Рэдакцыя «Люстэрка» ў канцы года ўжо традыцыйна правяла сярод супрацоўнікаў галасаванне, у якім яны змаглі назваць сваіх герояў 2022-га. У выніку больш за ўсё галасоў набралі беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне. У самым пачатку расійскага ўварвання «Люстэрка» дэкларавала сваё непрыманне дзеянняў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама выказала поўную падтрымку Украіне. Мы лічым, што беларусы, якія адправіліся да нашых паўднёвых суседзяў, каб дапамагчы ім абараніцца ад агрэсіі — сапраўдныя героі, чыю ахвяру мы зможам ацаніць толькі пасля заканчэння вайны, калі адносіны паміж краінамі трэба будзе аднаўляць. Гэты тэкст — гісторыя беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, якая шмат у чым тлумачыць наш выбар.
Ад АТА да поўнамаштабнай вайны
Аповед пра беларускіх добраахвотніках ва Украіне, як і ў цэлым пра цяперашнюю вайну, варта пачаць са справакаванага Расіяй канфлікту, які пачаўся на Данбасе ў 2014 годзе. Практычна з самага пачатку баявых дзеянняў у ім удзельнічалі і беларусы — прычым па абодва бакі фронту.
Калі казаць пра прыхільнікаў адзінай Украіны, то ўжо вясной у складзе сфармаванага на аснове «Правага сектара» Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса ваявалі беларусы, якія ў 2015 годзе стварылі тактычную групу «Беларусь». Гэтае фарміраванне, у прыватнасці, брала ўдзел у баях за вёску Пяскі непадалёк ад Данецкага аэрапорта, а пазней адзначылася ў шэрагу іншых вядомых эпізодаў канфлікту.
У групу ўваходзілі не толькі нашыя суайчыннікі, але і ўкраінцы, а таксама расіяне. Так, першым загінулым байцом падраздзялення быў украінец Віталь Ціліжэнка. У складзе «Беларусі» ваяваў і Алесь Чаркашын (пазыўны — Тарас), які лічыцца першым загінулым беларускім добраахвотнікам на Данбасе — былы актывіст «Зубра» і БХД родам з Брэста, атрымаў смяротныя раненні падчас баёў на поўдзень ад Данецка, у раёне Валнавахі, у жніўні 2015 года. Яшчэ адзін вядомы баец «Беларусі» — ураджэнец Мінска Аляксей Скобля (пазыўны — Тур). Ён будзе адным з заснавальнікаў батальёна Кастуся Каліноўскага і загіне ў сакавіку 2022-га ў баях пад Кіевам.
У 2016 годзе байцоў тактычнай групы пачалі афіцыйна ўводзіць у склад адной з элітных частак УСУ — паведамлялася, што з імі будуць працаваць інструктары з ЗША і іншых краін NATO.
Іншым вядомым фарміраваннем, аснову якога склалі беларусы, стаў атрад «Пагоня», сфармаваны летам 2014-га на Захадзе Украіны. У адрозненне ад «Беларусі», ён не быў асобным падраздзяленнем і па сутнасці ўяўляў сабой мабілізацыйны цэнтр, праз які праходзілі нашыя суайчыннікі перад адпраўкай на фронт. Вядома, што ўжо ў канцы лета байцы, якія прайшлі праз яго, бралі ўдзел у баях за Ілавайск, якія трохі пазней ператварыліся для ўкраінскай арміі ў «кацёл» (лічыцца, што гэта адбылося пасля ўмяшання падраздзяленняў УС Расіі). Байцы фарміравання ў асноўным захоўвалі ананімнасць, аднак вядома, што сярод іх быў Іван Марчук (пазыўны — Брэст), які таксама пазней стане байцом палка Каліноўскага і загіне ў чэрвені 2022-га пад Лісічанскам.
У 2016-м атрад паведаміў пра прыпыненне ваеннай дзейнасці і стварэнне Грамадскага сектара атрада «Пагоня», які мусіў займацца дапамогай беларускім добраахвотнікам на Данбасе.
На баку Украіны беларусы ваявалі і ў шэрагах мясцовых добраахвотніцкіх батальёнаў (напрыклад, «Азова» і «Тарнада»), а таксама ў звычайных падраздзяленнях УСУ.
