Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Спаў седзячы на падлозе, прыхіліўшыся да батарэі, не працёр пыл, не павітаўся з начальнікам. За такое палітвязні, якія ўжо знаходзяцца ў калоніях, могуць страціць яшчэ некалькі гадоў жыцця ў дадатак да асноўнага тэрміну. Так адбылося з Палінай Шарэндай-Панасюк: яна мусіла вызваліцца 6 жніўня, адбыўшы пакаранне, але з калоніі яе адправілі не на волю, а ў СІЗА па новай крымінальнай справе паводле арт. 411 аб непадпарадкаванні адміністрацыі. Мы знайшлі ў банку судовых рашэнняў прысуд Паліны і яшчэ некалькіх палітвязняў па гэтым артыкуле. Расказваем, якія падставы выкарыстоўвае сістэма, каб зламаць людзей, і без таго ўжо жорстка пакараных, і адабраць у іх надзею на вызваленне.

Построение осужденных в ИК №22, 2017 год. Фото: intex-press.by
Шыхтаванне асуджаных у ПК № 22, 2017 год. Фота: intex-press.by

«Рабіла фізічныя практыкаванні, была няветлівая»

Брэсцкая актывістка, маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая ў студзені 2021 года і ў чэрвені асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі паводле артыкулаў 364, 368 і 369 КК (абраза Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, гвалт у дачыненні да міліцыянта). Адбываць пакаранне яе адправілі ў жаночую калонію № 4 у Гомелі.

Жанчына выйшла б на волю яшчэ летась, але ў калоніі яе пачалі ўвесь час адпраўляць у штрафны ізалятар, абвінавачваючы ў парушэнні рэжыму, а ўжо ў лютым 2022-га распачалі крымінальную справу паводле арт. 411 «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Гэта была першая такая справа, заведзеная супраць жанчыны-палізняволенай. У красавіку суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес ёй прысуд — прызнаў вінаватай і прызначыў яшчэ год пазбаўлення волі.

Полина Шарендо-Панасюк. Фото: facebook.com/Andrei.Sharenda
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: facebook.com/Andrei.Sharenda

48-гадовую жанчыну пастаянна кідалі ў ШІЗА і памяшканне камернага тыпу, цяжкія ўмовы і адсутнасць нармальнага харчавання моцна ўдарылі па яе здароўі, яна страціла 18 кг вагі. У ліпені з’явілася інфармацыя, што яе збілі.

Адбыўшы свой павялічаны тэрмін, Паліна 6 жніўня 2023-га мусіла выйсці з калоніі. Аднак яшчэ з восені было вядома, што супраць яе вядзецца другая справа паводле ч. 2 арт. 411 КК. Тым не менш новай інфармацыі не было, і сям’я да апошняга спадзявалася, што, магчыма, жанчыну ўсё ж вызваляць у тэрмін.

Толькі 1 жніўня муж Паліны Андрэй Шарэнда даведаўся, што следства па яе новай крымінальнай справе скончанае, неўзабаве яно трапіць у суд, а гэта значыць, што на волю Паліна не выйдзе. 4 жніўня, за тры дні да чаканага вызвалення, жанчыну перавялі ў СІЗА.

Мы не ведаем, у якіх парушэннях яе абвінавацілі гэтым разам. Аднак у банку судовых рашэнняў ёсць першы прысуд Паліны Шарэнда-Панасюк па ч. 2 арт. 411 КК, вынесены 7 красавіка 2022-га.

«З мэтай ухілення ад папраўчага ўздзеяння з боку прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчай установы адкрыта адмаўлялася ад выканання патрабаванняў прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчай установы, якія ў сілу свайго службовага становішча мелі права выстаўляць названыя патрабаванні, а Ш. была абавязаная і магла іх выканаць, але наўмысна не выконвала без паважлівых прычын», — так гучыць абвінавачанне Паліны па арт. 411.

Вось у чым яе абвінавачвала адміністрацыя калоніі.

«Не прадстаўлялася па ўстаноўленай форме, паводзіла сябе некарэктна з адміністрацыяй, дапускала парушэнні правілаў нашэння формы, не выконвала законныя патрабаванні супрацоўнікаў ПУ (папраўчай установы. — Заўв. рэд.)». За гэта Паліну прызналі злоснай парушальніцай парадку адбыцця пакарання, падвяргалі спагнанням: пазбаўлялі спатканняў і пасылак, шэсць разоў змяшчалі ў ШІЗА.

