Ужо чацвёрты дзень нічога не вядома пра стан Аляксандра Лукашэнкі ці нават пра месца, дзе ён цяпер знаходзіцца. З моманту ўрачыстых мерапрыемстваў на 9 траўня ў Маскве і Мінску палітык не з’яўляўся ў публічным полі, ніякіх мерапрыемстваў з яго асабістым удзелам не праводзілася (што, як мы высветлілі, вельмі дзіўна). Пры гэтым прэс-служба Лукашэнкі і чыноўнікі маўчаць. У гэтай сітуацыі спрабаваць тлумачыць нешта даводзіцца дзяржаўнай прапагандзе і паўафіцыйным рэсурсам — і робяць яны гэта вельмі дзіўна. Вось літаральна ўсё, што нам удалося знайсці за гэтыя дні.
Telegram-канал Лукашэнкі: апублікавалі відэа з зайцам
Афіцыйны сайт Лукашэнкі, на якім публікуецца хроніка мерапрыемстваў з ягоным удзелам, маўчыць — апошняя навіна датаваная 10 траўня, гаворка ў ёй ідзе пра віншаванне прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева.
Але ёсць і іншы паўафіцыйны рэсурс, які асвятляе дзейнасць Лукашэнкі, — Telergam-канал «Пул первого», які вядзе яго прэс-служба. За мінулыя дні там друкавалася ўсё што заўгодна, але не інфармацыя пра стан палітыка:
- інфармацыя пра выставу карцін да Дня Перамогі ў рэзідэнцыі Лукашэнкі;
- інфармацыя пра траплянне прапагандысцкага фільма пра тэракты, якія нібыта планаваліся на 9 траўня ў Мінску, у трэнды YouTube;
- інфармацыя пра запрашэнне ўзяць удзел у саміце ААН па мэтах устойлівага развіцця, якое паступіла ў адрас Лукашэнкі;
- інфармацыя пра новую калекцыю рэчаў, якая прадаецца ў краме з мерчам Лукашэнкі.
Аднак тэму знікнення Лукашэнкі «Пул первого» таксама закрануў. 12 траўня, калі пра яго не было нічога вядома ўжо тры дні, у Telegram-канале з’явілася відэа з зайцам, які зайшоў на тэрыторыю рэзідэнцыі палітыка. Ролік суправаджаў подпіс: «„Навiчок“ во Дворце Независимости 😱».
Такім чынам прэс-служба Лукашэнкі, імаверна, спрабавала іранізаваць з таго, што ў незалежных медыя пачала з’яўляцца інфармацыя пра знікненне палітыка. «Навічок» — гэта атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння, якое распрацоўвалася ў СССР і Расіі. Лічыцца, што менавіта з яго дапамогай расійскія спецслужбы здзейснілі спробы атруціць былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў брытанскім горадзе Солсберы ў 2018 годзе, а таксама апазіцыянера Аляксея Навальнага ў 2020-м.
Сапраўды гэта іронія Telegram-канала альбо намёк на атручанне Лукашэнкі падчас ягонага візіту ў Маскву, мы не ведаем: афіцыйнай інфармацыі пра стан ягонага здароўя па-ранейшаму няма.
Дзяржаўны тэлеканал: прыцягнулі псіхолага
Тэму знікнення Лукашэнкі 12 траўня закрануў таксама дзяржаўны тэлеканал СТБ — і нават прыцягнуў да каментароў спецыяліста. Праўда, ім чамусьці аказалася псіхолаг Алёна Дзіёдзіна, якая вядзе на канале ўласную рубрыку і выступае ў якасці эксперта ў іншых прапагандысцкіх перадачах, а таксама ў газеце адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня».
У сюжэце пад назвай «Што са здароўем Лукашэнкі? Псіхолаг назвала чатыры міфы, якія выкарыстоўваюць для чорнага піяру буйных палітыкаў» Дзіёдзіна спачатку кажа, што «за мяжой не знайшлося больш актуальнай тэмы, чым паходка Лукашэнкі падчас параду. Нібы дэфіляваць перад усімі даўжэй было асноўнай задачай яго прысутнасці».
