У гэтым месяцы расійскія Паветрана-касмічныя сілы (ПКС), падобна, страцілі ўжо два самалёты Су-35. Гэта самы сучасны знішчальнік РФ, аналагаў якому ва ўкраінскага боку пакуль няма. З пачатку вайны авіяцыя Расіі амаль не страчвала такіх машын — але, падобна, абодва борты былі збітыя ўкраінскай СПА. Расказваем, у чым асаблівасці Су-35 і пра што можа сведчыць тое, што яны пачалі падаць.
Што здарылася
13 траўня ў Бранскай вобласці Расіі ўпала, мяркуючы з усяго, адразу чатыры ці пяць бартоў: знішчальнік Су-35 (поўная яго назва пішацца як «Су-35С», але літара «С» значыць усяго толькі «серыйны», так што яе часта не выкарыстоўваюць), знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-34 і два ці тры верталёты. Мы раней пісалі, што збіць іх магла альбо ўласная СПА, альбо ўкраінскія зенітныя комплексы (расійскае выданне «Коммерсантъ» дапусціла, што авіягрупа «трапіла ў авіязасаду», то-бок, імаверна, была збітая ўкраінскай авіяцыяй).
Ні расійскі, ні ўкраінскі бакі знішчэння самалётаў сваімі ЗРК не пацвярджалі. Толькі 24 траўня прарасійскі блогер, звязаны з ПКС РФ, напісаў пост, у якім расказаў, што ўсе чатыры барты былі збітыя з тэрыторыі Украіны зенітна-ракетным комплексам Patriot. Паводле яго, 11 чалавек загінулі. Афіцыйных пацверджанняў з боку расійскіх вайскоўцаў не было.
22 траўня на старонцы Камандавання Паветраных сіл Украіны ў Facebook з’явілася інфармацыя пра тое, што над Чорным морам быў збіты яшчэ адзін знішчальнік Су-35.
Самалёт упаў увечары 21 траўня, і пра яго знішчэнне паспеў расказаць у сацсетках кіраўнік Сіл абароны Херсона, але пазней ён выдаліў пост. У іншых каналах паведамлялася, што борт нібыта збілі, калі ён наносіў удар кіравальнымі авіябомбамі. З расійскага боку адрэагаваў той жа авіяцыйны блогер, фактычна прызнаўшы страту самалёта.
Такім чынам, вельмі імаверна, што менш чым за два тыдні ПКС РФ страцілі два найлепшыя свае самалёты. Пры гэтым раней Су-35 амаль не гінулі: паводле аўтарытэтнага блога пра ваенныя страты Oryx, на цяперашні момант з пачатку вайны пацверджаная гібель толькі чатырох такіх самалётаў (то-бок да траўня 2023 года іх было ўсяго два).
Што за самалёт Су-35 і што ў ім асаблівага
Як практычна ўсе сучасныя баявыя самалёты, якія будуюцца ў Расіі, Су-35 — мадэрнізацыя савецкага знішчальніка Су-27, аднаго з вельмі ўдалых самалётаў чацвёртага пакалення. Хоць «сушка» мела шматлікія вартасці, яна была чыстым знішчальнікам — то-бок магла змагацца толькі з паветранымі цэлямі, а бамбіць наземныя аб’екты практычна не ўмела.
Праўда, яшчэ ў СССР, пад заслону яго існавання, заклапаціліся павышэннем ударных магчымасцяў самалёта і пачалі мадэрнізаваць Су-27. Машыну абсталявалі, у прыватнасці, новымі рухавікамі і радарамі. Мадэрнізацыя, што цікава, называлася Су-35, хоць аналагам цяперашніх «трыццаць пятых» не была.
