Жыхарку Жлобіна Ліяну Шубу ў яе родным горадзе ведалі многія. Адны — як уладальніцу крамы «Зрабі свята сам», дзе гадамі куплялі канцылярыю і святочныя дробязі, іншыя — як актывістку руху «Маці-328» і прыхільніцу пераменаў у 2020 годзе. Такая вядомасць ператварылася для Ліяны ў тры затрыманні, страту бізнесу і вымушаны ад’езд з краіны. Ужо паўтара года яна жыве ў Вільнюсе, дзе зноў «уляпалася» (як сама гэта называе) ва ўласную справу. «Люстэрка» пагаварыла з прадпрымальніцай пра бізнес у Літве і Беларусі, авантурызм, нервовыя зрывы і тое, чаму яна не збіраецца здавацца, нават калі справы ідуць не вельмі.
«Зразумела, што магчымасці працягваць сваю справу не будзе»
З Ліянай сустракаемся ў яе краме — знайсці яе лёгка па вялікай шыльдзе Gėlės ir dovanos (у перакладзе з літоўскай — «Кветкі і падарункі»). Пазней жанчына раскажа, што марыць змяніць назву на «Збяры букет сам», падобную да той, якую насіла жлобінская крама. Але тут усё ўпіраецца ў грошы на новую шыльду. А пакуль запарвае гарбату, дастае сырную і мясную нарэзку (прэзент ад неабыякавай беларускі), зацукраваны лімон і пачынае расказваць пра сябе.
Жанчыне 55 гадоў, яна родам са Жлобіна. Кветкі, якія цяпер сталі бізнесам, для яе доўгі час былі хобі, мэтаскіравана Ліяна ніколі не вывучала фларыстыку. Але ўспамінае, што букеты ў яе заўсёды стаялі вельмі доўга, а догляд раслінаў цешыў душу. Па спецыяльнасці беларуска наогул «прадавец кніжных тавараў».
— Я прапрацавала сем гадоў у Гомелі ў кнігарнях і хадзіла на працу як на свята, — успамінае яна. — Потым вярнулася дадому ў Жлобін, і там увесь час працавала ў гандлі, у розных сферах. А з 2005 года я прадпрымальніца. Мая крама знаходзілася ў самым цэнтры, гандлявала дзіцячымі кніжкамі, размалёўкамі, паштоўкамі. Разнастайнымі таварамі для свята: ад свечак на торт да карнавальных парыкоў і геліевых шарыкаў. А яшчэ ў мяне можна было купіць абсалютна ўвесь спектр канцылярыі. Пастаянныя кліенты спачатку прыходзілі з дзецьмі купляць усё для садка, потым — для школы, выпускнога экзамену, а ў выніку гэтыя дзеці станавіліся студэнтамі і прыходзілі самі.
Многія гады справы ішлі вельмі добра, і не было ні дня, калі б у касе не з’яўлялася выручка. Але ў 2020 годзе сітуацыя змянілася, і зусім не праз страту суразмоўніцай дзелавой хваткі. Ужо вядомая мясцовым уладам і сілавікам па руху «Маці-328», Ліяна пачала актыўна збіраць подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Чэрачня. Пікет са сцягамі стаяў проста за акном яе крамы. Ціск пачаўся практычна адразу: спачатку ў мясцовых выданнях з’явіліся матэрыялы не самага прыемнага характару, потым — тры адміністрацыйныя справы за ўдзел у пратэстах і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
— Пасля першага арышту ў мяне адабралі памяшканне [крамы], і я зразумела, што новага нідзе больш не знайду, — успамінае яна. — Мне яшчэ адмовілі ў арэндзе склада, хоць мы ўжо практычна падпісалі дамову. Патэлефанавалі і сказалі: «Прабачце, мы не можам вам здаць склад, бо вы самі ўсё разумееце». Тады ўжо дакладна прыняла рашэнне. Наогул не хацела з’язджаць, думала: няхай наш самазванец з’язджае, чаму мы павінныя? Але потым зразумела, што магчымасці працягваць сваю справу ў мяне не будзе. А ісці ў наёмныя работнікі пасля 17 гадоў бізнесу не вельмі хацелася. Ды і хто б мяне ўзяў з артыкулам 23.34 і двума «экстрэмісцкімі»?