Женская колония в Гомеле. Кадр из фильма «Дебют» Анастасии Мирошниченко
Жаночая калонія ў Гомелі. Кадр з фільма «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка

Знаходзячыся ў ШІЗА, Паліна дапусціла «парушэнне» распарадку дня — «спала седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення», а калі наглядчык запатрабаваў перастаць — «была няветлівая і выкарыстала жаргонныя словы». За гэта яе адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) тэрмінам на тры месяцы.

Што такое штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу ў калоніі?

Гэта фактычна карцар: маленькая турэмная камера з каменным «пуфікам» для сядзення і адкідной «шконкай» (ложкам) — яе адшпільваюць толькі на ноч з 21.00 да 5.00. Матраца і бялізны не выдаюць. Асабістыя рэчы туды браць нельга — толькі мінімум гігіенічных рэчаў. Днём у ШІЗА можна толькі хадзіць ці сядзець на каменнай тумбе. У камеры, акрамя лета, заўсёды холадна, ацяпленне на мінімуме, адчыненыя вокны. Зняволеным выдаюць спецыяльную форму для ШІЗА, а іх вопратку забіраюць, нават калготкі ў жанчын — яны застаюцца там у холадзе з голымі нагамі. Узімку ў ПК-4 нават на ноч не выдаюць целагрэек, уратавацца ад холаду няма чым, пісала «Вясна». Вязняў ШІЗА не выводзяць на шпацыр, яны пазбаўленыя перапіскі, спатканняў, званкоў, пасылак і ўсіх астатніх правоў зняволеных. У ШІЗА могуць адправіць толькі на 10 дзён, але нічога не перашкаджае адміністрацыям ПК выпісваць парушэнні і прызначаць карцар шмат разоў запар.

У ПКТ умовы амаль такія ж, як у ШІЗА, але там можа быць па некалькі чалавек у камеры. На ноч выдаецца матрац. Ёсць права прагулкі на 30 хвілін на дзень, адна бандэроль на паўгода, «атаварка» ў турэмнай краме на адну базавую велічыню на месяц, ёсць права перапіскі (зрэшты, яе ўсё роўна блакуюць цэнзары). У такіх умовах зняволеныя могуць знаходзіцца да 6 месяцаў запар, працягваючы хадзіць на працу.

Падчас знаходжання ў ПКТ Паліну зноў і зноў адпраўлялі ў ШІЗА. Вось якія парушэнні ёй ставілі ў віну:

  • «была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў зносіны з іншымі асобамі, якія ўтрымліваюцца ізалявана»;
  • «выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў не адведзены для гэтага час», а таксама «знаходзячыся з парушэннем формы адзення, зняўшы яе, пасля чаго на неаднаразовыя патрабаванні перастаць <…> не адрэагавала, была няветлівая»;
  • у той жа дзень «у камеры знаходзілася з парушэннем формы адзення, а менавіта: пінжак быў расшпілены, пасля чаго на патрабаванні перастаць <…> не адрэагавала, была няветлівая, а таксама звярнулася да супрацоўнікаў па неўстаноўленай форме».

Усе парушэнні, як гаворыцца ў прысудзе, пацвярджаліся запісамі відэаназірання, усталяванага ў камеры Паліны.

У прысудзе сцвярджаецца, што Шарэнда «не стала на шлях выпраўлення» і злосна не падпарадкоўвалася законным патрабаванням адміністрацыі. Па ч. 2 арт. 411 актывістцы далі дадатковы год пазбаўлення волі, а пасля суда перавялі ў ПК-24 для «рэцыдывістак» у Зарэччы пад Рэчыцай. Там пастаянныя спагнанні і ШІЗА працягнуліся.

Па новай справе па арт. 411 Паліне Шарэнда-Панасюк пагражае яшчэ да 2 гадоў пазбаўлення волі. Хутчэй за ўсё, за такія ж «абуральныя» парушэнні, за якія ёй дадалі тэрмін першы раз.