Дакладная колькасць нашых суайчыннікаў, якія ваявалі на Данбасе ў 2014−2022 гадах на баку Кіева, невядомая, бо падрабязнай нацыянальнай статыстыкі ўкраінскія ўлады не падавалі, а пераважная колькасць саміх байцоў аддавала перавагу захаванню ананімнасці (у прыватнасці, баючыся пераследу з боку афіцыйных уладаў Беларусі). У 2018 годзе тэлеканал «Белсат» спрабаваў падлічыць агульную колькасць беларусаў, якія ваявалі на ўсходзе Украіны: як на баку афіцыйных уладаў, так і ў складзе сепаратысцкіх фарміраванняў. Агульная ацэнка тады зводзілася да 1 тысячы воінаў з беларускімі пашпартамі.
Можна меркаваць, што ў далейшым нейкага значнага росту колькасці беларусаў, якія ваявалі на ўсходзе Украіны, не было — паступовае згасанне канфлікту на Данбасе, наадварот, прыводзіла да таго, што многія з іх вярталіся да мірнага жыцця і сыходзілі з УСУ. Аднак усё змянілася 24 лютага 2022-га, калі Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне.
З пачаткам вайны многія беларусы адразу ж вырашылі далучыцца да абароны Украіны. У першую чаргу гаворка якраз пра былых удзельнікаў АТА. «Люстэрка» расказвала гісторыю Іллі Хрэнава (пазыўны — Ліцвін), былога байца «Азова», які з 2014 года ваяваў на ўсходзе Украіны, а пасля нападу Расіі запісаў відэазварот да беларусаў і ўжо 24 лютага адправіўся абараняць Кіеў. 3 сакавіка ён загінуў падчас баёў за Бучу (на той момант яшчэ не было вядома пра зверствы, якія там учыніць войска РФ), стаўшы, імаверна, першым загінулым на поўнамаштабнай вайне беларусам.
Аднак да беларусаў, якія мелі баявы досвед АТА і ўжо некалькі гадоў жылі ва Украіне, пачалі масава далучацца палітычныя мігранты, што пакінулі нашую краіну праз пераслед пасля пратэстаў 2020-га. Гэта таксама добра відаць на прыкладзе аднаго з нашых матэрыялаў: праз тыдзень пасля пачатку вайны мы пагаварылі з беларусамі, якія абаранялі Украіну са зброяй у руках. З трох суразмоўцаў адзін быў удзельнікам АТА (у сакавіку ён займаўся стварэннем беларускай роты ў «Азове»), двое іншых прыехалі ва Украіну пасля 2020-га (яны трапілі ў тэрабарону).
Ужо неўзабаве многія беларусы, якія трапілі ў разрозненыя падраздзяленні УСУ, а таксама нашыя суайчыннікі, якія пачалі прыбываць на дапамогу Украіне з іншых краін, пачалі фармаваць нацыянальныя злучэнні.
Беларускія падраздзяленні на вайне ва Украіне
Першым і самым вядомым беларускім падраздзяленнем ва УСУ стаў полк імя Кастуся Каліноўскага. Пра яго фармаванне (тады яшчэ ў статусе батальёна) стала вядома 9 сакавіка — паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, да таго моманту ў шэрагах Узброеных сіл Украіны ўжо ваявалі 200 нашых суайчыннікаў, яшчэ 300 чакалі магчымасці далучыцца да іх у Польшчы, 5700 беларусаў дапамагалі абаронцам у тыле. Тады для абароны Кіева аб’ядналіся байцы тактычнай групы «Беларусь», сябры «Маладога фронту», «Моладзевага блока» і іншых арганізацый, а таксама асобныя беларусы.
У Дзень Волі, 25 сакавіка, батальён Каліноўскага ўвайшоў у склад УСУ, прыняўшы прысягу (яе тэкст быў складзены на беларускай мове і заканчваўся словамі «Жыве Беларусь»). Гэта падзея была важная яшчэ і таму, што з таго моманту злучэнне нават фармальна перастала падпадаць пад вызначэнне найміцтва — што, праўда, не перашкодзіла беларускім прапагандысцкім СМІ называць яго менавіта так.
