У Мінску 9 верасня пачнуць судзіць прыхільніцу Аляксандра Лукашэнкі Наталлю Мікуліч. Яе абвінавачваюць у распальванні варожасці, дыскрэдытацыі Беларусі і паклёпе, вынікае з раскладу судовых паседжанняў. Увагу на гэта звярнула «Наша Ніва».
«Гэты акаўнт падтрымлівае палітыку прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», — паведамляецца ў подпісе да Facebook-старонкі 52-гадовай абвінавачанай Наталлі Мікуліч.
У Facebook і TikTok Наталлі па 5 тысяч падпісчыкаў. Больш за пяць гадоў яна вядзе бой з педафіламі і сілавікамі, якія, на яе думку, пакрываюць педафілаў, піша «Наша Ніва».
Наталля Мікуліч родам з Вілейкі, але жыла ў Валожыне. Выйшла замуж, нарадзіла дачку. З сацсетак незразумела, дзе працавала Наталля, уся яе актыўнасць была прысвечаная тэме педафіліі.
Як высветліў праект Digital Intelligence Team, жанчына трапіла ў базу «Беспарадкі» — імаверна, за старыя рэпосты публікацый, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Хутчэй за ўсё, доступ да сваёй старонкі ў «Аднакласніках» яна страціла, таму не магла выдаліць гэтыя матэрыялы.
Апошнія гады Наталля спрабавала прыцягнуць да адказнасці зяця, які, на думку жанчыны, гвалтаваў сваю дачку — яе ўнучку.
Пасля вялікай колькасці праверак следчыя вырашылі не распачынаць крымінальную справу на зяця Наталлі, а яе наступныя скаргі эфекту не далі. Акрамя таго, у траўні 2023 года зяць жанчыны падаў супраць яе пазоў пра абарону гонару і годнасці. Судовае паседжанне скончылася на карысць зяця Наталлі.
Падчас барацьбы з зяцем Наталля пачала падкрэсліваць сваю адданасць Аляксандру Лукашэнку. Яна таксама ўступіла ў Ліберальна-дэмакратычную партыю. Кіраўніку структуры, Алегу Гайдукевічу, яна перыядычна дзякавала ў сацсетках за падтрымку, якая, праўда, невядома ў чым заключалася.
Аднак асноўным кантэнтам, які яна посціла ў сацсетках, былі звароты да грамадства і разважанні пра тое, што трэба як мага хутчэй «пакараць вінаватых». Яна ваявала не толькі з зяцем, але і пераконвала падпісчыкаў, што ўсе дзяржструктуры пакрываюць педафілаў: і школа, і дзіцячы садок, і органы апекі, і мясцовыя міліцыянты са следчымі.
14 лютага 2024 года Наталля з мужам Сяргеем схадзіла на прыём да міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова ў Валожыне. Той паабяцаў ёй вывучыць матэрыялы праверкі ў дачыненні да яе зяця. Аднак праз два месяцы жанчына знікла з сацсетак.
Падпісчыкі жанчыны не разумелі, куды яна падзелася. Адказ знайшоўся ў раскладзе судовых паседжанняў. Жанчына, імаверна, пад вартай. Яе абвінавачваюць па ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці), 369−1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 188 (Паклёп).
Першае судовае паседжанне па справе Наталлі прызначанае на 9 верасня ў Мінскім абласным судзе.