«Прапанавала зняць мундзір і не ганьбіць званне афіцэра»

Вікторыя Кульша была адміністратаркай тэлеграм-канала «97%». У лістападзе 2020-га яе і іншых фігурантаў затрымалі і абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў (ч.1 і 2 арт. 342 КК). 4 чэрвеня 2021 года суд вынес ёй прысуд — два з паловай гады пазбаўлення волі.

Виктория Кульша. Фото: spring96.org
Викторыя Кульша. Фота: spring96.org

Але ў гомельскай калоніі Вікторыі пастаянна давалі спагнанні за нейкія парушэнні, змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўлялі спатканняў, змяшчалі ў ПКТ на два месяцы і ў выніку завялі новую справу паводле ч.1 арт. 411 КК. На момант суда ёй заставалася менш за паўгода да вызвалення. Але яе прызналі вінаватай у «злосным непадпарадкаванні» супрацоўнікам калоніі.

«Падчас адбыцця пакарання належных высноваў для сябе не зрабіла, на шлях выпраўлення і перавыхавання не стала і зноў здзейсніла наўмыснае злачынства», — гаворыцца ў прысудзе. Гэта стандартная фармулёўка ў такіх справах.

Вось у чым, як сцвярджае адміністрацыя калоніі, заключалася «злоснае непадпарадкаванне»:

  • «пакінула працоўнае месца падчас выканання работ на фабрыцы»;
  • «не выканала распараджэнне супрацоўніка ПУ прайсці на прагляд тэлеперадачы»;
  • «парушыла форму адзення», «у яе быў расшпілены гузік на паліто, што сведчыла пра неахайны знешні выгляд асуджанай»;
  • «не павіталася, пры звароце да яе не прадставілася па ўсталяванай форме»;
  • «пры знішчэнні выходнай карэспандэнцыі асуджанай была няветлівая: пачала абурацца, самавольна ўстала і пайшла ў напрамку жылой секцыі»;
  • «знаходзячыся ў камеры ШІЗА/ПКТ, пры адкрыцці дзвярэй не ўстала, не павіталася, не прадставілася, не далажыла па ўстаноўленым узоры, не выканала абавязкі дзяжурнай»;
  • «адбываючы спагнанне ў камеры ПКТ, падчас правядзення пазапланавага ператрусу камеры была няветлівая з супрацоўнікамі ПУ, а менавіта: перабівала, спрачалася, гаварыла на павышаных тонах, пасля чаго на патрабаванні спыніць свае супрацьпраўныя дзеянні і прыступіць да навядзення парадку ў камеры не адрэагавала»;
  • «у камеры ПКТ пасля правядзення пазапланавага ператрусу камеры пачала выказваць незадаволенасць у адрас супрацоўнікаў папраўчай установы па парадку яго правядзення, а таксама была няветлівая, размаўляла на павышаных тонах, выказала пагрозу ў адрас супрацоўнікаў папраўчай установы».

Усяго жанчыне выпісалі 34 спагнанні.

Заключенные в ИК № 4 Гомеля. Фото: ПЦ "Вясна"
Зняволеныя ў ПК № 4 Гомеля. Фота: ПЦ «Вясна»

Вікторыі ўдалося выступіць на судзе. Жанчына сваёй віны не прызнала і тлумачыла, што ўсё адбывалася не так, як гэта прадставіла адміністрацыя калоніі. Паводле яе словаў, пасля прыбыцця яе толкам не азнаёмілі з правіламі і пастаянна абмяжоўвалі ў правах, спагнанні былі несправядлівыя.

Так, сваё першае спагнанне жанчына атрымала яшчэ падчас каранціну, то-бок неўзабаве пасля паступлення ў калонію, за пакіданне працоўнага месца. Як расказала Вікторыя, яна хацела адлучыцца ў прыбіральню, але нікога з начальства на месцы не было, каб спытаць дазволу. Тады яна падышла да іншай зняволенай, з якой разам была ў каранціне, і спытала ў яе, дзе прыбіральня. Вось тут работнік адміністрацыі фабрыкі ўжо з’явіўся, заўважыў гэта і далажыў кіраўніцтву.

Аднойчы яе змясцілі ў ШІЗА праз ліст да дачкі. На думку аператыўніка калоніі (мабыць, цэнзара), ліст жанчыны «ўтрымліваў у тэксце элементы цынічнасці» і таму быў знішчаны. Вікторыя запярэчыла — паводле яе, усё было карэктна. Але ёй чамусьці выпісалі спагнанне і адправілі ў карцар.

