Стэфан Эрыксан працаваў на пасадзе амбасадара Швецыі ў Беларусі ўсяго чатыры гады, але падаецца, што яго лёс назаўсёды непарыўна звязаны з нашай краінай. Шведскі дыпламат вольна размаўляе па-беларуску, цікавіцца гісторыяй і культурай краіны, сябруе з культурынымі і палітычнымі дзеячамі. «Люстэрка» паразмаўляла са Стэфанам Эрыксанам і даведалася, ці толькі «плюшавы дэсант» быў прычынай яго ад’езду з Беларусі, чым дыпламат займаецца цяпер, ці сачыў за падзеямі 2020-га і што зробіць у першую чаргу, калі вернецца ў Мінск.
Стэфан Эрыксан, 61 год. Першы амбасадар Швецыі ў Беларусі (да яго ў нашай краіне не было шведскай амбасады, працавала толькі аддзяленне дыпмісіі ў Расіі і Мінску, якое з верасня 2005 года таксама ўзначальваў Эрыксан), знаходзіўся на гэтай пасадзе з 2008 да 2012 года. Яго акрэдытацыя не была падоўжаная беларускім Міністэрствам замежных справаў пасля падзеяў, вядомых як «плюшавы дэсант» (4 ліпеня 2012 года грамадзяне Швецыі заляцелі на тэрыторыю Беларусі на лёгкаматорным самалёце і раскідалі з яго плюшавых мядзведзікаў з прымацаванымі да іх дэмакратычнымі лозунгамі).
Стэфан Эрыксан свабодна гаворыць на беларускай мове, якую вывучыў падчас знаходжання ў Беларусі. Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагароджаны медалём «100 год БНР» і Крыжам добрасуседства ад Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
«„Плюшавы дэсант“ застанецца са мною назаўжды»
— Вы неяк казалі, што гады працы ў Беларусі былі для вас найлепшымі ў прафесійным жыцці. Патлумачыце, чаму?
— Відаць, таму, што я ў той час адчуваў, што тое, што я раблю, мае нейкае значэнне, што тое, што адбывалася тады ў Беларусі, было вельмі цікавым для мяне. Я меў досвед працы ў іншых краінах Усходняй Еўропы, у Расіі, і мне чыста прафесійна было вельмі цікава. Я ўцягнуўся ў беларускі культурны працэс. І да Беларусі, і пасля ў маім прафесійным жыцці было багата цікавых момантаў, але тое, што было ў Беларусі, калі я там працаваў, пакінула адбітак на мне асабіста. Таму я дагэтуль кажу, што гэты перыяд быў адзін з найлепшых і найцікавейшых у маім жыцці.
— Вашую акрэдытацыю ў Беларусі не падоўжылі пасля так званага «плюшавага дэсанту». Мінула ўжо больш за 10 гадоў з таго часу. Ці можаце вы цяпер расказаць, была прычына толькі ў плюшавым дэсанце ці беларускія ўлады мелі да вас і іншыя прэтэнзіі?
— Гэты «плюшавы дэсант» застанецца са мною на ўсё жыццё (смяецца). Да гэтага пытання заўжды будуць вяртацца. Сапраўды, мінула ўжо шмат гадоў. Я б сказаў, што праблемы з маёй акрэдытацыяй былі і да гэтага дэсанту ў пачатку ліпеня 2012 года. Відаць, дэсант не дапамог таму працэсу. Што было галоўным у рашэнні беларускіх уладаў, мне цяжка меркаваць нават цяпер.
— Вы казалі, што ўцягнуліся ў беларускі культурны працэс. Ці не была прычынай вашая актыўнасць у беларускім культурным полі?
— Нават не ведаю. Так, я сапраўды, цікавіўся беларушчынай, культурай, гісторыяй, меў добрыя адносіны са шматлікімі прадстаўнікамі беларускай культуры. Але я працаваў на развіццё адносінаў не толькі ў гэтай галіне, былі таксама добрыя стасункі з дзяржаўнымі ўстановамі, мы былі зацікаўленыя ў развіцці сувязяў паміж Швецыяй і Беларуссю на ўсіх узроўнях.
— Калі вы пакінулі Беларусь у 2012 годзе, ці думалі, што з’язджаеце на доўгі час?
— Калі стала вядома, што маю акрэдытацыю не прадоўжаць, я зразумеў, што ўжо не вярнуся ў якасці амбасадара. Але я прыязджаў, наведваў Беларусь.
— У 2018 годзе, слушна?
— Упершыню, здаецца, нават у 2017-м. Я прыязджаў некалькі разоў ужо адсюль, з Латвіі. Ужо не памятаю, калі апошні раз. Пасля 2020 года дакладна не прыязджаў.
— 2012 год, калі вы з’ехалі, — гэта час закручвання гаек у Беларусі, у турмах было шмат палітзняволеных. Пасля вы прыязджалі ў 2017−2018 гадах, калі панавала адліга. Вы яе адчулі?
