На мінулым тыдні дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марына Лянчэўская заявіла, што беларускі «ніколі не былі і ніколі не будуць феміністкамі». Такі «прагноз» яна патлумачыла нейкай ментальнасцю жанчын нашай краіны. Пры гэтым Лянчэўская назвала беларусак эмансіпаванымі, бо яны «могуць усё: працаваць з раніцы да вечара, вяртацца дадому, выхоўваць дзяцей», і заклікала браць прыклад са старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Пісьменніца Ганна Златкоўская з дэпутаткай не згодная і наглядна паказвае, чаму такое мысленне не можа прывесці да шчаслівага жыцця.
Няма такой ментальнасці, якая абавязвае быць няшчаснай. Ёсць толькі ўстаноўка на ахвярнасць, дзе ты абавязаная толькі служыць мужчыну. Яна ўбіваецца гадамі — незразумела толькі, чаму гэтую ўстаноўку прагаворваюць жанчыны, калі выгадная яна толькі не самым развітым мужчынам. Свет імкліва змяняецца, робячыся ўсё зручнейшым і практычнейшым. Жанчыны лётаюць у космас, носяць штаны, мяняюць каханкаў. І толькі ў Беларусі па-ранейшаму гарыць агонь хатняга ачага, які свята ахоўвае змардаваная гаспадыня.
Прыяцелька расказвала, як у першым шлюбе яна была вось такой «ментальнай» жонкай, рабіла літаральна ўсё. Мыла рукамі адзенне (муж не хацеў купляць пралку, шкадаваў грошай), прасавала адзенне, у тым ліку кашулі каханага, прычым прасавальнай дошкі таксама не было (муж лічыў, што ложка дастаткова). Яна гатавала, прыбірала, дагаджала, і шчасце, што дзяцей у іх не было, інакш спіс бясконцых справаў стаў бы яшчэ даўжэйшым.
Успаміны пра той шлюб змушаюць яе ўздрыгваць ад таго, наколькі ў гэтым саюзе ўсё падпарадкоўвалася жаданням мужа, а яна была для яго зручным дадаткам з мноствам функцый, не больш. Але горш за ўсё (прызналася сама прыяцелька), што яна лічыла гэта нормай. Яе так выхавалі, сяброўкі выраслі з такой жа ўстаноўкай, мужчыны, якіх яны сустракалі, таксама лічылі, што ў шлюбе ў жанчыны іншай ролі і няма.
«У маёй вёсцы ўсе так жылі. Мужыкі пілі, жанчыны працавалі, гадавалі дзяцей і мардаваліся ад хатняй працы. Іншага лёсу там не было. Убачыць тату, які гуляе з вазком на дварэ, — нонсэнс. Шчасце, калі твой муж не п’е па-чорнаму. Вось такое жыццё», — аповед, пачуты мною ад сяброўкі зусім нядаўна, хоць ад яго і патыхае сярэднявеччам. І калі б так было толькі ў вёсках! Можна было б рассыпацца сталічным снабізмам і патрабаваць адукацыі ў масы. Але ж не. Чыноўніцы — цяпер у асобе Лянчэўскай — прапіхваюць усё тыя ж архаічныя каштоўнасці.
Некаторыя мае сяброўкі скардзіліся на мужоў, якія нічога не рабілі па доме, лічачы гэта абавязкам жонкі, нягледзячы на яе працоўны графік з дзевяці да шасці. Мамы замілоўваюцца, калі тата заняўся немаўляткам, закалыхаў яго або памяняў падгузнік. Калі муж загружае бялізну ў пральную машыну, сам прасуе свае рэчы, мые падлогі ў доме, гэта ўспрымаецца як цэлы подзвіг, сяброўкі бляднеюць ад зайздрасці. Я памятаю гэтыя воклічы здзіўлення, што такія мужчыны існуюць на свеце: іх абранніцам, лічылі яны, пашанцавала. Як правіла, так кажуць паненкі, якія вымушана цягнуць лямку шлюбу, а разам з ім і ўвесь гэты побыт, дзяцей і трохі пяшчоты на ноч, калі засталіся сілы.
