У Літве прапануюць закрыць яшчэ два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю — «Лаварышкес» (сумежны — «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). Такую прапанову агучылі ў камісіі па нацыянальнай бяспецы Літвы, перадае LRT.
У камісіі таксама прапанавалі абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў у чыгуначным пункце пропуску «Кена», а яшчэ зменшыць колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх кіроўцаў на рэгулярныя аўтобусныя перавозкі.
«За апошні час паток беларускіх грамадзян павялічыўся прыкладна на 50%. Па меры павелічэння патокаў транспарту, тавараў і людзей неабходная аптымізацыя працэсу кіравання гэтымі патокамі, канцэнтрацыя тэхнічных сродкаў і яшчэ больш дэтальны дагляд людзей, транспартных сродкаў і тавараў. Акрамя таго, ва ўмовах дзейнасці беларускіх спецслужбаў супраць Літвы, паколькі рэжымы спрабуюць рознымі спосабамі абысці санкцыі, а пагроза дарожна-транспартных здарэнняў на мяжы ўзрастае, такая дынаміка падзей стварае дадатковыя рызыкі. З гэтых прычын мы ўносім ва ўрад прапановы па павышэнні эфектыўнасці кантролю на мяжы з Беларуссю», — гаворыцца ў дакладзе кіраўніка Нацыянальнага цэнтра крызіснага кіравання (НЦКК) Вілмантаса Віткаўскаса.
Нагадаем, з 18 жніўня мінулага года Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Шумскас» (з беларускага боку — «Лоша») і «Твярачус» («Відзы»). Гэта зрабілі ў адказ на магчымыя пагрозы з боку размешчаных у нашай краіне наймітаў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера.
Цяпер на межах Літвы з Беларуссю дзейнічаюць чатыры пункты пропуску.
Раней разгледзець магчымасць закрыцця некаторых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю і Расіяй для барацьбы з кантрабандай прапанаваў старшыня камітэта літоўскага Сейма па бюджэце і фінансах Міндаўгас Лінге.