— Шчыра кажучы, калі я прыязджаў у 2017−2018 гадах, то меў час толькі для сустрэчаў з сябрамі, знаёмымі. Сітуацыя ў Беларусі мянялася пастаянна, як было менавіта тады — цяпер цяжка ўспомніць.
— Я жыў у Мінску ў той час, і мне падавалася, што пачаўся рух у слушным кірунку. З’явіліся новыя месцы, актывізавалася гарадское і культурнае жыццё.
— Я прыязджаў на некалькі дзён, таму поўнага адчування сітуацыі ў мяне не было. Вядома, было заўважна, што ў Мінску нешта змянілася, адчувалася гарадское жыццё, з’явіліся новыя культурныя і іншыя ўстановы. Але не магу сказаць, што я заўважыў з’яўленне веры ў будучыню. Магчыма, беларусы сапраўды гэта адчувалі. Але потым прыйшоў 2020 год, гэта ўжо іншая гісторыя.
«Людзі адчулі сябе сапраўднымі беларусамі»
— Вы цяпер працуеце ў Радзе міністраў паўночных краін у Латвіі. Раскажыце, чым вы займаецеся і ці прысутнічае ў вашым працоўным раскладзе беларускае пытанне.
— У Радзе міністраў паўночных краін у Рызе мы працуем над развіццём адносінаў паміж паўночнымі краінамі і Латвіяй. На гэтым палягае мая асноўная праца. Беларускае пытанне заўжды са мной застанецца, але яно ўжо не звязанае непасрэдна з маёй прафесійнай дзейнасцю. Рада міністраў паўночных краін займаецца беларускімі праектамі, але гэта робіцца нашым офісам у Літве, у Вільнюсе. Гэта не значыць, што Беларусь зусім адсутнічае ў маім жыцці ў Рызе, тут таксама ёсць беларуская дыяспара, я падтрымліваю кантакты з ёю. Летась сюды прыязджала Святлана Ціханоўская, нам удалося разам з Дацкім інстытутам культуры і шведскай амбасадай арганізаваць канцэрт Вольнага хору з Беларусі. Гэта, хутчэй, выключэнне, але мы палічылі важным такі канцэрт падтрымаць.
— Вы бачылі жорсткі разгон пратэстаў у Мінску ў 2010 годзе, шмат хто з палітыкаў і актывістаў аказаўся ў турмах. Якія думкі і пачуцці ў вас былі, калі вы даведаліся пра падзеі 9 жніўня 2020 года і сачылі за тым, што адбывалася пазней?
— Вядома, я сачыў за ўсім гэтым. З аднаго боку было здзіўленне. Не таму, што ўсё гэта адбылося нечакана, а праз тое, як гэта адбывалася, як беларусы ў Мінску і не толькі мірна выйшлі сказаць, што хочуць пераменаў. Я гэтага не чакаў. Магчыма, таму, што не быў у краіне і чагосьці не ведаў, але думаю, што некаторыя беларусы таксама здзіўляліся гэтаму. Гэты рух, калі людзі нібыта прачнуліся — гэта тое, чаго многія доўга чакалі, і не ўсе верылі, што гэта магчыма, але абставіны склаліся так, што гэта адбылося. І я таксама, як і шмат беларусаў, адчуваў пэўную эйфарыю спачатку, гэта давала надзею на тое, што змены магчымыя і што яны адбудуцца.
— Але потым у большасці беларусаў эйфарыя перайшла ў апатыю. У вас таксама?
— Потым усё развівалася так, як развівалася. Адметна, што ў гэтым руху істотную ролю адыграла менавіта беларушчына, што ён быў у сваёй сутнасці беларускім. Людзі, мабыць, самі таго не чакаючы, адчулі сябе сапраўднымі беларусамі і былі гатовыя гэта паказаць. Але, на жаль, мірныя маніфестацыі, у якіх узялі ўдзел, думаю, мільёны беларусаў, аказаліся недастатковымі для таго, каб надышлі змены.
— Як вы думаеце, чаму жорсткія паводзіны беларускіх уладаў сталі магчымымі? Можа, краінам Захаду трэба было ў 2010 годзе мацней ціснуць на Лукашэнку, каб пазбегнуць падзеяў 2020-га?
— Тое, што адбылося, сведчыць, што ва ўладаў былі сродкі супрацьстаяць мірнаму пратэсту, і іх хапіла, каб яго задушыць. Я думаю, што ціск з боку Захаду ў гэтай сітуацыі — пытанне гіпатэтычнае. Я не ўпэўнены, што ў той час гэта дапамагло б сітуацыі. Цяжка сказаць, я сачыў за падзеямі як абывацель і не быў звязаны з тым, што адбывалася, але думаю, што, на жаль, такі ціск наўрад ці змяніў бы нешта. Магчыма, я памыляюся, але не ведаю, які ціск быў бы магчымы ў той сітуацыі, прынамсі, мне не зусім ясна, што звонку змагло б павярнуць падзеі ў іншы бок.