У траўні батальён Каліноўскага быў перафарматаваны ў полк у складзе двух батальёнаў: «Ліцвін» і «Волат» (назвы былі абраныя па пазыўных загінулых байцоў злучэння). У ліпені пачалося фармаванне трэцяга батальёна — «Тэрор». Аднак ужо праз месяц яго камандзір з пазыўным Вараг быў звольнены з УСУ, а байцы, якія не падтрымалі гэтае рашэнне, аддзяліліся ад палка Каліноўскага, захаваўшы назву падраздзялення.
Камандзір палка Каліноўскага — Дзяніс Прохараў (пазыўны — Кіт). Сярод іншых прыкметных дзеячаў злучэння адзначым яго намесніка Вадзіма Кабанчука (Ігар, адзін з заснавальнікаў руху «Зубр»), Дзяніса Урбановіча (Ваўкалак, лідар «Маладога фронту»), весляра Паўла Шурмея (Дзядзька), Яўгена Міхасюка (Аўгуст, экс-кіраўнік Рады Асацыяцыі беларускіх студэнтаў), Сяргея Бяспалава (блогер, стваральнік паблікаў «Мая краіна — Беларусь» і «Вусы Лукашэнкі»).
Іншае вядомае беларускае падраздзяленне — полк «Пагоня» (не блытаць са згаданым вышэй атрадам, які дзейнічаў у гады АТА). Пра яго фармаванне ў складзе інтэрнацыянальнага легіёна УСУ 30 сакавіка паведаміў беларускі рэстаратар і палітычны актывіст Вадзім Пракоп’еў.
У чэрвені стала вядома, што першая група байцоў палка падпісала кантракты з Сіламі спецаперацый Украіны. У тым жа месяцы «Пагоня» пачала называцца палком спецыяльнага прызначэння. Яго трэніроўкамі займаўся амерыканскі ветэран вайны ў Іраку Мэцью Паркер.
«Пагоню» падтрымліваюць многія вядомыя беларусы: шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, гандбаліст і актывіст Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Канстанцін Якаўлеў.
Згадваліся таксама некалькі «ненацыянальных» злучэнняў, у складзе якіх былі беларусы. Гэта, напрыклад, добраахвотніцкі батальён «Братэрства» (у ім тады ваяваў адзін з самых вядомых «адзіночак» — Ігар Янкоў, вядомы таксама як Янкі), інтэрнацыянальны Антыаўтарытарны аддзел теробороны Кіеўскай вобласці (у ім былі ўдзельнікі анархісцкіх рухаў, у прыватнасці беларус Аляксей Балянкоў — пазней беларускія байцы атрада перайшлі ў полк Каліноўскага), спецыяльны легіён «Свабода Расіі» (расійскае нацыянальнае падраздзяленне, у складзе якога ёсць і беларусы). Пэўны час паведамлялася пра стварэнне брыгады імя Тадэвуша Касцюшкі — аднак пасля з’яўлення першых жа публікацый ад гэтага «злучэння» журналісты выказалі здагадку, што яго фармаванне было правакацыяй беларускіх сілавікоў, праведзенай з мэтай выявіць нашых суайчыннікаў, якія хочуць адправіцца ва Украіну. З красавіка 2022 года тэлеграм-канал брыгады не абнаўляецца.
Частка беларусаў таксама служыць непасрэдна ва УСУ. Напрыклад, наш суайчыннік Дзмітрый Рубашэўскі (Ганс), які загінуў у красавіку, служыў у 24-й механізаванай брыгадзе ўкраінскіх Узброеных сіл.
Якая ж агульная колькасць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне? Дакладнага адказу на гэтае пытанне няма. Прычыны ўсё тыя ж — ананімнасць значнай часткі байцоў і агульная канспірацыя на ўзроўні УСУ. Тым не менш некаторыя лічбы прыводзіліся.
У чэрвені Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю італьянскаму выданню Corriere della Sera заявіла, што ва Украіне налічваецца 1500 беларускіх добраахвотнікаў. Паводле яе інфармацыі, падраздзяленні знаходзіліся «ў розных гарадах, пад кіраўніцтвам украінскага войска».
