Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык пакідае сваю пасаду. Пра гэта ён паведаміў у відэа, апублікаваным 1 жніўня ў ягоным тэлеграм-канале.
Сахашчык патлумачыў свой адыход тым, што ў Офіса Святланы Ціханоўскай «няма разумення спецыфікі» яго працы.
— І ў прынцыпе ўвядзенне пасады прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы, напэўна, паслужыла данінай нейкаму палітычнаму моманту, — сказаў Сахашчык.
Ён дадаў, што з часам у структуры нарасталі супярэчнасці.
— Я быў вельмі моцна расчараваны, назіраючы, як людзі, з якімі яшчэ ўчора мы спакойна дамаўляліся, седзячы за адным сталом, раптам сталі канкурэнтамі і практычна ворагамі. Я не ведаю, у чым сапраўдная прычына. Можа быць, у абмежаванасці фінансавых рэсурсаў, якія цяжка падзяліць на ўсіх. Я ніякай дапамогі ад Кабінета не атрымліваў, за выключэннем інфармацыйнай падтрымкі. Я заўсёды быў фінансава самастойным і заўсёды быў у стане вырашаць праблемы сваёй каманды за кошт уласных сродкаў, — сказаў Сахашчык.
Экс-прадстаўнік таксама патлумачыў, што, на яго думку, яму «ўсё больш і больш рабілася зразумела, што мы рухаемся кудысьці не туды», але яго прапановы што да рэфармавання працы Кабінета разумення не знайшлі.
— Чаргов раз я падаў прапанову наконт змянення спецыфікі працы Кабінета некалькі тыдняў таму і да гэтага выставіў сваю ўмову, што калі і гэтая мая прапанова не будзе належным чынам разгледжаная, то я выходжу са складу Кабінета. Святлана Георгіеўна прапанавала правесці сустрэчу напярэдадні трэцяй вільнюскай канферэнцыі, на якой абмеркаваць усе дэталі і прыйсці да нейкага пагаднення і далей працаваць альбо спакойна, без скандалаў разысціся. Я лічыў, што пагадненне такое дасягнутае. Але, на жаль, Офіс Святланы Ціханоўскай праз падкантрольныя СМІ пачаў кампанію маёй дыскрэдытацыі. Пасля чаго я паведаміў Святлане Георгіеўне, што сваю згоду на сустрэчу і на далейшую працу я таксама адклікаю. Не бачу ў гэтым асаблівага сэнсу, — заявіў Валерый Сахашчык.
Чытайце таксама