З 1 ліпеня ў Беларусі зрэжуць сацпакет, які дзяржава раней гарантавала насельніцтву. Нпрыклад, трапіць у дамы-інтэрнаты можа стаць складаней, а сацпаслугі ад прыватнікаў будуць ліцэнзавацца. «Люстэрка» нагадвае пра асноўныя новаўвядзенні.
У Беларусі існуюць гарантыі дзяржавы па сацабслугоўванні. Гэта тое, на чым любяць акцэнтаваць увагу нашыя чыноўнікі, калі гавораць пра сацыяльнаарыентаваную дзяржаве. Гэты сацпакет дагэтуль лічыўся шмат у чым недатыкальным — тым, што гарантуе дзяржава і што не трапляе пад істотнае змяненне.
Калі кажуць пра сацабслугоўванне, то маюць на ўвазе ў тым ліку спецыяльныя тэрытарыяльныя цэнтры, дамы-інтэрнаты, цэнтры сям'і і дзяцей, а таксама недзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі, якія выконваюць сацпаслугі на дзяржаўны заказ.
Трапіць у дамы-інтэрнаты можа стаць складаней
З 1 ліпеня таксама па-новаму будуць ажыццяўляць доўгачасовы догляд па сацпаслугах і медабслугоўванні. Чыноўнікі хочуць, каб людзей, якія маюць патрэбу ў такой дапамозе, як мага даўжэй трымалі дома. Перавесці іх у дом-інтэрнат змогуць, калі стан здароўя не дазволіць знаходзіцца ва ўласным жыллі.
«Арганізацыя такога догляду дазволіць максімальна падоўжыць знаходжанне грамадзян, якія маюць патрэбу ў доглядзе, у звыклым спрыяльным хатнім асяроддзі», — заяўлялі раней у Мінпрацы.
Зрэшты, дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў хочуць называць па-новаму — сацыяльнымі пансіянатамі, дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — дзіцячымі сацыяльнымі пансіянатамі, а спецыяльныя дамы для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў — дамамі суправаджанага пражывання.
Аптымізуюць набор сацпаслуг, якія можа атрымаць чалавек
Чыноўнікі таксама зменяць крытэры, паводле якіх будуць вызначаць, што чалавеку патрабуюцца сацпаслугі. Да прыкладу, па тых, якія аказваюць людзям дома — праз сацработнікаў.
«Сёння выкарыстоўваецца медыцынская мадэль, то-бок патрэба ў сацыяльных паслугах грунтуецца на стане здароўя чалавека. Пры гэтым такая мадэль не ўлічвае індывідуальных асаблівасцяў атрымальнікаў сацыяльных паслуг», — адзначалі раней у Мінпрацы.
З 1 ліпеня чыноўнікі збіраюцца, акрамя стану здароўя, улічваць «умовы жыццядзейнасці грамадзяніна (наяўнасць безбар’ернага асяроддзя, выгодаў, гарачай вады, ліфта), а таксама яго сацыяльнае асяроддзе і іншыя фактары».
Зрэжуць спіс тых, хто можа прэтэндаваць на сацабслугоўванне
З наступнага месяца таксама адкарэктуюць спіс прычын, з якіх чалавека могуць прызнаць тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, і даць яму сацабслугоўванне. Як гаварылася ў законапраекце, да прыкладу, выключаць з такіх падставаў беспрацоўе, наяўнасць у сям'і дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (але пакінуць пункт пра наяўнасць дзіцяці-інваліда). Яшчэ адзін важны момант — з гэтага пераліку прыбралі адсутнасць у чалавека, які трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, працаздольных сваякоў, якія па законе абавязаныя яго ўтрымліваць. Гэта могуць быць, да прыкладу, дзеці, якія павінныя даглядаць бацькоў.
Пры гэтым у пераліку прычын для аказання сацабароны пакінулі ў тым ліку сіроцтва, адсутнасць пэўнага месца жыхарства, нараджэнне двайнят (траіх ці больш дзяцей), а таксама сямейнае няшчасце і хатні гвалт.
Сацпаслугі ад прыватнікаў падпадуць пад ліцэнзаванне
З 1 ліпеня з’явіцца ліцэнзаванне для прыватнікаў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі з пражываннем пажылым і інвалідам. Яны павінныя будуць атрымаць ліцэнзію ад мясцовых уладаў да 1 кастрычніка гэтага года. Раней такое ліцэнзаванне ўвялі для школ, праз што закрыліся многія прыватныя.
У Беларусі налічваецца прынамсі 15 прыватных дамоў састарэлых. Толькі ў адной з сетак ёсць пансіянаты ў дзесяці гарадах Беларусі.
У Мінпрацы прасоўвалі стварэнне спецыяльнага рэестра тых, хто аказвае сацпаслугі, але ад гэтай ідэі ў выніку адмовіліся.
Чытайце таксама