У авіякампаніі «Белавія» пацвердзілі інцыдэнт з самалётам, у якога лопнула кола. Праводзіцца расследаванне прычыны яго разбурэння. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе авіяперавозчыка.
1 лістапада пасля вылету з міжнароднага аэрапорта Стамбула імя Атацюрка самалёта Boeing 737 MAX 8 авіякампаніі «Белавія» (рэйс В2−784) наземныя службы аэрапорта, правёўшы агляд узлётна-пасадачнай паласы, паведамілі пра магчымае пашкоджанне кола самалёта.
«Экіпаж прааналізаваў сітуацыю і прыняў рашэнне рухацца ў пункт прызначэння Нацыянальны аэрапорт Мінск. Палёт выконваўся ў штатным рэжыме. Дзякуючы прафесійным дзеянням экіпажа пасадка прайшла шчасліва, ніхто з пасажыраў і чальцоў экіпажа, якія знаходзіліся на борце, не пацярпеў», — заявілі ў кампаніі.
Там таксама расказалі, што пасля таго, як самалёт здзейсніў пасадку, яго пакінулі на ўзлётна-пасадачнай паласе і заглушылі рухавікі — гэта зрабілі для таго, каб не дапусціць магчымага перагрэву шасі. Потым самалёт адбуксавалі на месца стаянкі.
Праводзіцца расследаванне прычыны разбурэння левага асноўнага кола шасі.
Нагадаем, напярэдадні профільныя тэлеграм-каналы паведамілі пра інцыдэнт з самалётам «Белавія» — у лайнера на ўзлёце лопнула кола, а пасля пасадкі Boeing у аэрапорце ён заблакаваў паласу. Праз гэта праца аэрапорта прыкладна на гадзіну была паралізаваная.