Аднак развал Саюза і рэзкае скарачэнне фінансавання ваенных распрацовак прывялі да таго, што такіх Су-35 вырабілі каля дзясятка, і праект быў паўзабыты. Нейкі час у Расіі спрабавалі абысціся замест новых самалётаў пераробкамі звычайных Су-27 і нават зрабілі некалькі дзясяткаў штук. Аднак машына аказалася недастаткова дасканалай, і цяпер асобнікі, што засталіся, часам патрулююць неба над Крымам, а ў вайне актыўнага ўдзелу не бяруць.
Сітуацыя змянілася толькі ў другой палове нулявых гадоў — звышпрыбыткі ад нафты далі кіраўніцтву Расіі магчымасць фінансаваць ваенна-прамысловы комплекс значна лепш, чым раней. У 2005 годзе было прынятае рашэнне вярнуцца да праграмы стварэння Су-35, але нашмат больш дасканалага, чым ранейшы. У 2008-м першы эксперыментальны самалёт падняўся ў паветра, а ўжо ў 2009-м быў падпісаны кантракт на пастаўку ў ПКС Расіі 48 серыйных машын Су-35С.
Новы самалёт стаў галоўным шматмэтавым знішчальнікам РФ разам з мадэллю Су-30СМ (апошні першапачаткова распрацоўваўся для Індыі, але ў трохі змененым выглядзе паступіў у дзясятых гадах на ўзбраенне Расіі, а потым і Беларусі). Абодва адносяць да пакалення «4++» (а знішчальнікі пятага пакалення Су-57 у расійскай авіяцыі прысутнічаюць у адзінкавых экзэмплярах).
Адной з асноўных асаблівасцяў Су-35 лічацца рухавікі з так званым кіравальным вектарам цягі (соплы, што выкідваюць у паветра рэактыўны струмень, які і штурхае машыну, могуць адхіляцца на некалькі градусаў — іх выкарыстанне робіць самалёт вельмі манеўраным і дазваляе выконваць складаныя фігуры пілатажу).
Сярод іншых важных абнаўленняў — радыёлакацыйная сістэма (РЛС), бартавая электроніка і ўзбраенне. Пілот УСУ з пазыўным Джус расказваў, што галоўныя перавагі Су-35 — магутны бартавы радар і новыя ракеты.
На расійскія знішчальнікі ставіцца радыёлакацыйная станцыя «Ірбіс» з пасіўнымі фазаванымі кратамі або ПФАР (гэта прасунутая тэхналогія, якая дазваляе заўважаць цэлі на далёкасці сотняў кіламетраў). Супраць іншых самалётаў Су-35 дзейнічае дальнабойнымі ракетамі Р-77 з далёкасцю пуску каля 80 кіламетраў. Іх асаблівасць — актыўная галоўка саманавядзення, то-бок уласны невялікі радар. Калі ранейшыя сістэмы патрабавалі ўвесь час палёту ракеты падсвятляць варожы самалёт радарам свайго знішчальніка (інакш снарад страціць цэль), то Р-77 апошнія 20 кіламетраў ляціць і шукае непрыяцельскую машыну сама. Спалучэнне далёкага выяўлення і такіх ракет робіць паветраныя баі з Су-35 вельмі небяспечнымі.
Цікава, што першапачаткова Р-77 стваралася як адказ аналагічнай ракеце ЗША «паветра-паветра» AMRAAM, і на Захадзе яе часам іранічна называюць «Amraamski». Менавіта зенітную версію AMRAAM выкарыстоўваюць у якасці асноўнага боепрыпасу пастаўленыя УСУ нарвежска-амерыканскія комплексы СПА NASAMS. Яны ж, хутчэй за ўсё, будуць падвешвацца і пад крыламі самалётаў F-16, калі іх паставяць Украіне.
Зрэшты, нягледзячы на тое, што Су-35 у першую чаргу заточаны пад паветраны бой, ён можа несці на 12 пунктах падвескі і зброю для працы па наземных і марскіх цэлях: бомбы і ракеты (уключаючы супрацькарабельныя). Нядаўна машына была заўважаная нават з блокамі некіравальных авіяцыйных ракет: гэтая вельмі недакладная зброя зусім не прызначана для выкарыстання з сучасных знішчальнікаў, і невядома, хто і навошта гэта прыдумаў.
