Намеснікам старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі 24 красавіка абраны Аляксей Башан.
Указ пра прызначэнне Башана чальцом ЦВК Аляксандр Лукашэнка падпісаў 19 красавіка. Уключыць сілавіка ў склад Цэнтрвыбаркама рэкамендавалі ўдзельнікі сумеснага паседжання Мінгарвыканкама і прэзідыума Мінгарсавета.
Аляксей Башан — першы намеснік начальніка Акадэміі МУС. Кар’еру ў сілавым блоку пачынаў з пасады оперупаўнаважанага, спецыялізаваўся на карупцыйных і эканамічных крымінальных справах. Служыў таксама ў тады яшчэ Камітэце па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (цяперашні ГУБАЗіК).
Пасля заканчэння ад’юнктуры Башан перайшоў на выкладчыцкую працу. У 2013 годзе ўзначаліў кафедру аператыўна-вышуковай дзейнасці Акадэміі МУС. У верасні наступнага года стаў першым намеснікам начальніка навучальнай установы.