Дачка палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва Кацярына, затрыманая 22 красавіка, не выйшла на волю пасля ІЧУ, паведамляе MAYDAY TEAM.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Кацярына Кастусёва па заканчэнні трох сутак не выйшла з ізалятара часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама. Таксама ў магілёўскіх судах не праводзілася адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да яе. Імаверна, на жанчыну завялі крымінальную справу.
Нагадаем, 24 красавіка сілавікі апублікавалі «пакаяльнае» відэа з Кацярынай Кастусёвай, якая выкладае ў прыватнай аўташколе ў Магілёве.
На камеру жанчыну прымусілі сказаць, што ў 2020 годзе яна «аказвала спрыянне экстрэмісцкаму фарміраванню „Вясна“» і зарэгістравалася ў плане «Перамога». Адзначым, што праваабарончы цэнтр «Вясна» МУС прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» толькі ў жніўні 2023 года.
— Цяпер я скіроўваюся ў ІЧУ, — вымусілі сказаць пад запіс затрыманую.
Яе бацьку, лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва, асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі па справе пра «захоп улады» ў верасні 2022 года. 15 студзеня яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. У пачатку красавіка стала вядома, што Кастусёву зрабілі аперацыю.
Чытайце таксама