Да вайны Су-35 ніколі не правяралі ў баявых дзеяннях. Праўда, іх перакідвалі ў Сірыю, але паветраных баёў там Расія ніколі не вяла. Адзіным самалётам, знішчаным Су-35 да 24 лютага 2022 года, заставаўся расійскі ж Су-30СМ, які быў выпадкова расстраляны з гарматы.
Колькі менавіта ўкраінскіх самалётаў здолелі збіць Су-35 падчас вайны, невядома, ужо згаданы пілот Джус казаў, што такія выпадкі бывалі. Пацверджаных стратаў знішчальніка да травеньскіх падзей было, як мы ўжо пісалі, дзве. Адзін з самалётаў у момант збіцця, як расказаў вядомы ўкраінскі журналіст Юрый Бутусаў, «паляваў» на ўкраінскія сродкі СПА з дапамогай супрацьрадыёлакацыйных ракет.
Пра што сведчыць гібель расійскіх знішчальнікаў
Падобна, СПА Украіны змяніла тактыку. Калі ў папярэднія месяцы асноўнай задачай зенітна-ракетных комплексаў УСУ была барацьба з запушчанымі Расіяй іранскімі дронамі, крылатымі і балістычнымі ракетамі, то цяпер ПКС РФ страчваюць самалёты ўжо над сваёй тэрыторыяй. Магчыма, у расіян вясной гэтага года з’явіліся карэктавальныя планіравальныя бомбы. А гэта ў сваю чаргу прымусіла вайсковае кіраўніцтва паверыць, што новая высокадакладная зброя пераломіць ход вайны. Расійская авіяцыя, якая доўгі час бяздзейнічала або выкарыстоўвала экзатычныя прыёмы накшталт стральбы «з кабравання», асмялела і пачала бамбіць украінскія аб’екты амаль кожны дзень. Цалкам імаверна, што бомбы ФАБ-500 з прымайстраванымі да іх крыламі скідваюць і з Су-35 — нагадаем, гэта знішчальнік можа несці такую зброю (альбо знішчальнік прыкрывае авіягрупу, пакуль бомбы скідваюць іншыя машыны).
Можна дапусціць, што, заўважыўшы шаблонную тактыку расіян, украінцы ладзяць засады са сродкаў СПА ў раёнах меркаванага з’яўлення праціўніка. Выкарыстоўваецца для гэтага амерыканскі комплекс Patriot ці нейкая іншая сістэма (да прыкладу, SAMP/T, NASAMS ці нават савецкая С-300), невядома. Аднак заходнія сістэмы маюць дальнабойнасць звыш 100 кіламетраў, што робіць для самалётаў ПКС РФ небяспечнымі бамбардзіроўкі нават з расійскай тэрыторыі.
Паводле ўкраінскага ваеннага эксперта Рамана Світана, такая тактыка выкарыстоўваецца не ўпершыню — у каментары «Настоящему времени» ён сцвярджаў, што менавіта такім чынам у сакавіку гэтага года над горадам Енакіевам (кантралюецца самаабвешчанай ДНР) быў збіты расійскі знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-34, які скідваў бомбы на ўкраінскую Аўдзееўку. Эксперт дадаў, што для гэтага выкарыстоўваўся комплекс С-300, які зенітчыкі Нікапальскага палка падцягнулі да лініі фронту.
Калі выкладзеная вышэй версія слушная, то магчымасць ўкраінскіх сродкаў СПА знішчаць нават самыя сучасныя цэлі расіян у паветры можа прывесці да зніжэння або нават поўнага згортвання ПСК РФ бамбардзіровак памежных рэгіёнаў Украіны карэктавальнымі авіябомбамі. Калі існуе пагроза страціць дарагі самалёт, магчыма, расіяне не стануць ім рызыкаваць.
Чытайце таксама