«Хадзіла па найбліжэйшых кветкавых крамах і пытала, ці патрэбная супрацоўніца»
Перабрацца ў Літву ў ліпені 2022 года беларусцы дапамаглі супрацоўнікі літоўскага консульства, якія адкрылі ёй візу літаральна за суткі. У новым горадзе неабыякавыя людзі аплацілі жыллё на першы час. Ды і Вільнюс Ліяне падабаўся даўно, там яна бывала шмат разоў. Жанчыну вельмі падтрымалі суайчыннікі і потым, калі скончылася аплата хостэла, яна не паспела знайсці кватэру і нейкі час жыла ў неабыякавых жлобінцаў.
— Як толькі прыехала сюды, зразумела, што трэба шукаць працу. А што я ўмею? Толькі прадаваць. Але зноў жа за касу не сяду, не ведаю мовы, — разважае Ліяна. — Займацца выкладкай тавару як мерчандайзер таксама не магу, мне супрацьпаказаная нагрузка праз інваліднасць. Чым магу гандляваць? У галаву прыйшлі кветкі і посуд, але на посуд я ўжо «перахварэла». Тады пачала хадзіць па найбліжэйшых кветкавых крамах і пытаць, ці патрэбная супрацоўніца. І мяне ўзялі ў адну. Адпрацавала там восем месяцаў, а потым гаспадар бізнесу ўзяў на маё месца дзяўчынку з Украіны — яму за наём бежанкі кампенсавалі да 75% выдаткаў на яе. Тым больш яна прафесійная фларыстка, а ў мяне сертыфіката не было.
Зрэшты, адсутнасць адукацыі, здаецца, не перашкаджае Ліяне працаваць з кветкамі. За шмат гадоў яна навучылася абыходзіцца з імі, самастойна вывучала асаблівасці. Ужо ў Літве даведалася пра курсы для фларыстаў, але яны доўжацца каля паўгода, хадзіць трэба пяць дзён на тыдзень — гэтага беларуска дазволіць сабе не можа. Таму абапіраецца на свой досвед і пачуццё колеру. Да таго ж расліны выдатна «выцягвалі» яе маральны стан. Першыя месяцы ў Літве, калі Ліяна працавала ў краме, яна адчувала сябе выдатна, нягледзячы на вымушаны ад’езд.
— Падчас арышту ў мяне пачаліся сур’ёзныя псіхалагічныя праблемы, і я некалькі месяцаў займалася з псіхатэрапеўтам, — успамінае яна. — А кветкі мне выдатна дапамаглі пасля пераезду. Я працавала практычна на паўтары стаўкі — спяшацца дадому няма да каго. Там быў вялікі паток кліентаў, ад якіх я атрымала вельмі шмат цяпла. Гэтае месца знаходзілася ля опернага тэатра. Выступаюць дзеткі — кожная мама свайму дзіцяці нясе кветкі. На выступ кожны танцор сваім калегам нясе кветкі. Гэта традыцыя, так прынята. Тады ў мяне была добрая зарплата, я адчувала сябе спакойна. Вельмі шмат гуляла па Вільнюсе, у выходны магла хадзіць хоць увесь дзень.
Застаўшыся без працы, Ліяна першы час дала сабе адпачыць: жыла на зберажэнні, гуляла, атрымлівала асалоду ад жыцця. Але эйфарыя цягнулася нядоўга — трэба было шукаць занятак. Яна зноў хадзіла па кветкавых крамах каля дома, паступова павялічваючы радыус пошукаў. Але праз тры месяцы месца так і не знайшлося. Тады суразмоўніца пайшла па другім коле — і ў адной з крамак акурат адкрылася вакансія. Ліяну ўзялі, але праз пару дзён яна скінула сабе на нагу балон з геліем і атрымала пералом. А калі выйшла з бальнічнага, даведалася, што крама закрываецца і яе пераводзяць у іншы пункт.
