Польшча 33 гадзіны блакавала чыгуначны рух на буйным мытным тэрмінале ў Малашэвічах на мяжы з Беларуссю: фармальна там праводзіліся «кантрольныя мерапрыемствы». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, тым самым беларускім уладам далі «выразны сігнал» пра тое, што чыгуначны транзіт з Беларусі ў ЕС можа быць перакрыты, паведамляе RMF FM.
Афіцыйна мытная служба Польшча заявіла, што праводзіць на тэрмінале ў Малашэвічах «планавыя кантрольныя мерапрыемствы», каб не дапусціць увозу небяспечных тавараў ці рэчываў на тэрыторыю ЕС. Так, падчас 33-гадзінных праверак старанна правяралася змесціва кантэйнераў, якія ішлі транзітам у Польшчу праз Беларусь, большая частка грузаў была з Кітая.
Аднак паводле неафіцыйнай інфармацыі, якую атрымала выданне, такім чынам Варшава прадэманстравала свае магчымасці і паслала «выразны сігнал рэжыму Лукашэнкі» пра тое, што польскія ўлады могуць на законных падставах заблакаваць чыгуначны транзіт у Еўрасаюз праз Беларусь.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома пра планы Польшчы ўвесці вельмі пільны кантроль на мытным тэрмінале на мяжы ў Малашэвічах. Праз гэты так званы сухі порт на захад ідзе львіная доля паставак з усходу, уключаючы асноўныя сухапутныя пастаўкі з Кітая. Чыгункай яны скіроўваюцца ў краіны ЕС, а таксама ў порт Гданьска, адкуль адпраўляюцца ў іншыя пункты прызначэння. Гэты транзіт — значная крыніца даходу для Беларусі.
Акрамя таго, у палітычным плане польскае МЗС разлічвае на ціск Пекіна на Мінск, каб Лукашэнка выканаў патрабаванні Польшчы.
Як стала вядома RMF FM, паводле неафіцыйных звестак, некалькі дзён таму па дыпламатычных каналах у Мінск быў скіраваны сігнал, што Польшча больш не будзе цярпець міграцыйны ціск на мяжы, а таксама знаходжанне за кратамі польскага журналіста і грамадскага актывіста Анджэя Пачобута. Але ад Беларусі дагэтуль не было ніякага адказу.
Чытайце таксама