У беларускага Міністэрства замежных справаў новы кіраўнік. Гэтую пасаду заняў Максім Рыжанкоў — кадравы дыпламат, які да апошняга часу выконваў абавязкі першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Сяргея Алейніка, які ўзначальваў міністэрства, палітык адправіў у Савет Рэспублікі. Чаму адбыліся гэтыя змены, навошта Лукашэнка вырашыў «страсянуць» МЗС? Чым запомніўся ранейшы міністр і чаго чакаць ад новага? Пра гэта «Люстэрка» паразмаўляла з былымі беларускімі дыпламатамі.
Латушка: «Прызначаючы Рыжанкова, Лукашэнка не дае сігнал Захаду. Хутчэй, гэта сігнал Крамлю»
— Сяргея Алейніка можна ахарактарызаваць як міністра-фіяска, які прабыў на пасадзе міністра замежных справаў самы кароткі тэрмін у гісторыі Беларусі, усяго толькі паўтара года, — кажа экс-амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка. — Ён не змог зрабіць нічога выразнага ў замежнай палітыцы. Адна з прычын ягонай адстаўкі — пастаянныя сігналы з Масквы пра незадаволенасць ягонай працай, млявасцю і няздольнасцю вырашыць задачы, якія ставіў Крэмль. У іх не склаліся адносіны з расійскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым, такія сігналы нам паступалі неаднаразова.
Максім Рыжанкоў на пасадзе міністра замежных справаў будзе спрабаваць наладзіць хоць нейкія кантакты з Захадам напярэдадні перапрызначэння Лукашэнкі на пасаду, якую ён узурпаваў у 2020 годзе. Прыблізна два месяцы таму нам паступала інфармацыя, што эмісар прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона прыязджаў у Мінск, дзе адбыліся закрытыя перамовы як з самім Лукашэнкам, так і з Рыжанковым. На мінулым тыдні мы атрымалі паведамленне, што Рыжанкоў знаходзіцца на тэлефоннай сувязі з Елісейскім палацам (рэзідэнцыяй прэзідэнта Францыі. — Заўв. рэд.). Можна меркаваць, што для паляпшэння адносін з Захадам ён задзейнічае менавіта французскі вектар.
Але нават калі б міністрам замежных справаў Беларусі прызначылі Уінстана Чэрчыля, ён не змог бы нічога зрабіць, пакуль Лукашэнка не спыніць масавыя рэпрэсіі, катаванні ў турмах, не вызваліць палітычных зняволеных, не перастане спрыяць агрэсіі Расіі і не спыніць гібрыдную вайну на мяжы з Еўрапейскім саюзам.
Прызначаючы Рыжанкова, Лукашэнка не дае сігнал Захаду. Хутчэй, гэта сігнал Крамлю, што ён гатовы развіваць адносіны ў гэтым кірунку. Такім чынам ён хоча атрымаць больш рэсурсаў для свайго рэжыму, які знаходзіцца ў складанай фінансавай сітуацыі.
Слюнькін: «У параўнанні з Алейнікам Рыжанкоў будзе больш жорсткім міністрам»

— Адразу падкрэслю, што ў мяне няма нейкіх інсайдаў з дзяржаўных структур пра гэтыя прызначэнні. Тое, што я кажу — гэта мае развагі на тэму, нават нягледзячы на тое, што я даволі доўга працаваў у беларускай дыпламатыі і разумею, як яна ўладкаваная, — адзначыў экс-дыпламат МЗС Беларусі Павел Слюнькін. — Думаю, што ўсе сённяшнія прызначэнні звязаныя з блізкімі выбарамі. У МЗС Лукашэнка вырашыў прызначыць таго, хто навядзе там «парадак». У параўнанні з Алейнікам Рыжанкоў будзе больш жорсткім міністрам.
Ён доўга працаваў па-за МЗС, і ў яго будзе значна менш фактараў стрымлівання для перафарматавання працы ведамства. Але і ў МЗС ён таксама працаваў раней. У яго набралася шмат прэтэнзій да дыпламатычнага ведамства, таму, на думку Лукашэнкі, ён падыходзіць на гэтую пасаду. У адрозненне ад Алейніка, у Рыжанкова зусім іншы стыль кіравання. Ён жорсткі чалавек, які не саромеецца дэманстраваць сваю лаяльнасць, калі гэта трэба.
Калі казаць пра Алейніка, думаю, ён у гэты канкрэтны перыяд проста не падыходзіць для гэтай пасады. Ён быў бы добрым міністрам да 2020 года, але не цяпер. Калі яго прызначалі, то ставілі такія асноўныя задачы: пошук новых партнёраў, новых рынкаў для беларускай прадукцыі і аднаўленне адносін з заходнімі краінамі. Ад яго чакалі прагрэсу па ўсіх гэтых напрамках.
Фармальна колькасць кантактаў з краінамі Афрыкі, Азіі за час яго працы павялічылася. Але пры гэтым адчувальных вынікаў няма. Можна колькі заўгодна спрабаваць пераконваць сябе ў тым, што афрыканскія краіны могуць замяніць нам Еўрапейскі саюз, але гэта відавочна не так. Задача пошуку новых рынкаў таксама відавочна не была выкананая. Беларускі гандаль па-ранейшаму застаецца крытычна залежным ад Расіі.
Калі казаць пра еўрапейскія краіны, таксама абсалютна не выкананая задача. Ніякага прагрэсу там няма. Нядаўна быў ухвалены самы сур’ёзны санкцыйны пакет за апошнія два гады.
Таксама дадам, што Алейнік — даволі мяккі чалавек. Нягледзячы на тое, што на гэтай пасадзе складана не закапацца ў бруд па вушы, яму ўдалося не асабліва запэцкацца. Ён не рваўся ў медыя з нейкімі гучнымі загалоўкамі, не разносіў краіны NATO ўсімі магчымымі заявамі. Працаваў даволі ціха.
Сяргей Алейнік быў занадта дыпламатычны для цяперашняй беларускай дыпламатыі. Думаю, у Максіма Рыжанкова будзе іншы вобраз. І ён запомніцца нам нашмат лепш, у тым ліку і сваімі публічнымі выказваннямі на гэтай пасадзе.
Кавалеўскі: «Думаю, у Рыжанкова будзе вельмі баявы падыход да адносінаў з Захадам»