Жанчына на судзе пацвердзіла, што адмаўлялася звяртацца да супрацоўнікаў калоніі «грамадзянін начальнік» — бо такога патрабавання няма ў крымінальна-выканаўчым заканадаўстве.

У ШІЗА яна сапраўды не рапартавала наглядчыкам па ўзоры для дзяжурных, бо была там адна і не лічыла сябе дзяжурнай па камеры.

У яе камеры пастаянна праводзіліся пазапланавыя ператрусы. Падчас аднаго з іх супрацоўнікі калоніі знайшлі таблеткі. Вікторыя патлумачыла, што ёй тады трэба было іх прымаць. Мабыць, праз медыкаменты тады адбыўся адзін з канфліктаў, калі жанчына нібыта пагражала аператыўнікам.

Вікторыя на судзе пацвердзіла, што прапанавала дзяжурнаму памочніку «зняць мундзір і не ганьбіць званне афіцэра», але падкрэсліла, што сказала гэта ў карэктнай форме і «зрывам пагонаў не пагражала» (менавіта ў такой пагрозе яе абвінавачвалі).

Акрамя таго, палітзняволеная расказала, што калі ёй выносілі спагнанні, то пастановы ёй нават не зачытвалі цалкам, і яна не ведала, у чым менавіта яе абвінавачвалі, ёй абвяшчалі толькі пакаранне. Вікторыя адзначыла, што з самага прыбыцця ў калоніі да яе ставіліся перадузята. Яна заявіла, што абвінавачванне цалкам надуманае, і папрасіла суд апраўдаць яе.

Гэтага, вядома, не адбылося. Суд цалкам пагадзіўся з абвінавачаннем і асудзіў Вікторыю Кульшу на дадатковы год пазбаўлення волі. Апеляцыя нічога не дала.

Пасля гэтага жанчыну перавялі ў ПК-24 У Зарэчча. Там яе зноў кідалі ў карцар, на паўгода адправілі ў памяшканне камернага тыпу. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, наглядчыкі часта абражалі і прыніжалі Вікторыю, вядомы выпадак, калі адзін з іх душыў жанчыну і цягаў па камеры. Некалькі разоў Кульша трымала галадоўку на знак пратэсту.

У выніку на яе зноў завялі справу за непадпарадкаванне. Так Вікторыя Кульша стала першай жанчынай-палітвязнем, якую па гэтым артыкуле судзілі двойчы.

Фото: prisoners.spring96.org
Фота: prisoners. spring96.org

Паседжанне адбылося 7 красавіка 2023 года ў судзе Рэчыцкага раёна. Вось у чым абвінавацілі Вікторыю гэтым разам:

  • «адмаўлялася выконваць працу»;
  • «знаходзілася з парушэннем формы адзення, а менавіта без нагруднага знака»;
  • «пры адкрыцці камеры ШІЗА на патрабаванне начальніка атрада М. падысці да дзвярных кратаў і прадставіцца па ўстаноўленай форме не адрэагавала ніяк»;
  • калі ў камеру ПКТ зайшоў намеснік начальніка калоніі, «не выканала каманду „ўстаць-пашыхтавацца“, не павіталася, не прадставілася па ўстаноўленай форме, знаходзілася з парушэннем формы адзення (без форменнага пінжака)»;
  • «знаходзячыся ў клубе, не выканала агучаныя начальнікам ПУ К. неаднаразова (не менш за тры разы) патрабаванні прадставіцца па ўстаноўленай форме, знаходзілася з парушэннем формы адзення (без нагруднага знака на паўпаліто ватным)».

Вікторыя на судзе патлумачыла, што яе прымушалі працаваць швачкай, хоць яна гэтага не ўмее, акрамя таго, у яе кепскі зрок і праблемы з сэрцам. Ёй сказалі распісацца за інструктаж па ахове працы, уводны інструктаж па працоўным месцы, пратакол праверкі ведаў па ахове працы, а таксама паставіць подпіс у журнале, што ёй прызначылі стажыроўку. Але ні з адным з дакументаў яе не азнаёмілі, таму яна падпісваць адмовілася. Таксама ёй не выдалі абутак, які з’яўляецца сродкам абароны. Працоўнае месца не адпавядала патрабаванням, таму працаваць на ім яна адмовілася.