Вось толькі стан Лукашэнкі хвалюе ў першую чаргу не замежныя СМІ, а беларускія: людзі хочуць ведаць, што адбываецца з чалавекам, які фактычна кантралюе жыццё краіны.
Потым Дзіёдзіна вылучае чатыры прычыны, з якіх здароўе Лукашэнкі, як ёй здаецца, стала тэмай для абмеркавання ў СМІ.
Найперш яна лічыць, што ўвага да стану Лукашэнкі тлумачыцца праблемамі ў краінах Захаду і неэфектыўнасцю іх замежнай палітыкі. А таксама адзначае, што ў парадзе на 9 траўня бралі ўдзел лідары амаль усіх краін СНД, што нібыта разбурае міф пра асуджэнне палітыкі Расіі і Беларусі большасцю краін свету (гэта насамрэч не міф, што пацвярджаюць прынятыя ААН рэзалюцыі ў дачыненні да РФ).
Потым Дзіёдзіна называе другую прычыну — палітычны статус Лукашэнкі. «Клішэ пра хворага лідара ткачы інфармацыйнай прасторы нярэдка выкарыстоўваюць як спосаб нанесці шкоду рэпутацыі. Згодна з іх паламанай логікай, прэзідэнт, якому нездаровіцца, становіцца нібыта слабы», — кажа яна.
Дзе менавіта спікер СТБ убачыла сцверджэнне пра палітычную слабасць Лукашэнкі, звязаную з ягоным здароўем, незразумела. Мы ўжо расказвалі пра тое, як пытанні здароўя найбуйнейшых палітыкаў асвятляюць у дэмакратычных краінах: напрыклад, калі на каранавірус хварэў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, пра гэта адразу ж апавясцілі грамадскасць, палітык пайшоў на самаізаляцыю, а прэс-служба кожны дзень паведамляла пра яго здароўе. Калі Байдэну праводзілі аперацыі, нават невялікія, грамадзянам адразу ж гэта паведамлялі. Бо здароўе прэзідэнта краіны — пытанне нацыянальнай бяспекі.
У той жа час можна ўпэўнена сцвярджаць, што большыя страты рэпутацыі Лукашэнкі — прычым унутры краіны, а не за мяжой — прыносіць замоўчванне стану яго здароўя. Чатыры дні, якія палітык адсутнічае на публіцы, ужо нарадзілі мноства чутак, якія відавочна граюць не на руку самому Лукашэнку, калі з ім сапраўды ўсё ў парадку.
Потым Дзіёдзіна пераходзіць да трэцяй прычыны. «Адзін з прыкметных міфаў, напрыклад, адлюстроўваецца ў рамках памылковай логікі: калі не зрабіў — не змог. З яго характэрна прарастае другое памылковае клішэ: калі нібыта чагосьці не змог, то, хутчэй за ўсё, па здароўі. Хоць неабавязкова. І існуе мноства прычын, з якіх форма паводзін аднаго палітыка магла б у чымсьці адрознівацца ад дзеяння астатніх», — сцвярджае яна.
У чым жа сапраўдная прычына таго, што Лукашэнка — адзіны з палітыкаў, што ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у Маскве на 9 траўня, адправіўся ад Краснай плошчы да магілы Невядомага салдата, да якой 300 метраў, не пешшу, а на аўтамабілі, псіхолаг не тлумачыць. Не тлумачыцца і прычына таго, што палітык не сказаў традыцыйнай прамовы ў Мінску. Як і тое, чаму ўлады адмаўляюцца афіцыйна паведаміць пра стан здароўя Лукашэнкі, калі з ім сапраўды нічога сур’ёзнага.
