У Міністэрстве абароны Расіі працягваюць рапартаваць пра захоп кварталаў у Бахмуце — гэтым разам у паўночна-заходняй, цэнтральнай і паўднёва-заходняй частках горада. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што самыя жорсткія баі ідуць не толькі за Бахмут, але і за Мар'інку. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны агучылі свае версіі што да мэты паездкі Пуціна на акупаваныя тэрыторыі Херсонскай і Луганскай абласцей.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 420-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі больш за 60 атак праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі чатыры ракетныя і 60 авіяцыйных удараў, правялі 58 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. У выніку пацярпелі і цывільныя, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Асноўныя намаганні праціўнік засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі на названых участках фронту падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі больш за 60 атак. Жорсткія баі ідуць за Бахмут і Мар'інку.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках расіяне абстралялі 14 населеных пунктаў.
— На Купянскім напрамку абстрэлам падвергліся шэсць населеных пунктаў.
— На Ліманскім напрамку расіяне спрабавалі палепшыць тактычнае становішча, вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні недалёка ад населенага пункта Дзіброва. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся сем населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку працягваюцца цяжкія баі за горад Бахмут. У той жа час УСУ адбілі наступ расійскіх сіл у напрамку населенага пункта Ступачкі. Ад абстрэлаў праціўніка пацярпелі 12 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім напрамку расійскія сілы беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёнах населеных пунктаў Сцяпное, Бердзічы, Аўдзееўка, Севернае, Першамайскае і Невельскае. Абстралялі пяць населеных пунктаў.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі шматлікія атакі праціўніка ў раёне населенага пункта Мар'інка Данецкай вобласці. Абстрэлам расійскіх войскаў падвергліся чатыры населеныя пункты.
— На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць у кірунку Прачыстаўкі, поспеху не мелі. Абстралялі чатыры населеныя пункты.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік працягвае весці абарончыя дзеянні. За суткі расіяне абстралялі 11 населеных пунктаў побач з лініяй баявога судакранання. Ёсць загінулыя сярод цывільнага насельніцтва.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла 11 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і два ўдары па зенітна-ракетных комплексах расійскіх войскаў.
— Збітыя два варожыя разведвальныя БПЛА («Арлан-10» і «Суперкам»), а таксама восем ударных беспілотнікаў (сем — тыпу «Шахед-136» і адзін «Ланцэт»).
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі тры раёны канцэнтрацыі жывой сілы, станцыю радыёэлектроннай барацьбы і яшчэ адзін важны вайсковы аб’ект расійскіх сіл.
У Генштабе таксама заявілі, што на акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласці расіяне працягваюць мініраваць мясцовасць, у тым ліку акваторыі рэк Конка і Днепр. Ёсць выпадкі падрыву мясцовых жыхароў падчас спробы выйсці на ваду.
Мінабароны РФ: збілі за суткі чатыры самалёты Паветраных сіл Украіны
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Данецкай вобласці знішчылі пантонную пераправу УСУ праз раку Северскі Данец і пабілі камандна-назіральны пункт батальёна 110-й механізаванай брыгады.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае Луганскай вобласці, Катляроўка, Загаруйкоўка, Іванаўка і Першатраўневае Харкаўскай вобласці. У раёне населенага пункта Двурэчная знішчаны склад боепрыпасаў 3-й танкавай брыгады УСУ. У раёнах населеных пунктаў Сінькоўка і Арлянскае Харкаўскай вобласці спыненыя дзеянні дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 120 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама баявая машына РСЗА «Град».
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці і Грыгораўка Данецкай вобласці. Страты УСУ склалі да 75 вайскоўцаў, а таксама дзве баявыя браніраваныя машыны.
— На Данецкім напрамку штурмавымі атрадамі за суткі захопленыя тры кварталы ў паўночна-заходняй, цэнтральнай і паўднёва-заходняй частках горада Бахмут. Падраздзяленні паветрана-дэсантных войскаў блакавалі горад з паўночнай і паўднёвай ускраін. Авіяцыя, артылерыя Паўднёвай групоўкі войскаў аказвалі падтрымку дзеянням штурмавых атрадаў: авіяцыя здзейсніла чатыры вылеты, артылерыя выканала 67 агнявых задач.
У раёнах населеных пунктаў Ступачкі, Краснае Данецкай вобласці, а таксама ў паўночна-заходняй і цэнтральнай частках Бахмута спыненыя спробы УСУ контратакаваць штурмавыя атрады. У раёне населенага пункта Краснагораўка знішчаны склад боепрыпасаў 68-й механізаванай брыгады УСУ. Страты УСУ за суткі склалі да 380 вайскоўцаў, адзін танк, дзве баявыя машыны пяхоты, пяць баявых браніраваных машын, восем аўтамабіляў, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», гаўбіца Д-20, а таксама баявая машына РСЗА «Град».