Хроніка аперацый ад Кіева да Бахмута і трагічныя смерці
Пра канкрэтныя аперацыі, у якіх удзельнічалі беларусы, вядома няшмат — тут зноў уплываюць умовы ваеннага становішча і канспірацыі саміх падраздзяленняў. Аднак мяркуючы па інфармацыі, якую публікуюць самі падраздзяленні, яны паўдзельнічалі практычна ва ўсіх ключавых аперацыях УСУ за гэты год. Прасцей за ўсё прасачыць шлях беларускіх добраахвотнікаў па рэсурсах палка Каліноўскага, якія асвятляюць тое, што адбываецца са злучэннем, вельмі падрабязна.
Так, беларусы з ПК у самым пачатку ўварвання ўдзельнічалі ў абароне Кіева — там, нагадаем, загінулі Ліцвін і Тур, а яшчэ адзін баец страціў нагу. Сярод іншага беларусы ўдзельнічалі ў баях за Бучу і Ірпень, дзе загінуў Дзмітрый Тэрор Апанасовіч. Галоўным вынікам аперацыі стаў вывад расійскіх войскаў з Кіеўскага напрамку і адмова расійскага камандавання ад спробы бліцкрыгу з захопам украінскай сталіцы.
Полк Каліноўскага таксама паведамляў, што як мінімум пяць беларусаў былі ў ліку абаронцаў «Азоўсталі» — завода, які стаў апорай украінскіх сіл, што ўтрымлівалі Марыупаль. Толькі пасля 82 дзён гераічнай абароны абаронцы, што засталіся ў жывых, здаліся ў палон расіянам.
Пасля перамогі пад Кіевам частка беларускіх байцоў была перадыслакаваная на ўсход Украіны. Імаверна, менавіта там у выніку загінуў Канстанцін Дзюбайла (Фенікс), а затым і яшчэ адзін баец палка Каліноўскага — Павел Волат.
Прыкладна ў пачатку чэрвеня полк Каліноўскага быў перакінуты да Севераданецка і Лісічанска — гарадоў у Луганскай вобласці, за якія ў той перыяд ішлі жорсткія баі. У выніку населеныя пункты Украіны, нягледзячы на ўпартую абарону, утрымаць не ўдалося — шмат у чым праз значную перавагу УС РФ у артылерыйскай моцы. Падчас абароны Лісічанска, адбіваючы танкавую атаку, загінуў вышэйзгаданы Іван Брэст Марчук, Ян Дзюрбейка (Тромблі) і Сяргей Дзегцеў (Клешч) трапілі ў палон. Тады ж зніклі без вестак Васіль Атам Грудавік, Васіль Сябро Парфянкоў і Вадзім Папік Шатроў — іх смерць да гэтага часу афіцыйна не пацверджаная. Расійская прапаганда паведамляла пра разгром палка — дзясяткі загінулых і тых, хто здаўся ў палон, аднак само злучэнне гэтую інфармацыю абвяргала. Тым не менш можна ўпэўнена казаць, што менавіта падчас абароны Лісічанска беларускія добраахвотнікі панеслі самыя вялікія страты.
У канцы ліпеня загінуў неназваны каліновец з батальёна «Волат». У паведамленні палка толькі згадвалася, што гэта адбылося падчас вызвалення адной з украінскіх вёсак. Пазней усё ж з’явілася інфармацыя, што гэта адбылося на Паўднёвым напрамку.
Мяркуючы з паведамленняў палка Каліноўскага, у другой палове лета батальён «Тэрор» гэтак жа, як і «Волат», дзейнічаў у асноўным на поўдні Украіны. Імаверна, застаўся ён там і пасля свайго адлучэння ад ПК, бо байцы злучэння працягвалі публікаваць матэрыялы менавіта з Херсонскага напрамку. Пазней тут загінуў парамедык батальёна Міхаіл Юнгер Шавельскі. Матэрыялаў з іншых напрамкаў «Тэрор» у сваім тэлеграм-канале не публікаваў.
У пачатку снежня полк Каліноўскага таксама апублікаваў відэа, у якім баец батальёна «Волат» расказваў пра ход баявых дзеянняў, і згадаў, што раней быў на іншым напрамку — «кавуновым» (відавочна, меўся на ўвазе Херсон). З гэтых словаў, а таксама з кадраў моцна разбуранай гарадской забудовы і вялікай колькасці бруду можна было зрабіць выснову, што гаворка, магчыма, ішла пра Бахмут. Пазней гэты горад згадваўся палком і наўпрост, а стылістыка кадраў была вельмі падобнай.
