Днямі мінчане расказвалі, як іх дзіця зламала два пазванкі ў сталічным батутным парку. Прачытаўшы гэтую гісторыю, у нашу рэдакцыю напісала яшчэ адна жыхарка сталіцы і расказала сваю гісторыю — яе дачцэ таксама давялося месяц праляжаць у ложку пасля скачкоў на батуце. Пра тое, што ў дзяўчынкі зламаны пазванок, сям’я даведалася толькі праз тыдзень пасля траўмы.
Мінчанка Кацярына (імёны ў тэксце змененыя) да батутаў ставіцца скептычна, але яе 11-гадовая дачка Саша вельмі хацела на іх схадзіць, і жанчына з мужам дазволілі. 19 жніўня пасля прагулкі яны зайшлі ў невялікі батутны манеж, дзяўчынцы далі 20 хвілін на скачкі, але яна вярнулася да бацькоў раней: забалела спіна.
— Мы з мужам стаялі побач, назіралі за ёй. Там было некалькі узроўняў батутаў, хтосьці з высокіх скакаў, хтосьці рабіў сальта, а яна на звычайных, проста ўверх-уніз. І пару разоў скокнула ў басейн з шарыкамі. І ў гэты ж час у яе забалела спіна: я яшчэ падумала, можа, яна да дна гэтага басейна дастала? Усё-такі ўжо дзіця немаленькае.
Дарослыя тады не западозрылі, што дачка магла атрымаць сур’ёзную траўму, бо бачылі, што яна не падала, выйшла да іх сама і не казала, што спіна баліць моцна.
— Мы падумалі: мала што. Яна паляжала дома трошкі, мы абмежавалі актыўнасць. Але гэты боль не праходзіў тры дні, яна скардзілася, што паміж лапаткамі пабольвае, падчас хады быццам нешта коле, балюча спаць на баку. Саша займаецца танцамі, і наперадзе быў пачатак школы — вырашылі ўсе-такі схадзіць да доктара. Дзесьці дзень на пяты мы былі ў траўматолага ў нашай паліклініцы, доктар памацала, сказала: нічога няма, магчыма, пацягнула мышцу — памажце маззю.
Мазь не дапамагла, і Кацярына павезла дачку ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Там накіравалі на рэнтген, а потым — на МРТ. Даследаванні паказалі кампрэсійны пералом чацвёртага пазванка груднога аддзела. Дактары забаранілі Сашы сядзець цягам месяца — рэкамендавалі ляжаць, уставаць з ложка па мінімуме. Потым — тры-чатыры месяцы насіць спецыяльны гарсэт.
— Гэта было вельмі цяжка. Сашы нават у прыбіральню трэба было акуратна хадзіць. Але хоць у дзіцяці ляжачы рэжым на два месяцы, маці бальнічны ў гэтым выпадку даецца толькі на два тыдні, а далей — ці неаплатная даведка, ці што хочаце, тое і рабіце. Увесь час яна ляжала, глядзела тэлевізар, чытала, гуляла ў тэлефоне, пакуль мы дадому не вернемся, — ніякіх зносін, руху. З сярэдзіны верасня, калі мы аформілі надомнае навучанне, да нас хадзілі настаўнікі. А з кастрычніка Сашы ўжо можна было трошкі хадзіць у гарсэце, яна крыху рухалася па доме, на двор выходзіла пагуляць. У канцы другога месяца доктар дазволіў ненадоўга сядзець. Такія пераломы, паводле яго словаў, на дзецях гояцца добра: з часам, калі выконваць усе рэкамендацыі, пазванок прымае стандартную форму.
Сям’я цяпер займаецца рэабілітацыяй дачкі пасля траўмы.
— Я хацела б адправіць дачку ў санаторый, пыталася пра гэта, але мне сказалі, што ў такім выпадку ён дзіцяці не належыць, з пераломамі ў нас няма нічога профільнага. Па месцы жыхарства трэба хадзіць у басейн, на масажы і ЛФК.
З адміністратарамі батутнага манежа Кацярына не звязвалася, пра тое, што здарылася, не паведамляла: спачатку праз шок, а потым успомніла, што доктару для выпіскі памылкова назвалі іншую дату атрымання траўмы. Хоць, прызнаецца жанчына, сям'і не перашкодзіла б фінансавая кампенсацыя за траўму, каб аплачваць рэабілітацыю.
— Можа, калі б звярнуліся, нам вылучылі б хаця б нейкую дапамогу, таму што ўсё платна і дорага. МРТ і здымак нам зрабілі бясплатна, таму што мы звярталіся па хуткай. А вось далей гарсэт купілі — новыя такія каштуюць каля 300 рублёў, я знайшла на Куфары карыстаны, мы аддалі за яго менш за 100. Але шмат ідзе на ўзмоцненае харчаванне — падчас лячэння патрэбная дыета з павышаным утрыманнем кальцыю, вітаміну Д. Пастаянна купляем арэхі, садавіну і гародніну, вітамінныя комплексы, прэпараты нейкія. Не скажу, у колькі ўсё абышлося, але цяпер на ўсё цэны высокія, адзін слоічак на месяц — 30 рублёў.