— У мяне адразу шок: ну як так? Гэта ж далёка, а мне важна хадзіць на працу пешшу, — дзеліцца яна. — Ну добра. Прыехала ў першы дзень — а там вялікая пляцоўка з дэкаратыўнымі садовымі раслінамі. Аказалася, вельмі цяжка іх даглядаць. Я ўвесь дзень бегала, мы з гаспадыняй прыселі толькі, а палове сёмай вечара. На другі дзень кажу, маўляў, так шкада таго пункта на вакзале. І гаспадыні было шкада — столькі сілы ўкладзена. А на трэці дзень пачула размову, што ў іх дэпазіт у тым месцы да канца верасня. То-бок яны сышлі, адпрацаваўшы тыдзень, а рэшту грошай проста падаравалі ўласніку будынка. Але я ж магла на свае грошы закупіцца і ўжо самастойна працаваць. Мы з гаспадыняй гэта абмеркавалі, і яна кажа: «Забірай». Я пагадзілася. Наогул па складзе характару я авантурніца, практычна ўсе важныя рашэнні прымаю імгненна, а толькі потым пачынаю думаць.
«Ірэна ўсё гэта выслухала і кажа: „Не смей здавацца!“»
Вось так у пачатку кастрычніка 2023 года Ліяна выйшла на працу ўжо ў сваю краму. Досвед у гандлі ў суразмоўніцы быў вялікі, а вось веды літоўскай мовы і заканадаўства — мінімальныя. Тут вельмі дапамагла былая начальніца Ірэна, з якой яны сталі добрымі сяброўкамі. Жанчына дапамагла Ліяне аформіць у падатковай індывідуальную дзейнасць і зрабіць электронны подпіс, звазіла на базу і пазнаёміла з пастаўшчыкамі. І першы час усё ішло нядрэнна: у кастрычніку Ліяна зарабіла 360 еўра. Але ў лістападзе пайшло прасяданне.
— Пра гэтую авантуру я шкадавала ўжо двойчы, у мяне пачыналася паніка. І першы раз — акурат у лістападзе. Тады яшчэ быў дзень нараджэння маёй знаёмай, а я проста не магла ёй патэлефанаваць. Разумела, што яна спытае, як справы, а я пачну плакаць. Ну і як тады віншаваць? — успамінае свае думкі Ліяна. — Але вельмі трэба было камусьці паскардзіцца, а я тут зусім адна. Тады патэлефанавала былой начальніцы, яна таксама беларуска па каранях. І пачала расказваць, што ў мяне страты і што, пакуль не пачаўся новы месяц, трэба параіцца, як быць. Бо калі 1 снежня выходжу на працу, то мушу заплаціць арэнду і зноў трапляю ў пазыковую яму. Ірэна ўсё гэта выслухала і кажа: «Не смей здавацца! Столькі ўкладзена часу, душы і грошай. Ты ж беларуска».
Другі зрыў у Ліяны здарыўся праз пару тыдняў, 16 снежня. Суразмоўніца добра памятае той момант: субота, тры гадзіны дня, у касе нічога няма. Тады яна ўжо амаль наважылася ўсё кінуць і патэлефанавала знаёмай па параду. Хоць прызнаецца, што на той момант ужо прыняла рашэнне, што застанецца ў бізнесе, толькі калі ўладальнік будынка пагодзіцца знізіць арэнду.
— Як бы ні было псіхалагічна цяжка прызнацца, што я прайграла, не дала рады, што ў мяне не атрымалася, што пераацаніла свае магчымасці ці не падумала, я ўжо была гатовая ўсё закрыць, — прызнаецца суразмоўніца. — Бо я не магу пастаянна ўкладвацца і не мець грошай на добры цёмны шакалад, які вельмі люблю. Знаёмая кажа: «Дык пагавары спачатку з гаспадаром будынка, раптам дасць зніжку». І ён пагадзіўся, але пакуль не ведаю, на які тэрмін. Цяпер перыядычна заходзіць, пытае, як бізнес. Шчыра адказваю, што справы не вельмі.