10 снежня полк праведаміў пра гібель Аляксея Якуба Аўдзеенкі якраз на Бахмуцкім напрамку. Яшчэ раней, у верасні, тут жа загінуў баец палка «Пагоня» Аляксей Вешчавайлаў.
Такім чынам, беларусы паўдзельнічалі практычна ва ўсіх важных аперацыях расійска-ўкраінскай вайны: у бітвах за Кіеў і Данбас, абароне Марыупаля, контрнаступленні ў Харкаўскай вобласці, баях на поўдні і вызваленні Херсона, якія адбыліся за імі, а таксама ў баях за Бахмут, якія працягваюцца дагэтуль. На дадзены момант вядома пра 16 беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны.
Вось гэтыя людзі
- Ілля Літвін Хрэнаў (баец палка Каліноўскага, загінуў 3 сакавіка ў баі за Бучу);
- Аляксей Тур Скобля (баец палка Каліноўскага, загінуў 13 сакавіка каля вёскі Машчун пад Кіевам);
- Дзмитрый Тэрор Апанасовіч (баец палка Каліноўскага, загінуў 24 сакавіка пад Ірпенем);
- Дзмітрый Ганс Рубашэўскі (баец падраздзялення ў 24-й механізаванай брыгадзе імя Данііла Галіцкага УСУ, загінуў 12 красавіка ў Луганскай вобласці);
- Канстанцін Фенікс Дзюбайла (баец 46-га асобнага батальёна спецыяльнага прызначэння «Данбас-Украіна», загінуў у канцы красавіка на Данбасе);
- Павел Волат (баец палка Каліноўскага, загінуў 16 траўня, як мяркуецца, на ўсходзе Украіны);
- Іван Брэст Марчук (баец палка Каліноўскага, загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам);
- Васіль Атам Грудавік (баец палка Каліноўскага, смерць афіцыйна не пацверджаная, як мяркуецца, загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам);
- Васіль Сябро Парфянкоў (баец палка Каліноўскага, смерць афіцыйна не пацверджаная, як мяркуецца, загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам);
- Вадзім Папік Шатроў (баец палка Каліноўскага, смерць афіцыйна не пацверджаная, як мяркуецца, загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам);
- Невядомы баец палка Каліноўскага, батальён «Волат» (загінуў 28 ліпеня на поўдні Украіны);
- Аляксей Вешчавайлаў (баец палка «Пагоня», загінуў 26 верасня пад Бахмутам);
- Невядомы баец палка Каліноўскага (загінуў 3 кастрычніка, месца гібелі невядомае);
- Міхаіл Юнгер Шавельскі (парамедык батальёна «Тэрор», загінуў 10 кастрычніка ў раёне вёсак Безыменнае і Шчаслівае на поўдні Украіны);
- Невядомы баец палка Каліноўскага (загінуў 7 лістапада, імаверна на поўдні Украіны);
- Аляксей Якуб Аўдзеенка (баец УСУ, загінуў 4 снежня пад Бахмутам).

Дзеянні беларускіх добраахвотнікаў высока ацэньваліся афіцыйнымі прадстаўнікамі Украіны.
«Беларускія добраахвотнікі — гэта адна з самых баяздольных частак Узброеных сіл Украіны. Вось чым могуць ганарыцца беларусы, дык гэта сваімі землякамі на полі бою. Так, як змагаюцца беларусы, дай бог змагацца многім сілам. Яны бліскучыя ўзоры асабістай мужнасці, адвагі і ваеннага мастацтва дэманструюць, — гаварыў пазаштатны дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. — <…> Яны з 2014 года ваююць, і гэта найлепшыя ўзоры паводзін на поле бою. Вось адразу ўспамінаеш беларускі герб, дзе белы рыцар змагаецца са злом. То-бок беларусы руляць на полі бою. Вельмі мужныя людзі, вельмі прафесійныя людзі».
Яшчэ аб’ектыўнейшая ацэнка ўнёску беларусаў у абарону Украіны — дзяржаўныя ўзнагароды. Найвышэйшая — званне Героя Украіны — была прысвоеная ў красавіку прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім загінуламу Аляксею Туру Скоблю. Украінскія дзяржузнагароды — у прыватнасці «За баявыя заслугі» і «Україна — понад усе!» уручаліся мноству беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку пасмяротна.
