Мінулай ноччу Кіеўшчына зноў была атакаваная дронамі і ракетамі. Расія ўдарыла па Кіеве шосты раз за апошнія шэсць дзён. У Кіеўскай вобласці раненні атрымалі два чалавекі, у тым ліку 11-гадовае дзіця.
У Кіеве абышлося без ахвяраў. Як адзначыў мэр сталіцы Віталь Клічко, выклікаў выратавальных службаў і медыкаў падчас паветранай трывогі не было.
Пасля адбою трывогі ў Дарніцкім раёне сталіцы на дарозе знайшлі абломкі ракеты. Таксама ў Падольскім раёне адбылося ўзгаранне травянога насцілу ў выніку падзення абломкаў.
У Кіеўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў параненыя два чалавекі, у тым ліку дзіця.
— Дарослы шпіталізаваны ў бальніцу і праапераваны, пагрозы яго жыццю няма, — расказаў кіраўнік Кіеўскай АВА Руслан Краўчанка.
Паводле яго словаў, у вобласці ў выніку атакі былі пашкоджаныя пяць прыватных жылых дамоў. У двух дамах успыхнулі пажары, яны ліквідаваныя. Абломкі пашкодзілі некалькі аўтамабіляў, а таксама вокны ў адным з офісных памяшканняў.
Паводле звестак камандавання Паветраных сіл Украіны, Расія атакавала горад і вобласць спачатку іранскімі дронамі Shahed-136/131, затым — крылатымі ракетамі Х-101/Х-555.
— Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Паветраных сіл, ва ўзаемадзеянні з СПА Сіл абароны Украіны, усе 15 крылатых ракет і 21 ударны дрон знішчаныя!
За апошнія шэсць дзён гэта ўжо шостая атака на Кіеў. У траўні па ўкраінскай сталіцы Расія наносіла ўдары 18 разоў. У ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня Кіеўшчына была атакаваная ракетамі «Іскандэр». Загінулі тры чалавекі, у тым ліку 10-гадовае дзіця, раненні атрымалі 10 чалавек, уключаючы дзіця.
30 траўня горад і вобласць былі масава атакаваныя дронамі. Загінуў адзін чалавек, яшчэ дзевяць атрымалі раненні.