— З кім з беларусаў вы цяпер падтрымліваеце самыя цесныя кантакты?
— Кантакты я падтрымліваю шмат з кім, але сітуацыя такая, што мне не хочацца называць імёны. Выбачайце, не варта лішні раз падстаўляць людзей. Вядома, цяпер я ў асноўным сустракаюся з беларусамі, якія ўжо жывуць не ў Беларусі, а ў Латвіі, Літве, Польшчы, Швецыі. З тымі, хто застаецца ў краіне, даводзіцца падтрымліваць сувязь праз сацыяльныя сеткі ці іншыя сродкі камунікацыі.
«Ведаю шмат беларусаў, якія цяпер за кратамі»
— Як вы ацэньваеце беларускі палітычны працэс, які ідзе цяпер? На вашую думку, дэмакратычныя сілы Беларусі цяпер больш аб’яднаныя, чым былі за часам вашай працы ў Беларусі?
— Я назіраў за тым, як дэмакратычныя сілы спрабавалі аб’ядноўвацца і ў мінулым, і я ведаю, што гэта было складана рабіць ва ўмовах, якія былі тады ў Беларусі. Людзі розныя, яны, на жаль, не ідэальныя, у іх ёсць амбіцыі, гэта добра, але амбіцыі могуць перашкаджаць працэсу. Мне здаецца, што цяпер супраца вядзецца паспяхова, і я заўжды лічыў і лічу, што важна, каб людзі, якія знаходзяцца ў складаных умовах (шмат каму давялося з’ехаць з краіны), шукалі агульнае, знаходзілі спосабы разам змагацца за дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь. Поўнага аб’яднання ніколі не адбудзецца, заўсёды будуць людзі, у якіх ёсць свае думкі, і яны маюць на гэта права. Але ў асноўным тое, што я бачу, сведчыць, што працэс аб’яднання ідзе паспяхова, наколькі гэта магчыма.
— Падчас Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі вы падтрымалі Алеся Бяляцкага. За лёсам каго яшчэ з беларускіх палітычных вязняў вы сочыце? Ці падтрымліваеце кантакты з імі, з іх сем’ямі?
— Я ведаю шмат людзей, якія цяпер, на жаль, знаходзяцца за кратамі. Стараюся сачыць за іх лёсамі. Часам мне трохі сорамна, што я не пішу ім лістоў. Камусьці я пісаў, але, вядома, трэба было пісаць болей. Праз сацыяльныя сеткі я падтрымліваю кантакты з сем’ямі некаторых палітычных вязняў.
— Як вы падтрымліваеце свой узровень беларускай мовы і ўвогуле «Беларусі-ў-сабе»? Што чытаеце, гледзіце?
— Калі я прыехаў працаваць у Латвію, у мяне было заданне вывучыць латышскую мову, таму пэўны час «Беларусь-ува-мне» не вельмі актыўна прысутнічала. Але я сустракаюся з беларусамі тут і ў суседніх краінах, гэта дапамагае. У тых жа сацыяльных сетках у мяне застаецца шмат кантактаў і мая стужка поўная падзеяў з Беларусі. Я падтрымліваю кантакты з культурнымі дзеячамі, але трохі і чытаю, вядома. На Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі была магчымасць не толькі сустрэцца з людзьмі, але і набыць новыя кніжкі Альгерда Бахарэвіча, Юліі Цімафеевай, буду з задавальненнем чытаць іх творы, і іншыя таксама.
— Сотні тысячаў беларусаў аказаліся ў эміграцыі. Як думаеце, у іх ёсць шанец хутка вярнуцца дамоў і калі гэта можа адбыцца?
— Я добра разумею пачуцці беларусаў і іх жаданне вярнуцца дамоў. Я вельмі спадзяюся і веру, што гэта абавязкова адбудзецца. Калі гэта адбудзецца — залежыць шмат ад чаго, не толькі ад саміх беларусаў, але і ад працэсаў, якія ідуць у суседніх краінах. Мне не хочацца верыць, што беларусы змогуць вярнуцца дамоў праз пакаленне, такія прагнозы я часам чую. Цяпер усё ў свеце развіваецца даволі хутка, таму я веру, што могуць здарыцца нечаканыя падзеі, якія паскораць гэты працэс. Калі канкрэтна — гэтага, на жаль, не ведае ніхто.
— А калі вернецеся ў Беларусь, то што зробіце найперш? Куды пойдзеце, з кім сустрэнецеся?
— Думаю, што найперш пайду на шпацыр па Мінску. Мае ўлюбёныя месцы — гэта гістарычны цэнтр, які захаваўся, я там жыў і працаваў. Я ведаю, што там адбыліся змены, спадзяюся, станоўчыя. Потым я б выехаў з Мінска, паглядзеў бы на іншыя мясціны, дзе даўно не быў. Паехаў бы на Палессе, на Браслаўшчыну, у Віцебск. Прыблізна гэтак я ўяўляю сваё вяртанне.