Швейный цен в одной из колоний Беларуси. Фото: mvd-din.by
Швейны цэх у адной з калоній Беларусі. Фота: mvd-din.by

Акрамя таго, Вікторыя расказала, што падвяргалася пастаянным знявагам і абразам з боку аднаго з супрацоўнікаў калоніі і звярталася ў сувязі з гэтым да начальніка, але гэта нічога не дало.

Суд зноў палічыў усе аргументы зняволенай нікчэнымі і стаў на бок адміністрацыі калоніі, прызнаўшы Вікторыю вінаватай у наўмысным злосным непадпарадкаванні.

«З мэтай ухілення ад папраўчага ўздзеяння з боку прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчай установы адкрыта адмаўлялася ад выканання патрабаванняў», — гаворыцца ў прысудзе.

На момант суда Вікторыі заставалася сем месяцаў да вызвалення. Ёй прызначылі яшчэ год калоніі, пасля частковага складання рэшта тэрміну склала 1 год і 5 месяцаў. А ўвесь тэрмін жанчыны з першапачатковых 2,5 вырас да 4,5 года.

Вікторыя Кульша зноў падала апеляцыю, але яна зноў была беспаспяховай. Дарэчы, на судзе жанчына і яе адвакат заявілі, што ім не давалі магчымасці размашляць сам-насам, канфідэнцыйна і ў неабходным аб’ёме. Аднак суд адкінуў гэтую прэтэнзію, бо яна «не пацверджаная матэрыяламі справы».

За час зняволення стан здароўя 41-гадовай жанчыны моцна пагоршыўся. Яна перанесла два сардэчныя прыступы, паведамлялі праваабаронцы.

«Адкрыта, без паважлівых прычын ляжаў на падлозе камеры»

34-гадовы маладзечанец Павел Пяскоў — адзін з першых асуджаных за падзеі лета 2020-га. Яму вынеслі прысуд яшчэ 18 верасня таго ж года паводле арт. 363 КК пра супраціў супрацоўніку міліцыі.

Гаворка ідзе пра інцыдэнт падчас акцыі пратэсту ў Маладзечне 19 чэрвеня, пасля затрымання Віктара Бабарыкі. Тады ў цэнтры горада міліцыя з выкарыстаннем непрапарцыйнага гвалту затрымлівала аднаго з удзельнікаў мірнай акцыі, некалькі мужчын спрабавалі не даць сілавікам яго забраць. Адбылося нешта накшталт бойкі, супрацоўнік АМАП тады дастаў пісталет — шмат хто памятае гэтыя кадры.

Павел Песков на суде. Фото: Spring96.org
Павел Пяскоў на судзе. Фота: Spring96.org

Пасля гэтага двое мужчын былі затрыманыя па крымінальнай справе — Уладзіслаў Еўсцігнееў і Павел Пяскоў. Першы атрымаў 3 гады пазбаўлення волі, а Павел — 3 гады і 3 месяцы.

Адбываць пакаранне Пяскова адправілі ў ПК-2 у Бабруйску. Там яму рэгулярна выносілі спагнанні і прызначалі ШІЗА. А ў выніку распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.

Калі да вызвалення Паўлу заставаўся год і тры месяцы, у Бабруйску адбыўся суд над ім. Вось у чым яго абвінавачвалі:

  • «адмовіўся выканаць патрабаванне начальніка атрада па калектыўным самаабслугоўванні, правядзенні ўборкі лакальнага ўчастка на падставе пазачарговага дзяжурства»;
  • «адкрыта, без паважлівых прычын не выйшаў на шпацыр»;
  • «змешчаны ў памяшканне камернага тыпу і з’яўляючыся дзяжурным па камеры, адмовіўся зрабіць уборку прагулачнага двара»;
  • «адмовіўся выканаць патрабаванне па правядзенні ўборкі рукамыйніка на падставе чарговага дзяжурства»;
  • «адкрыта, без паважлівых прычын, у парушэнне распарадку дня для асуджаных, змешчаных у штрафны ізалятар, ляжаў на падлозе камеры, чым груба парушыў усталяваны парадак адбыцця пакарання».