Кацярына не ўяўляе, у якую суму яшчэ абыдзецца рэабілітацыя, але выдаткі на перыяд аднаўлення Сашы сям’ю чакаюць немаленькія.
— ЛФК у паліклініцы — гэта літаральна адзін-два заняткі, на якіх пакажуць комплекс, а далей яго трэба рабіць самім дома. Калі хадзіць платна — гэта ад 20 рублёў за адзін занятак у групе, то-бок за тыдзень — 40. Яшчэ басейн, таксама платна, таксама два разы на тыдзень. Патрэбны масаж. Дзесяць сеансаў прызначылі і зробяць у паліклініцы, але яго трэба будзе паўтараць курсамі раз на тры месяцы. У прыватных цэнтрах — ад 40 рублёў за сеанс. Ну і яшчэ, зноў жа, вітаміны, умацаванне арганізма. Зараз вазьму адпачынак на два тыдні, каб з ёй кудысьці ездзіць, а далей будзе ўжо сама — шосты клас, дарослая, ды і ў нас з мужам магчымасці не будзе — праца.
Цяпер, праз два месяцы, Сашы ўжо дазволілі вярнуцца ў школу, але ў гарсэце. Увесь навучальны год яна не будзе хадзіць на фізкультуру — скакаць і бегаць ёй усё яшчэ нельга. Пра танцы, на жаль, дзяўчынцы пакуль таксама давядзецца забыць.
Кацярына кажа, што вырашыла расказаць сваю гісторыю, каб перасцерагчы іншых бацькоў.
— Калі нам сказалі пра пералом, гэта быў шок, я два тыдні адыходзіла! Ніколі падумаць не магла, што такое можа быць: дзіця ходзіць, рукі-ногі працуюць — мы не маглі нават падумаць, што дзесьці пералом. А доктара гэта наогул не здзівіла: ён сказаў, што пасля батутаў такіх выпадкаў вельмі шмат, таму што ідзе кампрэсія на пазваночнік падчас скачкоў, і гэта для непадрыхтаваных дзяцей траўманебяспечна. А яшчэ, з ягоных словаў, большасць людзей не звяртаецца з такімі скаргамі, і з часам гэтыя траўмы зацягваюцца, але могуць праявіцца пазней.
«Калі дзіця вядзе пасіўны лад жыцця і раптам ідзе скакаць на батуты — рызыка што-небудзь сабе зламаць вышэйшая»
Мы папрасілі аднаго з мінскіх траўматолагаў расказаць, у якіх выпадках дзеці могуць атрымліваць такія траўмы і ці небяспечныя батуты для ўсіх. Доктар ананімна пракаментаваў сітуацыю.
— У здаровага чалавека, у тым ліку дзіцяці, пазванок не зламаецца проста так, ад скачкоў на батуце гэтага не адбудзецца. Для пералому патрэбныя спадарожныя фактары: знешнія (механічнае ўздзеянне) і ўнутраныя (хранічныя захворванні). У другім выпадку, з паталагічным кіфозам, скаліёзам, спадчыннымі захворваннямі, гэта цалкам магчыма. Гэта характэрна для стомленасных пераломаў — калі костка ламаецца цягам нейкага часу. У дзіцяці можа быць траўма, яно пры гэтым працягне, напрыклад, займацца танцамі, дзе ёсць восевая нагрузка на пазваночнік, і тут батут можа быць правакавальным фактарам. У такіх выпадках на рэнтгене першапачаткова будуць бачныя прыкметы зрашчэння на фоне пералому. Але гэта сустракаецца рэдка.
Ці значыць гэта, што нельга скакаць на батутах? Гэта як ваўка баяцца — у лес не хадзіць. У дзяцей, якія вядуць пасіўны лад жыцця і раптам ідуць скакаць на батуты, вышэйшая рызыка што-небудзь сабе зламаць. І гэта датычыць любых забаваў, дзе ёсць рызыка сустрэцца з механічнымі пашкоджаннямі. Таму што трымаюць пазваночнік мышцы, якія знаходзяцца побач. Калі яны развітыя слаба, пералом атрымаць лягчэй. І так у любым сегменце, не толькі з пазваночнікам. Калі дзіця сядзіць скурчыўшыся з тэлефонам або за камп’ютарам і адзіны рух — увечары легчы ў ложак і выпрастаць спіну — гэта прамы шлях да пералому. А калі яно бегае, ходзіць у басейн для сябе — гэта ўжо актыўны лад жыцця, які прымушае мышцы працаваць.
Таксама мы папрасілі медыка даць параду дарослым, як не прапусціць пералом пазваночніка, калі дзеці не скардзяцца на моцны пастаянны боль і вонкава ўсё ў парадку.
— Самыя характэрныя сімптомы пры пераломе пазваночніка — балючая восевая нагрузка (каб праверыць, можна націснуць на плечы або галаву), боль пры руху ў пашкоджаным сегменце (можна нахіліцца, павярнуць гэтую частку цела). Таксама можа быць боль лакальны, калі чапаць касцяныя выступы. Гэта пры ўмове, што пералом стабільны. Пры нестабільных (гэта значыць, што ёсць мінімум дзве часткі косткі і адна з іх адыходзіць убок) будуць такія праявы, што кожны здагадаецца выклікаць хуткую дапамогу.