У Беларусі чыноўнікі хочуць унесці змены ў заканадаўства, каб абараніць дзяцей ад інфармацыі і цацак, якія могуць ім нашкодзіць. Таксама ўлады збіраюцца распрацаваць спецыяльныя патрабаванні да педагагічных работнікаў, каб узмацніць абарону няпоўнагадовых ад сэксуальнага гвалту. Для гэтага збіраюцца адрэдагаваць Закон «Пра правы дзіцяці». Некаторыя падрабязнасці гэтых планаў сталі вядомыя з абгрунтаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.
Як плануецца, законапраект падрыхтуюць да жніўня, а да снежня яго збіраюцца прадставіць парламенту. Займацца падрыхтоўкай гэтага дакумента будуць МУС, Мінадукацыі і Генпракуратура.
Чыноўнікі сярод іншага хочуць увесці дадатковае рэгуляванне абароны дзяцей ад інфармацыі, якая можа ім нашкодзіць. «У прыватнасці, ад выкарыстання некаторых відаў цацак, створаных паводле матэрыялаў камп’ютарных гульняў, кніг, фільмаў, на якія ўведзеныя ўзроставыя абмежаванні, ад размяшчэння ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інфармацыі, здольнай нанесці шкоду іх фізічнаму і псіхічнаму здароўю, скіраванай на прапаганду нетрадыцыйных сексуальных адносін, іншых дэструктыўных ідэй, якія супярэчаць духоўным каштоўнасцям беларускага народа, змены полу, педафіліі», — гаворыцца ў тлумачэнні да планаў па законапраекце.
Таксама ўлады хочуць адносіць цацкі да інфармацыйнай прадукцыі і прапісваць на іх узроставую катэгорыю.
Як паведамляецца, уносіць змены ў заканадаўства, якое датычыць СМІ, хутчэй за ўсё, не спатрэбіцца.
Акрамя таго, для педагагічных работнікаў могуць увесці спецыяльныя патрабаванні.
«Удасканаленне механізмаў абароны няпоўнагадовых ад сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі шляхам замацавання ў законе пра правы дзіцяці спецыяльных патрабаванняў да адбору работнікаў для занятку педагагічнай дзейнасцю і выканання выхаваўчых функцый, а таксама пастаяннай працы з дзецьмі», — гаворыцца ў абгрунтаванні.
Пры гэтым урад збіраюцца надзяліць паўнамоцтвамі, каб ён акрэсліваў механізм аказання дапамогі няпоўнагадовым, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту. «Уключаючы алгарытм па накіраванні іх на рэабілітацыю», — удакладняецца ў тлумачэнні.
Чытайце таксама