За гэтыя парушэнні — за якія ён ужо адседзеў у ШІЗА і ПКТ — Пяскову прызначылі дадаткова 1 год пазбаўлення волі. Пасля частковага складання рэшта тэрміну пакарання склала 1 год і 9 месяцаў, то-бок агульнае пакаранне мужчыны вырасла на паўгода. Аднак гэтым суд не абмежаваўся — яму яшчэ і змянілі рэжым утрымання на строгі і адправілі ў іншую калонію — ПК-5 у Івацэвічах.

«Спаў седзячы на падлозе ў камеры ШІЗА, прыхіліўшыся да батарэі»

27-гадовы мінчук Павел Аўчароў быў асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 23 верасня 2020 года пасля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Яго і яго сябра Эміля Гусейнава выцягнулі з іх машыны супрацоўнікі АМАП. Хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта заклікалі да ўдзелу ў масавых беспарадках, блакавалі дарогі, парушылі працу «Мінсктранса», аказалі супраціў сілавікам. Нібыта яшчэ ў верасні яны падрыхтавалі аўтамабіль з экіпіроўкай і прыладамі злачынства (там знайшлі абсталяванне для гульні ў страйкбол і піратэхніку), а на іх саміх былі ахоўныя камізэлькі.

Павел Овчаров. Фото: Spring96.org
Павел Аўчароў. Фота: Spring96.org

Як потым патлумачылі Павел і яго айчым на судзе, гэта была звычайная камізэлька з вялікай колькасцю кішэняў, якая дасталася ў падарунак ад дзеда-рыбака, хлопец надзеў яе проста для цяпла. Павел і Эміль расказалі, што былі паблізу акцыі ля «Пушкінскай», але не далучаліся да яе і з’ехалі, потым іх заблакавалі супрацоўнікі АМАП і сілай вывалаклі з машыны, наставіўшы зброю, хоць хлопцы не супраціўляліся і гатовыя былі выйсці самі. Страйкбольнае абсталяванне і піратэхніка былі набытыя яшчэ некалькі гадоў таму і проста валяліся ў машыне разам з іншымі рэчамі.

Тым не менш за гэта хлопцам інкрымінавалі адразу тры артыкулы КК: ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 342 і ч. 1 арт. 363 (удзел у масавых беспарадках, актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, супраціў супрацоўнікам міліцыі).

Айчым і калега Аўчарова на судзе расказалі, што Павел — педагог, на свае грошы арганізаваў гурток адзінаборстваў, бясплатна рыхтаваў дзяцей да спаборніцтваў, праводзіў намётавыя лагеры. З дзяцінства займаўся таксама музыкай, керамікай. Яго ахарактарызавалі як «прыгожага, сумленнага чалавека, які заўсёды прыходзіць на дапамогу», дапамагае сваёй вялікай сям'і, вядзе здаровы лад жыцця.

Абодва хлопцы атрымалі па 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паўла Аўчарова адправілі адбываць пакаранне ў ПК-17 у Шклове. Там у адміністрацыі да яго стала ўзнікаць мноства прэтэнзій. Яму прызначылі 13 спагнанняў, пазбаўлялі перадач і спатканняў, тры разы змяшчалі ў ШІЗА і двойчы пераводзілі ў памяшканне камернага тыпу — спачатку на адзін, а потым і на чатыры месяцы. А пасля гэтага завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК.

Вось у якіх парушэннях Паўла абвінаваціла адміністрацыя калоніі:

  • «быў затрыманы вайсковым нарадам кантралёраў на цэнтральнай алеі каля стадыёна папраўчай установы з парушэннем формы адзення»;
  • «падчас правядзення вячэрняй праверкі, а таксама вяртаючыся з вячэры, размаўляў з асуджанымі ў страі»;
  • «знаходзячыся на цэнтральнай алеі, пры сустрэчы са старшым інжынерам аддзела тылавога забеспячэння не павітаўся і не прадставіўся па ўстаноўленай форме» (за гэта, напрыклад, далі 7 сутак ШІЗА);
  • «адбываючы пакаранне ў камеры штрафнога ізалятара, не прыступіў да ўборкі камеры згодна з графікам» а палове шостай раніцы;
  • «у катэгарычнай форме адмовіўся выканаць патрабаванні адміністрацыі адпрацаваць пазачарговае дзяжурства па ўборцы тэрыторыі папраўчай установы» (далі 10 сутак ШІЗА, а наступным разам — месяц ПКТ);
  • «адбываючы пакаранне ў камеры штрафнога ізалятара, спаў седзячы на падлозе ў камеры» прыхіліўшыся да батарэі" (яшчэ 10 сутак ШІЗА);
  • «адбываючы пакаранне ў камеры штрафнога ізалятара, знаходзіўся з парушэннем формы адзення: без курткі баваўнянай, з голым торсам»;
  • не выканаў патрабаванні «ўстаць, падысці да вочка дзверы камеры і прадставіцца па ўсталяванай форме» ў ШІЗА, за што атрымаў яшчэ 10 сутак карцара;
  • адбываючы пакаранне ў ПКТ, «адмовіўся правесці ў поўным аб’ёме ўборку прагулачнага двара», пасля трэцяга такога выпадку прызначылі яшчэ 4 месяцы ПКТ.