Уласнік памяшкання, у якім знаходзіцца крама Ліяны, і стаў яе першым пастаянным кліентам. У тым жа будынку ў мужчыны знаходзіцца хостэл, і некалькі разоў на месяц ён купляе туды кветкавыя кампазіцыі. На гэтым спіс тых, хто за чатыры месяцы палюбіў Gėlės ir dovanos, не заканчваецца. Суразмоўніца расказвае пра ўкраінца, які жыве ў хостэле і працуе будаўніком. Мужчына ўвесь час купляе ружы жонцы, знаёмым жанчынам, а аднойчы купіў у Ліяны кветку і ўручыў ёй жа, дадаўшы, што «жанчына павінная ўсміхацца».
— Ёсць двое літоўцаў, абодва не гавораць па-руску. Але калі адзін чалавек хоча купіць, а другі хоча прадаць, яны на любой мове дамовяцца, — упэўненая беларуска. — Адзін мужчына ўжо, напэўна, разоў пяць прыходзіў, купляў вялікія цёмныя ружы і меншыя светлыя. Яшчэ ў гэтым будынку знаходзіцца паліклініка, так супрацоўніца рэгістратуры ў мяне таксама пастаянная пакупніца. У іх прынята віншаваць з днём нараджэння, так што па кветкі прыходзяць ужо чатыры месяцы. Ёсць і пастаянныя кліенты нашыя, беларусы. Адзін хлопец, бежанец, заказваў у мяне вялікі букет, а потым пачаў заходзіць і браць па ружачцы.
Пакуль мы размаўляем з Ліянай, у краму перыядычна зазіраюць наведнікі. Мясцовым яна стараецца хаця б пару слоў сказаць на літоўскай. Але калі тыя разумеюць рускую, пераходзіць на яе. Кліентаў жанчына сустракае ветліва і з усмешкай, з кімсьці можа пагаварыць, абмеркаваць прыгожы світанак або тое, як Літва прыняла ў сябе Святлану Ціханоўскую. Яна тлумачыць: у Жлобіне большасць пакупнікоў прыходзіла да яе праз сарафаннае радыё, а не рэкламу, таму прадпрымальніца ўпэўненая, што асабістая камунікацыя з наведнікамі вельмі важная. У нейкі момант у дзвярах паказваецца мужчына — у ім суразмоўца пазнае чыгуначнага правадніка, які некалькі разоў заходзіў да яе. На пытанне фларысткі «Як маецеся?» ён паказвае на кветкі і кажа, што яны прастаялі ў яго тры тыдні і ўсё роўна прыгожыя.
— Першы раз ён зайшоў да мяне выпадкова. Праходзіў міма ў сваёй прыгожай чыгуначнай форме, убачыў краму ў акенца, зайшоў і купіў ружу. Другі раз ужо спецыяльна прыходзіў. Хочацца думаць, што цяпер ён зайшоў падзяліцца, што кветкі вельмі доўга стаялі, — спадзяецца яна.
Прапрацаваўшы ў Літве на сябе толькі паўгода, Ліяна прызнаецца: пакуль складана сказаць, ці прасцей весці бізнес у іншай краіне. Але адзначае істотнае адрозненне: многія бюракратычныя моманты на новым месцы вырашаюцца дыстанцыйна.
— Я пакуль не ведаю, як буду афармляць падатковую дэкларацыю і колькі плаціць, але ведаю, што ў першы год ёсць нейкія льготы, — дзеліцца суразмоўніца. — І яшчэ тут падатак прывязаны да прыбытку. Калі нічога не зараблю і змагу пацвердзіць, што мае выдаткі былі роўныя выручцы альбо зусім крышачку адрозніваліся, то плаціць будзе не трэба. А ў Беларусі я працавала на фіксаванай стаўцы. Гэта не заўсёды выгадна, але затое зразумела: проста плачу пэўную суму падатку на месяц наперад. Няма гарантыі, што зараблю ў гэтым месяцы, але ўжо заплаціла. А ўжо потым усе ўскосныя плацяжы: арэнда, абслугоўванне касы і гэтак далей.
