Некаторыя звычкі нашых партнёраў могуць нас раздражняць ці хваляваць, нават калі мы шчыра кахаем чалавека. Часцей за ўсё гэта адбываецца, калі рамантычны флёр закаханасці згасае і пачынаецца так званая бытавуха. Але ці маем мы права забараняць нешта іншаму чалавеку? А калі, на нашую думку, гэта не кантроль, а клопат пра партнёра, якога ён не цэніць? Гэтыя пытанні «Люстэрка» задало сямейнай псіхалагіні Алене.
Імя суразмоўніцы змененае з меркаванняў яе бяспекі. Яна працуе ўжо больш за 14 гадоў і спецыялізуецца на сямейнай і крызіснай псіхалогіі.
Чаму час ад часу мы спрабуем нешта забараніць партнёру?
Спробы кантраляваць іншага чалавека ў адносінах могуць быць абумоўленыя рознымі фактарамі. Паводле Алены, адзін з іх заключаецца ў тым, што мы нярэдка імкнёмся ўбачыць у сваім партнёру пэўныя якасці, якія нам падабаюцца, хоць насамрэч у чалавека іх няма.
— У пачатку адносін мы так ці інакш ідэалізуем партнёра, закрываючы вочы на пэўныя звычкі ці рысы характару. Нам можа здавацца, што мы зможам змяніць іх у працэсе адносін. Але мінае час, а чалавек застаецца ранейшым, і нашыя чаканні не апраўдваюцца, — тлумачыць псіхалагіня. — Тады пачынаюць узнікаць канфлікты.
Вядома, удакладняе Алена, некаторыя асаблівасці ў паводзінах партнёра могуць праявіцца толькі праз пэўны час пасля пачатку адносін. Напрыклад, чалавек выпіваў алкаголь умерана, але потым адбылася нейкая траўмавальная падзея — і ён пачаў злоўжываць. Аднак калі паглядзець глыбей, то для гэтага заўсёды ёсць перадумовы (якія, зрэшты, мы лёгка ігнаруем).
— За шмат гадоў практыкі як псіхолаг я не сустракала такога, каб хтосьці раптоўна і кардынальна памяняў свой лад жыцця, толькі па жаданні іншага чалавека, — кажа спецыялістка. — Таму ў пачатку адносін неабходна сур’ёзна ставіцца да супярэчнасцяў, звяртаць увагу на рэакцыі партнёра або партнёркі ў стрэсавых сітуацыях і не цешыць сябе ілюзіямі, што ён ці яна зменіцца па вашым жаданні. Гэта дапаможа папярэдзіць сур’ёзныя канфлікты і разрыў адносін.
Яшчэ адна прычына, якая прымушае некаторых ставіць забароны і кантроль у адносінах, — гэта схільнасць да пэўнага тыпу прывязанасці. Гэтая асаблівасць фармуецца ў працэсе нашага развіцця і сталення, кажа псіхалагіня.
— Напрыклад, ёсць людзі з трывожна-амбівалентным тыпам прывязанасці. Яны часта адчуваюць моцны стрэс і пачуццё пакінутасці пры найменшым расстанні з партнёрам. Праз гэта на неўсвядомленым узроўні і для ўласнага заспакаення яны могуць спрабаваць абмежаваць «свабоду» свайго партнёра пэўнымі правіламі. Усё гэта звязана са страхам страты кантакту з партнёрам і жаданнем пастаянна быць побач — так спакайней. Часта такія людзі таксама раўнуюць да сяброў, крыўдзяцца на няўвагу. Усё гэта не спрыяе канструктыўнай камунікацыі, — тлумачыць Алена. — А калі яе ў пары няма, то абое партнёраў адчуваюць напружанне і, як вынік, трывогу. Важна разабрацца ў прычынах гэтай трывогі і абмеркаваць рознагалоссі адно з адным.
У чым розніца паміж кантролем і спробай паклапаціцца пра чалавека?
Паводле эксперткі, непакоіцца з нагоды пэўных звычак партнёра — натуральна ў адносінах.
— Аднак рашэнне пра тое, што рабіць з гэтым, заўсёды мусіць заставацца за партнёрам або партнёркай, а не за вамі, — падкрэслівае псіхалагіня.
Распазнаць, дзе пачынаецца аб’юзіўны кантроль, можна. Ён выяўляецца ў агрэсіўным навязванні сваіх правілаў, маніпуляцыях, прыніжэнні і жаданні выклікаць пачуццё віны. У такім выпадку чалавек спрабуе выдаць свае паводзіны за клопат, аргументуючы тым, што хоча толькі лепшага, адзначае Алена.
— Напрыклад, партнёр ці партнёрка хоча, каб вы вярнуліся дадому крыху раней, бо «ўжо вечар, цёмна, незразумела, што за тыпы ходзяць па вуліцах». Але на самай справе гэта не трывога пра вас, а перажыванне, што вам добра і без яго ці яе. Такая сітуацыя часта служыць нагодай для бясконцых паведамленняў і званкоў, маніпуляцый, — падкрэслівае Алена. — Мэта адна — вярнуць кантроль. Хоць першапачаткова яна маскіруецца пад жаданне пераканацца, ці ўсё ў парадку.
У выпадку страты кантролю чалавек адчувае сябе пакінутым, адрынутым, знішчаным. І, вядома, вінаваціць у гэтым не сябе, а другі бок.
Важна пастарацца бачыць і адрозніваць (у тым ліку за сабой) выпадковыя эпізоды і сістэматычны «клопат», які вядзе да поўнага падпарадкавання партнёра або партнёркі. У другім выпадку адзін з бакоў заўсёды адчувае сваю перавагу, іншы адчувае сябе прыгнечаным, тлумачыць Алена. Ёсць адчуванне дысбалансу ўлады і адсутнасць магчымасці самастойна выраўнаваць яго.
— То-бок фактычна гэта псіхалагічны гвалт, — тлумачыць суразмоўніца. — Калі гаворка ідзе пра канфлікт, то ў гэтым выпадку абодва бакі аднолькава моцныя і могуць раўнацэнна ўплываць на сітуацыю.
Тады як быць, калі мне ўсё ж не падабаюцца звычкі або паводзіны партнёра?
Псіхалагіня супакойвае: усталяваць межы і правілы ў адносінах, абмеркаваўшы і ўзгадніўшы іх абодвума бакамі, — гэта абсалютна нармальна.
— Устаноўленыя правілы даюць нам адчуванне бяспекі, акрэсліваюць нейкія чаканні. Напрыклад, вам не падабаецца, што партнёр курыць. Чакаць, што ён кіне гэтую звычку, тым больш адразу, не варта. Але вы можаце дамовіцца, каб ён схадзіў на чэкап свайго здароўя і, напрыклад, выходзіў з цыгарэтай на балкон, каб не раздражняць дымам і вас, — кажа псіхалагіня.
Здаровыя адносіны заснаваныя на павазе да асабістых межаў і гатоўнасці працаваць над вырашэннем канфліктаў. Калі гэтага няма, то ёсць падстава задумацца: нешта ідзе не так.
Але спецыялістка яшчэ раз падкрэслівае: такія правілы ўсё ж варта агаворваць у пачатку адносін, каб было зразумела, ці ёсць у вас дыялог, паразуменне з іншым чалавекам. Магчыма, самае важнае пытанне вам варта задаць самім сабе: «Ці хачу я адносін, у якіх я імкнуся змяніць свайго партнёра або дзе пастаянна спрабуюць змяніць мяне?»
Чытайце таксама