— Сяргей Алейнік за час працы міністрам замежных справаў не прадэманстраваў выбітнай дыпламатыі. Ён хоць і спрабаваў ажывіць яе, але найперш з краінамі глабальнага поўдня, з вельмі далёкімі суседзямі. Ён надаў ёй пэўную дынаміку, але ў цэлым гэта не тое, што вырашае праблемы рэжыму Лукашэнкі, — кажа былы часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Валерый Кавалеўскі. — Што да Максіма Рыжанкова, то ён вельмі актыўны і энергічны чалавек, генератар ідэй, вельмі часта — даволі радыкальных. Яго можна назваць ястрабам у квадраце. Думаю, у яго будзе вельмі баявы падыход да адносінаў з Захадам.
Але варта памятаць таксама, што любы чыноўнік на гэтай пасадзе — гэта найперш чалавек, які будзе падзяляць палітыку рэпрэсій, падтрымліваць агрэсію супраць Украіны і інтэграцыю Беларусі з Расіяй. А гэтая інтэграцыя — фактычнае паглынанне нашай краіны. Таму у гэтым сэнсе Рыжанкоў будзе тыповым штампаваным лукашэнкаўскім дыпламатам.
Кучынскі: «Усё, што спрабаваў рабіць Алейнік — адмыць рэжым»

— Пасля смерці Уладзіміра Макея (экс-міністр замежных справаў Беларусі. — Заўв. рэд.), падчас поўнамаштабай вайны Расіі супраць Украіны перад міністрам Алейнікам паставілі некалькі задач у дачыненнях з Захадам, — лічыць дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. — Першая — пераканаць Захад, што лукашэнкаўскі рэжым нібыта не суагрэсар у гэтай вайне і што Лукашэнка — наогул гэткі міратворца. Другая — змякчыць дыпламатычны, эканамічны і палітычны ціск Захаду. І трэцяя — аслабіць міжнародную легітымнасць Ціханоўскай і аднавіць кантакты рэжыму з дэмакратычным светам.
Па ўсіх гэтых кірунках у Алейніка і ягонага міністэрства здарыўся поўны правал. Ціск на рэжым толькі ўзмацніўся, Лукашэнка лічыцца суагрэсарам, а легітымнасць Ціханоўскай не толькі не зменшылася, але і павялічылася.
Усё, што спрабаваў рабіць Алейнік — адмыць рэжым. Цяжка назваць гэта сапраўднай дыпламатыяй. Нічога заўважнага за свой кароткі тэрмін на пасадзе ён не зрабіў. Мы бачылі яго на палях мерапрыемстваў ААН і не можам сказаць, каб вакол яго і ягоных дыпламатаў была нейкая актыўнасць. Наадварот — ізаляцыя і бесперспектыўнасць.
Рыжанкоў будзе спрабаваць шукаць спосабы зрабіць МЗС Беларусі больш рэлевантным для Лукашэнкі. Аднак я слаба ўяўляю, як гэта магчыма, бо Захад захоўвае не толькі стратэгічнае цярпенне ў дачыненні да Беларусі, але і стратэгічную паслядоўнасць, працягваючы падтрымліваць легітымна абраную Ціханоўскую і беларускі народ. На Захадзе ясна разумеюць, што будучыня Беларусі — без Лукашэнкі. І Рыжанкоў не зможа нікога пераканаць у адваротным.