Ускосна значнасць беларускіх добраахвотнікаў пацвярджаюць і пастаянныя паведамленні пра іх з боку расійскай прапаганды. Так, у ліпені памочнік кіраўніка МУС самаабвешчанай ЛНР Віталь Кісялёў раптам паведаміў, што сілы сепаратыстаў знішчылі больш за палову асабовага складу палка Каліноўскага. «На сённяшні дзень там, па-мойму, ужо 40% засталося ад гэтага палка або батальёна — як яны там сябе называюць (Каліноўскага)», — сказаў Кісялёў. Гэтыя паведамленні ніяк не пацвердзіліся, аднак ускосна даказваюць, што пра беларускіх добраахвотнікаў на фронце сепаратысты ведаюць не па чутках.
Пераслед уладаў, канфлікты і палітычныя амбіцыі
Практычна з моманту з’яўлення беларускіх фарміраванняў ва Украіне большасць з іх не хавала сваёй канчатковай мэты — звяржэнне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
«Гэта нашая вайна таксама, таму што наш дэвіз палкавы — мы вызваляем Беларусь праз вызваленне Украіны. Па сутнасці, у нас адзін вораг: рэжым Пуціна і яго марыянетка, рэжым Лукашэнкі. Нам бы, вядома, не хацелася ваяваць адно з адным, але калі яны [беларускія войскі] пачнуць заходзіць ва Украіну, мы будзем іх першымі сустракаць, і мы пра гэта просім украінскае кіраўніцтва і самі хочам. Таму што ў нас ёсць надзея, што большасць з іх пяройдзе да нас. І гэта будзе канец рэжыму Лукашэнкі, мы тады разам з імі проста зойдзем на тэрыторыю Беларусі, і прыбяром гэты рэжым, і ўрэшце вызвалім народ Беларусі ад дыктатуры», — гаварыў намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук у кастрычніку ў інтэрв'ю Euronews.
Відавочна, такая мэта не магла застацца без увагі афіцыйных беларускіх уладаў. Практычна адразу ж пасля з’яўлення першых навінаў пра беларускія фарміраванні ва Украіне дзяржпрапаганда пачала кампанію па дыскрэдытацыі добраахвотніцкага руху — сцвярджалася, што большасць байцоў не ўдзельнічае ў рэальных баях, а тыя, што ўдзельнічаюць, адразу ж гінуць. Кіраўнік МУС Іван Кубракоў наогул назваў іх «здраднікамі Радзімы». У дзяржСМІ тэрмін «добраахвотнікі» ў дачыненні да беларусаў, якія ваююць ва Украіне, не ўжываецца — замест яго выкарыстоўваюцца «найміты», «нацысты» і «неанацысты».
Паралельна выкарыстоўвалася запалохванне. Сілавікі пачалі затрымліваць сваякоў добраахвотнікаў, якіх ім удалося ідэнтыфікаваць. З некаторымі з іх здымалі «пакаяльныя» відэа, у якіх людзі паведамлялі, што не падтрымліваюць рашэнне блізкіх ваяваць за Украіну, сюжэты з некаторымі з іх паказвалі на дзяржТБ.
Тым, хто наважыцца паехаць ваяваць ва Украіну, пагражалі крымінальнымі справамі па артыкуле 133 КК РБ «Наёмніцтва» — але на самай справе байцы, якія змагаюцца ў шэрагах УСУ, не могуць быць прыцягнутыя па гэтым артыкуле, бо не з’яўляюцца наймітамі. Тым не менш спосаб прававога ціску знайшоўся — беларускія фармаванні спачатку прызнаюць экстрэмісцкімі, а потым заводзяць на іх удзельнікаў справы паводле адпаведных артыкулаў. І не толькі на іх.
