Раніцай 21 жніўня чарговы расійскі дрон-камікадзэ тыпу «Шахед» зайшоў у паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны, паведамляе праект маніторынгу вайсковай актыўнасці «Беларускі Гаюн» са спасылкай на ўкраінскія каналы.
Паводле інфармацыі ўкраінскіх тэлеграм-каналаў єРадар і monitor, каля 8.40 раніцы ў сераду адзін з дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед» зайшоў у паветраную прастору Беларусі з боку Чарнігаўскай вобласці Украіны.
Паводле папярэдніх звестак, далей беспілотнік паляцеў на захад уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы.
У ноч на сераду Кіеў зазнаў маштабную паветраную атаку.
Нагадаем, у апошнія тыдні паветраную прастору Беларусі мноства разоў парушалі расійскія беспілотнікі тыпу Shahed, якімі войска РФ атакуе Украіну. Толькі ў ліпені зафіксавалі як мінімум дзевяць выпадкаў. Часцей за ўсё гэтыя беспілотнікі заляталі ў Беларусь менавіта з украінскага боку. Аднак вядома пра гэта было толькі з паведамленняў маніторынгавай групы канала «Беларускі Гаюн» — ні Мінабароны, ні іншыя прадстаўнікі ўладаў ні разу афіцыйна не пракаментавалі з’яўленне беспілотнікаў, нават калі на іх перахоп падымалася авіяцыя і калі адзін з дронаў зваліўся і выбухнуў у Гомельскай вобласці.
Між тым 10 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра ўкраінскія дроны, якія нібыта ўварваліся ў Магілёўскую вобласць. Паводле яго, гэта адбылося ўвечары 9 жніўня. Сілы СПА былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць і знішчылі некалькі цэляў.
«Мы падазраем, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны», — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама даў указанне Міністэрству абароны ўзмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках.
Доказаў таго, што беспілотнікі былі менавіта ўкраінскімі, ні Лукашэнка, ні Мінабароны не прывялі. Старшыня камітэта Вярхоўнай рады Украіны па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Меражко ў каментары «Люстэрку» адзначыў, што заява Аляксандра Лукашэнкі «не заслугоўвае даверу».
Чытайце таксама