У Беларусі лічаць недаацэненым уплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзян, якія працуюць за мяжой, на эканоміку краіны. Пра гэта гаворыцца ў прынятай «Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2024−2028 гады», апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Недаацэнены ўплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзян, якія працуюць за мяжой, на эканоміку Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым неабходна стымуляваць павелічэнне іх аб’ёмаў», — гаворыцца ў дакуменце.
Там таксама прывялі статыстыку: за шэсць месяцаў 2023 года асабістыя грашовыя пераводы беларусаў склалі каля 0,5 млрд даляраў, а за ўвесь 2022 год — больш за 1 млрд даляраў.
Пры гэтым беларусы, якія жывуць ці працуюць за мяжой, абмежаваныя ў магчымасцях пераводу грошай на радзіму — і не толькі праз тое, што ўсё больш заходніх банкаў уводзіць абмежаванні, звязаныя з фінансавымі аперацыямі ў Беларусі. Гэтаму спрыяюць і беларускія ўлады — напрыклад, пасля ўступлення ў сілу закона «Пра аплатныя сістэмы і аплатныя паслугі» пастаўшчыкі аплатных паслуг могуць працаваць на беларускім рынку толькі пасля іх уключэння ў спецыяльны рэестр Нацбанка.