У лістападзе па артыкуле 361−4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» справу завялі на маці загінулага каліноўца Паўла Волата Наталлі Суславай, якая пасля смерці сына ўдзельнічала ў некалькіх мерапрыемствах злучэння. Пазней сілавікі таксама разграмілі яе кватэру ў Гомелі. Крымінальную справу завялі і на бабруйчаніна Сяргея Франчука, стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука — мяркуючы па ўсім, па «пратэсным» артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Былі і выпадкі прысуджэння рэальных тэрмінаў за нібыта спробы адправіцца ва Украіну ваяваць — так, у ліпені стала вядома, што 37-гадовага жыхара Брэста Сяргея Вайцюка асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў калоніі за жаданне далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў. Паводле абвінавачання, 14 красавіка ён паехаў на таксоўцы ў Маларыцкі раён, у бок беларуска-ўкраінскай мяжы. Спярша мужчына паспрабаваў знайсці правадніка, каб нелегальна перайсці мяжу, потым пайшоў у пункт пропуску «Макраны», але там яго развярнулі, а неўзабаве і затрымалі.
Пра спробы правакацый мы ўжо расказвалі вышэй — прыкладам можа быць стварэнне фэйкавай «брыгады Касцюшкі».
Нягледзячы на прыніжальнае стаўленне з боку СМІ, улады да пагрозы, якая ідзе ад добраахвотнікаў, мяркуючы па ўсім, ставяцца цалкам сур’ёзна. У кастрычніку Лукашэнка склікаў нараду па бяспецы, падчас якой шмат гаварыў пра полк Каліноўскага і радыкалах, якая «затаіліся» ў Беларусі.
Таксама адзначым, што некаторыя фарміраванні за час свайго існавання адзначыліся ў гучных гісторыях, звязаных з палітыкай ці супрацоўніцтвам з іншымі беларускімі арганізацыямі.
Першапачаткова стварэнне беларускіх добраахвотніцкіх фарміраванняў было падтрыманае пераважнай большасцю беларускіх дэмакратычных сіл. У прыватнасці, Офіс Святланы Ціханоўскай з самага пачатку вайны заклікаў ствараць добраахвотніцкія падраздзяленні ва Украіне, разам з фондам BYSOL збіраў і адпраўляў для іх дапамогу, а затым вітаў стварэнне батальёна Каліноўскага і дапамагаў сярод іншага і яму.
Полк адказваў узаемнасцю — рэгулярна дзякаваў Офісу Ціханоўскай за пастаўкі экіпіроўкі, тэхнікі і іншых сродкаў. Аднак у ліпені грымнуў скандал: каліноўцы заявілі, што не супрацоўнічаюць з фондам салідарнасці BYSOL, які збірае ахвяраванні на розныя ініцыятывы для беларусаў і ўкраінцаў, і матэрыяльнай дапамогі ад яго не атрымлівае. Пры гэтым, як сцвярджалася ў заяве, для арганізацыі і прасоўвання данатаў фонд выкарыстаў фатаграфіі байцоў палка, узятыя без дазволу. Каліноўцы заклікалі дапамагаць ім наўпрост праз рэквізіты фарміравання. У сваю чаргу заснавальнік і кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак запрасіў прадстаўнікоў фарміравання «на адкрытую і сумленную размову». Аднак дыялогу ў выніку не адбылося.
Складанасці ў адносінах палка Каліноўскага з дэмакратычнымі сіламі працягнуліся ў канцы лета і ўвосень. Спачатку прадстаўнікі фарміравання заявілі, што не будуць прысутнічаць на канферэнцыі «Новая Беларусь», арганізаванай Офісам Святланы Ціханоўскай, а потым заявілі, што ў палка з’явяцца свае палітычныя прадстаўнікі.
А 19 кастрычніка прадстаўнікі палка сустрэліся з дэпутатамі Вярхоўнай рады Украіны з міжфракцыйнага аб’яднання «Дэмакратычная Беларусь» і абмеркавалі пытанні беларуска-ўкраінскіх адносін у кантэксце расійскай агрэсіі. У выніку ўкраінскія парламентарыі назвалі падраздзяленне «легітымным прадстаўніком беларускага народа». Пры гэтым Святлана Ціханоўская 10 кастрычніка звярнулася да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прапанавала наладзіць прамое супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, аднак адказу не атрымала. Замест гэтага чалец фракцыі «Слуга народа» Аляксандр Мярэжка ў гутарцы з украінскай службай «Радыё Свабода» патлумачыў, што Украіна не прызнае Аб’яднаны пераходны кабінет праз «недастаткова выразную» пазіцыю Ціханоўскай што да Расіі і Пуціна і «трохі сумнеўных людзей» у яе атачэнні.
