Беларусь увяла забарону на імпарт з Літвы, але самі беларусы па-ранейшаму прыязджаюць сюды на аўтобусах і купляюць пэўныя тавары, піша літоўскае выданне delfi.lt. У гэтай сітуацыі Літва магла б увесці абмежаванне на вываз тавараў, заявіў віцэ-прэзідэнт Вільнюскай гандлёва-прамыслова-рамесніцкай палаты Кястуціс Чарняцкас. Аднак эканаміст банка Luminor Жыгімантас Маўрыцас сказаў, што не бачыць нічога кепскага ў тым, што беларусы прыязджаюць на пакупкі ў Літву.
У выходныя ля крамы Ikea ў Вільнюсе стаяла некалькі аўтобусаў з Беларусі, адзначае delfi.lt.
Прэс-сакратар Службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс заўважыў, што ў 2023 годзе ў Літву прыехалі 24 285 аўтобусаў і мікрааўтобусаў з беларускімі нумарамі.
«У студзені 2337, у лютым — 1992, у сакавіку (да 18-га уключна) — 742. Паводле прагнозаў, у сакавіку колькасць будзе ніжэйшая», — прадставіў Мішуціс статыстыку.
Паводле яго, апошнім часам сярод прыезджых можа быць менш людзей, што прыязджаюць па пакупкі.
«Цяпер часцей прыязджаюць тыя, хто едзе на заробкі ў краіны ЕС, уключаючы тых, хто едзе ў Вільнюскі аэрапорт на рэйсы за мяжу», — сказаў Мішуціс.
Віцэ-прэзідэнт Вільнюскай гандлёва-прамыслова-рамесніцкай палаты Кястуціс Чарняцкас заявіў, што такі абыход санкцый беларусамі здаецца дзіўным.
«Цяпер паміж Літвой і Беларуссю назіраецца пэўнае палітычнае напружанне, яно адбіваецца і на эканоміцы. Забаронены экспарт пэўных тавараў з Літвы ў Беларусь. Я думаю, што пра абмежаванне ўвозу некаторых тавараў ужо даўно мусіў заявіць і наш урад, бо тавары, якія трапляюць у Беларусь, потым трапляюць і ў Расію. Межаў там няма. Цяпер Беларусь кажа, што не прымае нашыя тавары, але заклікае жыхароў ехаць самім і прывозіць. Думаю, тут наш урад мусіць заняць больш жорсткую пазіцыю і ўвесці ў адказ абмежаванні», — лічыць ён.
Ён удакладніў, што допуск аўтобусаў і турыстаў, напэўна, мусіць быць рэгламентаваны дырэктывай ЕС, але Літва магла б увесці абмежаванне на вываз тавараў.
«Напрыклад, можна вывозіць тавары не больш чым на 100 еўра. Кожная краіна магла б увесці такое абмежаванне, бо абмежаваць уезд турыстаў не атрымаецца», — сказаў Чарняцкас.
Эканаміст банка Luminor Жыгімантас Маўрыцас сказаў, што не бачыць нічога кепскага ў тым, што беларусы прыязджаюць па пакупкі ў Літву. «Тут я не бачу маральнага канфлікту. Калі ЕС вязе туды тавары, немалую частку кошту забіраюць беларускія кампаніі. Яны плацяць там падаткі, значыць, паколькі Расія і Беларусь сядзяць у адной лодцы, папаўняюцца іх бюджэты. А калі людзі да нас прыязджаюць, то папаўняецца бюджэт нашай краіны», — сказаў ён.
Паводле эканаміста, такія гандлёвыя сувязі могуць быць нязначнымі кантактамі праз людзей.
Чытайце таксама