

— Кадры з геалакацыяй сведчаць, што ўкраінскія сілы ўвайшлі ў заходнюю частку населенага пункта Пяціхаткі (41 км на паўднёвы ўсход ад Запарожжа).

Прэс-сакратар украінскай Таўрычаскай групы войскаў Валерый Шэршань заявіў, што расійскія сілы працягваюць контратакаваць на захадзе Данецкай і Запарожскай абласцей і што ва ўкраінскіх сіл «шмат працы».

Пры гэтым эксперты адзначаюць, што УСУ могуць прыпыніць контрнаступальныя аперацыі, каб перагледзець сваю тактыку для будучых аперацый. Начальнік разведвальнага цэнтра Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Марга Гросберг заявіў 16 чэрвеня, што, паводле яго ацэнкі, «мы не ўбачым наступу ў найбліжэйшыя сем дзён». The Wall Street Journal таксама паведаміла 17 чэрвеня, што ўкраінскія сілы «ў асноўным прыпынілі свае наступы ў апошнія дні», бо ўкраінскае камандаванне пераглядае тактыку. Гэтыя паведамленні адпавядаюць нядаўнім назіранням ISW што да маштабу лакалізаваных контрудараў на поўдні і ўсходзе Украіны. Эксперты лічаць, што Украіна яшчэ не скіравала большай часткі наяўных сіл у контрнаступальныя аперацыі і яшчэ не разгарнула сваіх асноўных намаганняў. Аператыўныя паўзы — звычайная рыса буйных наступальных аперацый, і гэтая паўза не азначае заканчэння контрнаступлення Украіны, заўважаюць аналітыкі.

У ISW таксама звярнулі ўвагу на інтэрв'ю з расійскімі ваеннапалоннымі, апублікаванае The Wall Street Journal. Ваеннапалонныя, якія здаліся ў раёне Вялікай Навасёлкі на адміністрацыйнай мяжы паміж Данецкай і Запарожскай абласцямі, расказалі, што камандаванне лічыць мабілізаваных «расходным матэрыялам», каб не дапусціць уцёкаў з пазіцый, выкарыстоўвае загараджальныя атрады. Ваеннапалонныя таксама засведчылі, што расійскія войскі маюць цяжкасці з забяспечаннем і ўкамплектаваннем сваіх падраздзяленняў, у тым ліку з цяжкасцю набіраюць экіпажы для танкаў і бранятэхнікі. Усё гэта сведчыць пра нявырашаныя сур’ёзныя праблемы сярод камандавання, а таксама з маральным духам у перадавых расійскіх падраздзяленнях, робяць выснову ў Інстытуце.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на поўнач ад Сватава і на поўдзень ад Крамянной;

  • расійскія і ўкраінскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі вакол Бахмута і ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;

  • украінскія сілы працягнулі контрнаступальныя дзеянні на адміністрацыйнай мяжы паміж захадам Данецкай і ўсходам Запарожскай абласцей;

  • расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскія сілы працягвалі адбіваць украінскія контрнаступальныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці;

  • расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць надаваць прыярытэтную ўвагу лячэнню расійскіх вайскоўцаў у акупаваным Марыупалі, што, як паведамляецца, значна павялічвае ўзровень смяротнасці сярод цывільнага насельніцтва ў горадзе.