6 снежня полк Каліноўскага абвясціў пра аб’яднанне з групоўкай «Кіберпартызаны», пасля чаго было заяўлена, што дзве структуры разам сфармуюць палітычную арганізацыю. Сумесную палітычную дзейнасць удзельнікі дзвюх структур анансавалі, адказваючы на пытанне, ці ёсць у іх палітычныя амбіцыі.
«Пасля таго як кіберпартызаны далучыліся да палка Каліноўскага, мы можам сказаць, што так. На базе палка Каліноўскага і кіберпартызанаў мы будзем ствараць палітычны суб’ект», — заявіла прадстаўніца «Кіберпартызан» Юліяна Шаметавец, якая пасля аб’яднання ўвайшла ў штаб палка.
«Я думаю, усе разумеюць, што полк у значнай ступені складаецца з людзей з палітычнымі поглядамі, людзей, якія прынялі рашэнне дапамагаць Украіне, адчулі гэтую несправядлівасць. У нас дастаткова высокі адсотак пасіянарнасці, актывізму. І ясна, што мы не можам не ўдзельнічаць у палітыцы ў той ці іншай ступені, не можам не выказвацца на палітычныя тэмы. І таму натуральна, што рана ці позна вынікне структура, аб’яднанне, якія будуць займацца палітыкай», — сказаў прадстаўнік палка Мікалай Дземідзенка.
Апошні ж па храналогіі скандал з удзелам беларускіх добраахвотнікаў ужо звязаны з унутраным супрацьстаяннем паміж рознымі фарміраваннямі. У канцы лістапада стала вядома, што некалькі добраахвотнікаў з батальёна «Тэрор» у Мікалаеве збілі байца палка Каліноўскага (нагадаем, раней «Тэрор» быў часткай самога палка).
Сцвярджалася, што байцы «Тэрора» «ўзялі ў палон і жорстка катавалі» байца палка Каліноўскага — карыстальнік тэлеграм-чата «Беларускі Дом ва Украіне», які не назваў свайго імені, напісаў, што мужчыну білі па галаве, нырках, грудной клетцы і геніталіях, «выціскалі вочы, душылі і прымушалі сесці на бутэльку». А пасля гэтага, паводле яго сцверджанняў, прымушалі на камеру «прызнавацца», што ён нібыта займаўся марадзёрствам у Аляксандраўцы, «схілялі да суіцыду і прапаноўвалі забіць куратара ГУР (Галоўнае ўпраўленне разведкі. — Заўв. рэд.)».
Прэс-служба палка Каліноўскага пацвердзіла інфармацыю пра збіццё свайго байца — там удакладнілі, што паведамленне пакінуў іншы іх вайсковец, «дзякуючы якому той застаўся жывы». У палку дадалі, што падалі заяву пра збіццё свайго байца ў пракуратуру Украіны, але не лічаць, што вінаваты ў канфлікце ўвесь батальён «Тэрор». Выданне «Медыязона» спрабавала ўзяць каментар у прадстаўніка «Тэрора» Радзівона Батуліна, але той адказаў журналістам, што ў яго «няма часу на абвяржэнне ўсёй х*** (трызнення. — Заўв. рэд.), якую ён кожны дзень чуе пра батальён».
Тым не менш крымінальная справа па факце здарэння ўсё ж была заведзеная — пра гэта паведаміў прадстаўнік палка Каліноўскага.
Скандалы, безумоўна, накладаюць негатыўны адбітак на рэпутацыю беларускіх добраахвотнікаў. Аднак ні ў якай меры не змяншаюць асабістага гераізму байцоў, якія рызыкуюць, а часам і аддаюць жыцці за свабоду Украіны. Можна сказаць амаль напэўна, што іх намаганні і ахвяры паўплываюць і на будучыню Беларусі. У гэтым сэнсе цяжка не пагадзіцца з дарадцам Святланы Ціханоўскай Франкам Вячоркам, які лічыць, што добраахвотнікі і іншыя ініцыятывы дапамогі Украіне абараняюць добрае імя нашай краіны.