Некалькі бацькоў другакласнікаў расказалі «Люстэрку», што ў школах, дзе вучацца іх дзеці, з пачатку года не выкладаюць беларускую літаратуру, хоць у раскладзе ў дзённіку яна ёсць. Бацька аднаго з вучняў абурыўся, што гэты прадмет нават могуць замяніць на рускую мову ці матэматыку. Мы даведаліся падрабязнасці і звязаліся з педагогамі.
Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі.
Матэматыка і беларуская мова замест літаратуры
Жыхар Віцебска Аляксандр кажа, што ў яго сына-другакласніка ў школе з пачатку навучальнага года знікла беларуская літаратура. Паводле словаў мужчыны, дзіця расказвала, што прадмет могуць замяніць, напрыклад, матэматыкай. Такая ж сітуацыя ў пляменніцы Аляксандра, якая вучыцца ў іншай установе.
— На мінулым тыдні размаўляў з братам, ён кажа: «Спытай у свайго сына, ці замяняюць у яго беларускую літаратуру. У маёй дачкі так, ставяць замест яе мовы (часцей за ўсё рускую), матэматыка пару разоў была». Я даведаўся ў сына. Ён усё пацвердзіў, хоць у раскладзе літаратура застаецца. Як тлумачаць настаўнікі, дапушчальна замяняць літаратуру ўрокамі мовы, на якой яна выкладаецца, але, атрымліваецца, замяняюць і іншымі прадметамі, — кажа суразмоўца і дадае, што абураны «перастаноўкай» не на карысць роднай мовы. — Калі б беларускую мову ставілі, добра яшчэ, хоць літаратура — гэта ўсё ж літаратура. Але я абсалютна супраць замены іншымі прадметамі, хачу, каб маё дзіця вывучала родную мову. Летась у сына быў факультатыў па беларускай, праўда, платны, а сёлета яго ўжо няма, дарэчы, як і па англійскай.
«Ёсць факультатыў „Язык родной, дружи со мной“». Як у іншых школах?
У Аляксея з Бабруйска малодшы сын вучыцца ў другім класе, у яго «беларуская мова і літаратура сумешчаныя». Хоць у дзіцяці Віктара з таго ж горада кожны прадмет выкладаюць асобна.
А вось іншыя чытачы расказалі, што ў іх дзяцей-другакласнікаў з пачатку верасня беларускую літаратуру не выкладаюць наогул.
— У нас цяпер яе замянілі на ўрокі беларускай мовы. Што так будзе, бацькоў папярэдзілі яшчэ ў пачатку верасня, але чаму — настаўніца не змагла растлумачыць. Кажа, што гэта часова, — напісала Аксана. — Гэта было досыць дзіўна, але мы паставіліся спакойна: у любым выпадку прадмет застаўся на беларускай мове.
— У нас у класе сказалі, што замест беларускай літаратуры пэўны час будзе два ўрокі мовы, хоць у раскладзе стаіць і тое, і тое. Хатняе заданне, атрымліваецца, адно. Чаму так, бацькі і не пыталі, — кажа Галіна. — Я сама чытаю з дзіцем падручнік і хрэстаматыю амаль кожны дзень. Настаўніца прасіла больш чытаць з дзіцем. Хоць яна і мела на ўвазе рускую літаратуру, мы чытаем беларускую. Я лічу, што калі дзіця навучыцца разумець беларускую мову, дакладна зразумее і рускую. Мне не падабаецца гэтая замена ўрока. Але з досведу ведаю, што пакуль сама дзіцяці кожнае слова, фразу, параўнанне, пераносны сэнс не растлумачыш, яно будзе проста чытаць набор літар. А ў класе 25 чалавек, настаўніку гэта не пад сілу.
У класе, дзе вучыцца дзіця Ірыны з Мінска, таксама знікла беларуская літаратура, але мама не турбуецца: настаўнік патлумачыў, з чым гэта звязана.
— У нас таксама замест літаратуры пакуль выкладаюць мову. Даюць дамашнія заданні, мы выконваем, — тлумачыць Ірына. — Летась мы толькі вучылі беларускія словы, а сёлета ўжо з’явіліся і прадметы. На літаратуры дзецям цяжэй, таму спачатку яны прывыкнуць да мовы, а потым ужо і яна павінная з’явіцца. Нібыта так мусіла быць цягам першага месяца, кастрычнік жа пакуль толькі пачаўся…
Аляксандры з Гомеля і іншым бацькам з іх класа педагогі таксама расказалі пра замену прадметаў, да таго ж дзеці ўжо пачалі вывучаць творы на роднай мове.
— Першыя два тыдні замест літаратуры была мова. Настаўніца патлумачыла гэта тым, што праграма па ёй вельмі складаная для другакласнікаў, платны факультатыў таксама вырашылі зрабіць па гэтым прадмеце. А цяпер вярнулі і літаратуру, — расказала яна.
А Ксенія з Пінска падзялілася больш натхняльнымі навінамі:
— Мы пайшлі толькі ў 1-ы клас, і асобна літаратуры ў гэтым узросце яшчэ няма, ёсць толькі «белмова». Але з усіх магчымых дадатковых факультатываў мы таксама выбралі гэты прадмет, каб у іх было больш гадзін вывучэння роднай мовы. Цяпер яны ў класе рыхтуюць спектакль па беларускай казцы на беларускай. Ды і ў цэлым, паводле маіх назіранняў, за апошнія гады нават у дзіцячым садку стала яе больш: дзеці гімн спявалі, кожны год вучылі вершы на розныя тэмы і святы — і пра Беларусь, і пра маму на 8 сакавіка, і на Новы год. Дзяцей часта апраналі ў вышыванкі, тэма беларускіх традыцый прасочвалася на многіх мерапрыемствах. Адназначна, цяпер больш «беларускасці» вакол, чым у часы майго дзяцінства.
Канстанцін з Мінскага раёна расказаў, што «першы раз чуе» пра такую замену, але мужчына здзіўлены іншым:
— У школе ёсць факультатыў «Язык родной, дружи со мной». Пакуль незразумела, што там адбываецца. Сын кажа, што праседзелі ўвесь урок і размаўлялі па-руску, — падзяліўся мужчына.
У навучальнай праграме па гэтым факультатыве гаворыцца, што яго мэта — «авалоданне рускай мовай як сродкам зносін», а адна з задач — «развіццё цікавасці да вывучэння рускай мовы як часткі нацыянальнай культуры народа і як да з’явы культуры».
Што кажуць у віцебскай школе?
Журналістка «Люстэрка» як мама другакласніка патэлефанавала ў адну з віцебскіх школ. Намесніца дырэктара па навучальнай рабоце ў пачатковай школе растлумачыла сітуацыю:
— У пачатку другога класа паводле праграмы пачынаюцца заняткі з «Уступнага моўнага курсу». Спачатку ў дзяцей ідзе ўступны маўленчы курс — такі інтэграваны, агульны, нават у журнале звычайна асобная старонка на яго адводзіцца, а потым ужо пачынаецца дзяленне на мову і літаратуру. У прынцыпе, ён мусіць хутка скончыцца, да якога чысла, не магу цяпер сказаць, але дзесьці да сярэдзіны кастрычніка павінная пачацца літаратура.
Чытайце таксама