8 ліпеня 2022 года адбыўся суд, які прызначыў Паўлу дадаткова 1,5 года пазбаўлення волі. З улікам неадбытага рэшту яго тэрміну склала 4 гады. Таксама мужчыну перавялі на строгі рэжым — спачатку ў магілёўскую турму, потым у ПК-13 у Глыбокім і потым у ПК-9 у Горках, дзе ён знаходзіцца цяпер.

«Адмовіўся ад прыборкі туалетнага пакоя»

42-гадовы мінчук Андрэй Навіцкі знаходзіцца за кратамі з 1 чэрвеня 2021 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў трох сталічных акцыях пратэсту ў верасні-кастрычніку 2020 года: нібыта ён сваім знаходжаннем на праезнай частцы перакрываў дарогі (хоць яны ўжо былі перакрытыя ДАІ), выкрыкваў лозунгі, Нёс бел-чырвона-белы сцяг. За гэта яму інкрымінавалі ч.1 арт. 342 КК.

Андрей Новицкий. Скриншот видео Youtube-канала "Путем истины"
Андрэй Навіцкі. Скрыншот відэа YouTube-канала «Путем истины»

Але таксама мужчыну абвінавацілі па 368 КК у абразе Аляксандра Лукашэнкі — ён назваў яго грубым словам у адным з відэа на ўласным YouTube-канале «Путем истины». Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі слоічак з 33 грамамі паляўнічага пораху — і за гэта інкрымінавалі яшчэ і ч.2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні з выбуховымі рэчывамі).

На судзе мужчына прызнаў, што ўдзельнічаў у акцыях, але падкрэсліваў, што гэта было яго канстытуцыйным правам, акрамя таго, за іх яго ўжо судзілі па адміністрацыйным артыкуле. Ён таксама прызнаў абразу Лукашэнкі, але адзначыў, што назваў яго тым самым словам, якім Лукашэнка называў людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, таму лічыў, што так гаварыць можна.

Што да пораху, Навіцкі растлумачыў, што ўзяў яго яшчэ 20 гадоў таму ў знаёмага паляўнічага для вырабу петардаў. Ён быў упэўнены, што раз гэта такі ж порах, як у звычайных петардах, ён прадаецца ў рознічных крамах, сам па сабе не выбухае, то захоўваць яго дома цалкам законна. Да таго ж ён з’яўляецца кампанентам паляўнічай зброі, а ў артыкуле 295 КК наўпрост напісана, што на паляўнічую зброю і кампаненты ён не распаўсюджваецца. На гэтым настойваў і прызначаны адвакат мужчыны. Ён патрабаваў правесці экспертызу для доказу таго, што гэта менавіта паляўнічы порах. Але суд адмовіў.

Андрэя Навіцкага ў верасні 2021 года асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. У студзені 2022-га яго перавялі з СІЗА ў папраўчую калонію № 2 у Бабруйску. Далей усё было як у іншых: спагнанні, ШІЗА, месяцы ў памяшканні камернага тыпу. Вельмі хутка супраць яго распачалі крымінальную справу па арт. 411 КК. Суд адбыўся ўжо 13 чэрвеня 2022-га.