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Паўлаўка Данецкай вобласці, Чырвонае, Малая Такмачка і Каменскае Запарожскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Уладзіміраўка і Няскучнае Данецкай вобласці спыненыя дзеянні дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
Страты УСУ на гэтых напрамках за суткі склалі да 120 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, два аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік» і гаўбіца Д-30, склад боепрыпасаў 126-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 98 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 133 раёнах.
Авіяцыяй ВКС Расіі за суткі збітыя чатыры самалёты Паветраных сіл Украіны:
два МіГ-29 і два Су-25. Перахопленыя чатыры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя шэсць украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Беларусь можа пачаць эканамічную падтрымку акупаванай Данецкай вобласці
Уладзімір Пуцін працягвае прадстаўляць сябе як лідара ваеннага часу ў чаканні запланаванага ўкраінскага контрнаступлення, пра гэта гаворыцца ў свежай зводцы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW) з нагоды візіту прэзідэнта РФ у акупаваныя Херсонскую і Луганскую вобласці.
У ISW звяртаюць увагу на разыходжанне ў датах што да таго, калі мог адбывацца гэты візіт, і не выключаюць, што Крэмль паведаміў пра яго 18 красавіка, каб засланіць у інфармацыйнай прасторы візіт Зяленскага ў гэты дзень у Аўдзееўку.
У Інстытуце нагадваюць, што 19 сакавіка Пуцін наведваў Марыупаль, каб палепшыць свой імідж ваеннага лідара. Гэтым разам прадстаўнікі акупацыйных уладаў і блогеры заявілі, што Пуцін сваім візітам падняў баявы дух расійскіх вайскоўцаў, якія рыхтуюцца да адбіцця ўкраінскіх контрнаступленняў. Аднак на кадрах з геалакацыяй відаць, што Пуцін знаходзіўся не менш чым за 130 км ад найбліжэйшай лініі фронту.
Візіт Пуціна, імаверна, таксама быў скіраваны на тое, каб прадэманстраваць публіцы «патэнцыйных ахвярных казлоў» перад запланаваным контрнаступленнем УСУ. Імаверна, Пуцін наўмысна вылучыў камандуючага Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі (ПДВ) генерал-палкоўніка Цяплінскага і камандуючага групай войскаў «Днепр» генерал-палкоўніка Макарэвіча як камандзіраў, якія адказваюць за поўдзень Украіны, а генерал-палкоўніка Лапіна — як камандзіра, які курыруе Луганскі напрамак, лічаць у Інстытуце.
Між тым адзін з расійскіх ваенных блогераў звярнуў увагу на тое, што ў гэтай паездцы Пуціна не суправаджалі ні міністр абароны Шайгу, ні начальнік Генштаба Герасімаў. Ён выказаў здагадку, што Цяплінскі і Лапін былі прызначаныя на свае пасады насуперак іх жаданню. Прызначэнне Цяплінскага можа таксама сведчыць пра тое, што Прыгожын, прынамсі, часткова вярнуў сабе ласку Пуціна, а той пайшоў насустрач «Вагнеру», імкнучыся атрымаць перамогу ў Бахмуце. Разам з тым, паўторна прызначыўшы Лапіна, Пуцін, магчыма, спрабуе ўраўнаважыць уплыў ПВК Вагнера. У Інстытуце нагадваюць, што раней Прыгожын і Рамзан Кадыраў правялі паспяховую кампанію па адхіленні Лапіна ад пасады камандуючага Цэнтральнай групоўкай войскаў.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- прадстаўнікі расійскага праваеннага аб’яднання «Клуб разгневаных патрыётаў» выступаюць за рэвалюцыю ў Расіі, калі Крэмль замарозіць вайну ці пачне мірныя перамовы з Украінай і Захадам;
- міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і міністр абароны Кітая Лі Шанфу сустрэліся 18 красавіка ў Маскве, каб абмеркаваць пытанні стратэгічнага партнёрства і ваеннага супрацоўніцтва;
- 18 красавіка Дзярждума Расіі ўхваліла шэраг паправак у Крымінальны кодэкс РФ, скіраваных на заахвочванне ўнутранай самацэнзуры і рэпрэсіі ў дачыненні да расійскай грамадскасці;
- у Расіі адмянілі штогадовае шэсце «Несмяротнага палка» ў гонар Дня Перамогі, імаверна, каб знізіць публічнае абмеркаванне колькасці загінулых расіян у вайне супраць Украіны;
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і на мяжы Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступаць у Бахмуце і наносілі ўдары па лініі Аўдзееўка — Данецк;
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія войскі працягваюць абарончыя падрыхтоўкі на поўдні Украіны;
- Крэмль працягвае намагацца інтэграваць проксі-фармаванні са звычайнымі расійскімі вайсковымі сіламі;
- акупацыйныя ўлады працягваюць дэпартаваць украінскіх цывільных асоб у Расію пад выглядам удзелу ў праграме па ахове здароўя і рэабілітацыі;
- Беларусь можа пачаць эканамічную падтрымку акупаванай Расіяй Данецкай вобласці шляхам «патранатнай сістэмы».