«Кожны раз угаворваю сябе, што ўсё будзе добра»
Хоць жаданне здацца Ліяна пакінула ў мінулым годзе, а пастаянныя кліенты патроху з’яўляюцца, справы ўсё роўна ідуць з пераменным поспехам. Паводле падлікаў суразмоўніцы, яе крама ўжо «корміць» сама сябе, а вось уладальніцы застаецца няшмат.
— Мяне яна яшчэ не «корміць», не заўсёды хапае грошай заплаціць за кватэру. Але цяпер пра мяне пачалі гаварыць — спадзяюся, што беларусы падтрымаюць і я змагу развівацца, — разважае яна. — Бо студзень быў стратны, баюся нават лічыць дакладна, каб не хвалявацца. Але пакуль выжываю. Спачатку дапамагалі сваякі, цяпер падтрымліваюць землякі, былыя палітвязні, з якімі кантактую. Бывае, разумею, што на нулі, — тэлефаную і пытаюся, ці можна пазычыць на пару дзён. Так закрываю адну дзірку і працую ў надзеі, што другая не адкрыецца. Яна з’яўляецца — зноў шукаю грошы. Зусім нулявых дзён пакуль што (трэба па дрэве пастукаць) у мяне не было.
Нягледзячы на цяжкасці, беларуска збіраецца трымацца. Праўда, сумневы нікуды не знікаюць, але Ліяна па-ранейшаму спадзяецца, што ўсё наладзіцца. Грунтуючыся на мінулым досведзе, разумее, што для таго, каб цвёрда стаць на ногі са сваёй справай, ёй спатрэбіцца мінімум год.
— Наогул любы чалавек сумняваецца, і гэта нармальна. Празмерная самаўпэўненасць значна горшая, як мне здаецца, — лічыць прадпрымальніца. — Так, я не ведаю, што будзе заўтра, паслязаўтра, але кожны раз угаворваю сябе, што ўсё будзе добра. Напрыклад, хутка 14 лютага — спадзяюся, у мяне пойдуць продажы. Потым будзе 8 сакавіка, а 31 сакавіка тут Вялікдзень. Далей наогул вясна, цёпла, можна хрызантэмы ў гаршчках выстаўляць на двор — людзі будуць браць на балконы. Разумею, што няма грошай, што крама будзе развівацца вельмі павольна. Цяпер у мяне ўсё ідзе на закрыццё базавых патрэбаў, кожны месяц паўстае пытанне, чым заплаціць за кватэру. Але, думаю, сітуацыя не безнадзейная. Проста вось гэты перыяд трэба неяк пратрымацца.
Колькі менавіта давядзецца трымацца, а дакладней, працаваць у сваёй літоўскай краме, Ліяна ўжо не загадвае. Успамінае, што, калі толькі ехала ў Вільнюс, была ўпэўненая, што максімум праз два гады вернецца дадому. Таму і не хацела абжывацца, бо зусім хутка ехаць назад.
— Цяпер разумею, што мы не вернемся хутка. Вера ў гэта слабее, але жаданне застаецца. Я тут адна, уся мая сям’я ў Беларусі, вельмі сумую і хачу на радзіму, — дзеліцца суразмоўніца. — Калі адкрыла рахунак у банку, ішла на працу з пашпартам у сумцы — і тут бачу аўтавакзал, адкуль рэгулярна ходзіць аўтобус у Беларусь. Разумею: вось яна, магчымасць з’ехаць дадому. Але нельга, нельга. Стэлефаноўвалася з братам, плакала, казала, што вельмі сумую без мамы. Мне 55 гадоў, а я плачу, бо хачу да мамы. А потым разумееш, што, калі прыедзеш, цябе пасадзяць у турму — і маму ўсё роўна не ўбачыш. Але вельмі спадзяюся, што вярнуся дадому хутчэй, проста не ведаю, што зрабіць для гэтага.
Чытайце таксама


