Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў падрыхтоўку сістэмы адукацыі да новага навучальнага года і запатрабаваў тэрмінова правесці працу над памылкамі. Гэта вынік праведзенай 18 жніўня нарады, перадае прэс-служба.
Адзначаецца, што мерапрыемства прайшло «ў вельмі крытычным ключы». Як піша БЕЛТА, генпракурор Андрэй Швед далажыў пра тое, што ў некаторых школах не вырашаныя пытанні бяспекі, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў паскардзіўся на негатыўныя факты ў працы школьных кірмашоў. Ён падкрэсліў, што «некаторыя прыватнікі больш чым у два разы завышаюць цэны на тавары».
Сярод асноўных крытычных тэм гучалі пытанні забяспечання дзяцей-сірот і падвозу школьнікаў да навучальных установаў. Шмат гаварылася і пра арганізацыю харчавання ў школах, факты крадзяжу.
Яшчэ адна праблемная сфера — падручнікі. На жывую лінію з гэтай нагоды паступае шквал званкоў ад грамадзян.
«На нарадзе нават разбіралі прэтэнзіі на канкрэтных прыкладах, зачытваючы цытаты заданняў з падручнікаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў пад эгідай Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю стварыць маніторынгавую групу менавіта на тэму падручнікаў», — піша БЕЛТА.
У выніку Аляксандр Лукашэнка не прыняў справаздачы ні міністра, ні віцэ-прэм'ера. Ён таксама запатрабаваў адклікаць з адпачынку прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку, каб правесці працу над памылкамі і не пазней за 25 жніўня правесці паседжанне «з дэталёвым разглядам і разборам усіх праблемных пытанняў».
У першыя дні верасня ўсе адказныя асобы мусяць даць справаздачу Лукашэнку пра ліквідацыю выяўленых недахопаў.
Адміністрацыі Лукашэнкі даручана ўвесь працэс узяць на жорсткі кантроль. З паўсюдным выездам у школы і ў цэлым установы адукацыі для ацэнкі рэальнай сітуацыі на месцах.