Исправительная колония №2, Бобруйск. Фото: komkur.info
Папраўчая калонія № 2, Бабруйск. Фота: komkur.info

Вось у якіх парушэннях адміністрацыя бабруйскай калоніі абвінаваціла Андрэя:

  • «адмовіўся выканаць законнае патрабаванне начальніка атрада па калектыўным самаабслугоўванні, правядзенні ўборкі жылой секцыі на падставе чарговага дзяжурства»;
  • «падчас сустрэчы з начальнікам аддзела папраўчага працэсу не павітаўся»;
  • «не выйшаў на шпацыр без паважлівых прычын»;
  • «з'яўляючыся дзяжурным па камеры ў ПКТ, адкрыта без паважлівых прычын у катэгарычнай форме адмовіўся правесці ўборку прагулачнага двара»;
  • «адмовіўся выканаць патрабаванні па правядзенні ўборкі калідора, пакоя захоўвання асабістых рэчаў атрада, тэрыторыі лакальнага ўчастка, туалетнага пакоя (памяшкання рукамыйніка)».

Чаму асуджаныя могуць адмаўляцца ад уборкі

У месцах пазбаўлення волі, асабліва мужчынскіх зонах, ёсць свае парадкі і «паняцці». У прыватнасці, гэта датычыць уборкі тэрыторыі і грамадскіх памяшканняў, а асабліва прыбіральняў, калідораў. Як правіла, такой уборкай займаюцца зняволеныя «паніжанага статусу», зносіны з якімі лічацца непрымальнымі для астатніх — інакш паніжаны статус і адпаведнае стаўленне распаўсюдзіцца і на іх. Бывае, што ў дачыненні да некаторых зняволеных спецыяльна прымаюць меры для паніжэння іх статусу — у прыватнасці, прымушаюць прыбіраць туалеты або змяшчаюць да тых, хто такі статус ужо мае. Мэта — зрабіць умовы знаходжання пэўных зняволеных у калоніі яшчэ больш невыноснымі.

У выніку суд Бабруйска прызначыў Навіцкаму дадаткова год пазбаўлення волі — пасля частковага складання яго агульны тэрмін вырас да 5 гадоў 4 месяцаў. Мужчыну перавялі на строгі рэжым і адправілі ў калонію № 11 у Ваўкавыску.

Але гэта быў яшчэ не канец. У новай калоніі супраць Андрэя Навіцкага зноў распачалі крымінальную справу паводле арт. 411 КК, паведамляла «Вясна». Суд над ім мусіў адбыцца 17 студзеня 2023 года — так мінчук стаў першым палітвязнем, каго па гэтым артыкуле асудзілі двойчы. Аднак вынік гэтага суда пакуль невядомы — прысуду ў банку судовых рашэнняў мы не знайшлі. Мужчыну маглі дадаць яшчэ да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Исправительная колония №8. Фото: TUT.BY
Папраўчая калонія № 8. Фота: TUT.BY

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», на канец ліпеня 2023 года было вядома пра 28 палітвязняў, у дачыненні да якіх распачалі крымінальныя справы паводле артыкула 411 КК за непадпарадкаванне ў калоніі альбо ўжо вынеслі прысуды, дадаўшы ім ад некалькіх месяцаў да двух гадоў пазбаўлення волі за раз. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Цыгановіч, Алена Гнаўк, нядаўна была заведзеная справа супраць Змітра Дашкевіча — у дзень, калі яго мусілі вызваліць пасля адбыцця тэрміну, ён быў пераведзены ў СІЗА. Яшчэ дзясяткам палітвязняў за «парушэнні ўнутранага распарадку» ўзмацнілі рэжым, пагаршаюць умовы ўтрымання.

«На гэтых палітвязняў ціск аказвалі адразу пасля этапу ў папраўчую калонію. Некаторыя ў калоніі не змаглі атрымаць ніводнай перадачы да пераводу на турэмны рэжым праз тое, што іх амаль адразу пасля этапу змяшчаюць у ПКТ. Адміністрацыя калоніі спецыяльна стварае невыносныя ўмовы ўтрымання, а потым яшчэ і пагаршае іх пераводам на рэжым з максімальнымі абмежаваннямі, пазбаўляючы людзей нават свежага паветра. Пры гэтым рапарты складаюць за тое, чаго палітвязень ніколі не здзяйсняў. Але абскардзіць змяшчэнне ў штрафны ізалятар або ПКТ вязням амаль немагчыма», — канстатуюць праваабаронцы.

Чытайце таксама