Аляксандр Лукашэнка правёў сёння, 30 траўня, кадравыя прызначэнні. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба. У прыватнасці, ён адправіў з вайсковай службы ў запас старшыню Дзяржпамежкамітэта Беларусі і прызначыў новага.
Лукашэнка прызначыў новага старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта — ім стаў Канстанцін Моластаў.
Да прызначэння кіраўніком Дзяржпамежкамітэта Канстанцін Моластаў займаў пасаду начальніка Гродзенскай памежнай групы.
Анатоль Лапо, які ўзначальваў ДПК раней, звольнены з вайсковай службы ў запас.
Кароткая біяграфія Моластава
Канстанціну Моластаву сёння споўнілася 53 гады. Ён нарадзіўся ў горадзе Чырвонаармейск Саратаўскай вобласці ў сям'і рабочых, але школьныя гады правёў у Гродне. Адтуль у 1988 годзе быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу ў памежныя войскі. Служыў на памежнай заставе ў Чырванасцяжнай Сярэднеазіяцкай памежнай акрузе.
Скончыў каманднае памежнае вучылішча ў Алматы. Пасля навучання з 1993-га да 2001 года праходзіў службу на памежных заставах у Гродзенскім памежным атрадзе.
У 2004 годзе скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расіі. Пасля гэтага быў начальнікам службы аховы мяжы ў розных злучэннях.
З 2009-га да 2012-га года — першы намеснік камандзіра вайсковай часткі 2187 — начальнік аператыўнага ўпраўлення ў Брэсце, потым некалькі гадоў камандаваў Полацкім памежным атрадам, стаў начальнікам Гродзенскай памежнай групы ў 2014 годзе.
Жанаты, выхоўвае сына.