Нейкае замкнёнае кола, у ім без перапынку бегае вавёрка жанчына — і ўсё гэта ўхваляецца не толькі каханым мужам, але і дзяржавай. Слабавольны патрыярхат, няздольны ні на што, акрамя зарабляння грошай і прадукавання дзяцей. Сумна. Сумна, што беларуская жанчына пад усё гэта падпісваецца і яшчэ ганарыцца сваім конскім лёсам. Як у песні «Беларуская жонка», напісанай нявесткай Аляксандра Лукашэнкі.
Беларусская жена
Своим принципам верна:
Она рубит, сеет, пашет
И не жалуется даже.
И красива — загляденье,
И готовит — объеденье.
Беларусская жена —
Лучше всех других она.
Для нее на первом месте
Только ты и все, что вместе.
В доме лад, порядок, сытно,
И живешь ты добробытно.
Дзе мужчына і што робіць ён, засталося за дужкамі, бо спяваюць оду жанчыне, якой нават паскардзіцца нельга на бясконцае кручэнне кола рабства. А па-іншаму вось гэта ўсё і назваць нельга.
Сумна, што насамрэч беларускія жанчыны прыгожыя. Яны сапраўды і аруць, і сеюць, і нараджаюць, і гадуюць дзяцей, і любяць сваіх інфантыльных мужчын, не здольных выйсці за рамкі састарэлых каштоўнасцяў, дзе роўнасць успрымаецца адзіна дакладнай нармальнасцю, і няма ніякай розніцы, хто мые падлогі, хто вешае паліцу ў лазенцы, а хто ўкладвае спаць дзіця.
Неяк у стужцы Facebook мне трапіўся адзін індывід, які ледзь не капслокам даказваў, што жанчыны шчаслівыя толькі калі займаюцца выключна жаночымі справамі (прыборка, гатаванне і далей па спісе), а тыя, хто настойвае на роўнасці і — о, гэтае жудаснае слова — «фемінізме», — проста «нешчаслівыя бабы», у якіх, вядома, ніколі не будзе «нармальнага мужыка».
І ніяк не атрымлівалася яму паказаць іншую карціну, дзе жанчыны шчаслівыя менавіта без такіх мужчын, і шчаслівыя менавіта з тымі, каму не трэба прасаваць штаны на ложку. Інакш, шчыра кажучы, не вельмі зразумела, навошта наогул такія адносіны. У пазамінулым стагоддзі засталіся комплексы незамужніх жанчын, сёння для сэксу пячатка ў пашпарце неабавязковая. Мужчыны, якія лічаць прыборку і пранне ніжэйшымі за сваю годнасць, паводле маіх назіранняў, нудныя, асэксуальныя і закамплексаваныя. Сёння ў модзе іншы шарм — самастойнасць і клопат, а не брутальнасць канапнага байца з півам у руцэ.
Хочацца верыць, што аднойчы ў нашай краіне ўстаноўкі пра усёмагутную жанчыну-служанку зменяцца на паняцці самасці і годнасці. Жанчыны не будуць выбіраць ролю ахвяры і абслугоўвальнага персаналу для сваіх мужоў. А мужчыны перастануць быць хлопчыкамі, якіх трэба карміць і даглядаць, усё ж з дзіцячых штонікаў трэба вырастаць. І адзінай ментальнасцю беларусак, якую будуць агучваць чыноўніцы, стане спалучэнне сілы, пяшчоты і самапавагі.
Як вы разумееце, самапавага — гэта зусім іншая гісторыя, у сюжэце якой няма такіх паняццяў, як працаваць з раніцы да вечара, а потым яшчэ займацца дзецьмі і гаспадаркай.
Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.
Беларуская прапаганда транслюе літаральна сярэднявечныя каштоўнасці. Ёй можна і трэба адказваць. «Люстэрка» дае магчымасць выказацца як звычайным людзям, так і вядомым экспертам і калумністам. Для нас важна, каб вы чулі розныя меркаванні, а не толькі «ідэі» чыноўнікаў, што імкнуцца ператварыць жывых людзей у зручныя шрубкі.
Падтрымайце «Люстэрка», каб мы працягвалі даваць пляцоўку розным меркаванням ❤️
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.