«І чацвёрты прыкметны міф выяўляецца ў тэзісе, нібы не можа быць так, каб моцнаму лідару, напрыклад, нездаровілася. Гэтая памылка ставіць знак роўнасці паміж часовым самаадчуваннем і нібыта палітычнай слабасцю, хоць усе мы аднолькава людзі і нешта часам турбуе кожнага. Наўрад ці з гэтай прычыны незваротна знікаюць веды або здольнасць быць эфектыўным лідарам», — завяршыла сваё абгрунтаванне Дзіёдзіна.
Не зусім ясна, чым гэты «міф» адрозніваецца ад таго, які яна агучыла другім. Тут можна толькі паўтарыцца, што значна большай слабасцю выглядае ўтойванне інфармацыі, калі ўжо відавочна, што з палітыкам не ўсё ў парадку.
Прапагандыстка з дзяржТБ: сказала, што «ўсё нармальна»
А вось прапагандыстка Марыя Пятрашка з Агенцтва тэлевізійных навін наўпрост пра сітуацыю з Лукашэнкам спачатку не выказалася. Замест гэтага 10 траўня яна апублікавала ў сябе ў Telegram-канале ўрывак з навінавай праграмы «Панарама», якая выйшла ў эфір яшчэ ў канцы красавіка. Тады абмяркоўвалася інфармацыя пра пагаршэнне здароўя прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, і часткай сюжэту быў каментар Пятрашка.
«Мяне шчыра замілоўвае, як метадычна празаходнія СМІ спрабуюць разгледзець у непажаданых Вашынгтону палітыкаў прыкметы ўзроставай непрыдатнасці да прэзідэнцкай службы. А дэменцыю Байдэна не бачаць ва ўпор», — працытавала сваё ж выказванне з таго каментара ў Telegram-канале Пятрашка, ўспомніўшы таксама інфармацыю пра шпіталізацыю прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, якая з’яўлялася ў СМІ, але чамусьці не згадаўшы ў гэтым шэрагу Лукашэнку.
Пра тое, як у амерыканскіх СМІ асвятляюць здароўе прэзідэнта ЗША, мы пісалі вышэй. У самім каментары Пятрашка пра Эрдагана рыторыка была аналагічнай той, што пазней агучыла Дзіёдзіна: інфармацыя пра нездароўе палітыкаў распаўсюджваецца, каб пераканаць грамадства ў іх слабасці і схіліць іх сімпатыі ў іншы бок.
У той самы дзень у Telegram-канале Пятрашка з’явіўся і іншы ролік, запісаны ёю на тэлефон, — і там гаворка ішла ўжо непасрэдна пра Лукашэнку.
«Да пытання пра давер дзяржаўным СМІ. Вы не адгадаеце, колькі разоў сёння ў розных крамах мяне пазналі, і пытанне было толькі адно: „А што з Лукашэнкам? Ён здаровы?“ — расказала прапагандыстка. — З інтанацыі і тону пытання было зразумела, што людзі шчыра перажываюць, а той факт, што яны задаюць гэтае пытанне журналісту дзяржаўных СМІ, кажа пра тое, што яны хочуць пачуць праўду, а не тое, што ім спрабуюць паказаць і ў чым іх пераканаць. Вядома, што сказаць, гэтым усё сказана. І радаваліся людзі, калі ім было сказана: „Госпадзе, ды ўсіх вунь ужо спрабуюць зрабіць хворымі ў двукоссі: і Вучыча, і Эрдагана, і Пуціна“. Супакойцеся, усё нармальна».
З моманту публікацыі гэтага відэа Пятрашка ідуць ужо чацвёртыя суткі. Лукашэнка, з якім «усё нармальна», па-ранейшаму не з’яўляецца на публіцы пасля відавочных цяжкасцяў, якія ўзніклі ў яго 9 траўня. Дзіўна таксама, што ў пытаннях людзей, якія нібыта гучалі ў яе адрас, Пятрашка разгледзела жаданне «пачуць праўду», а не наступствы ўтойвання ад грамадзян інфармацыі пра стан здароўя найвышэйшай службовай асобы.
Праўладны палітолаг: «Лукашэнку магло быць не вельмі добра»
У дысананс са словамі Пятрашка пра тое, што з Лукашэнкам «усё нармальна», увайшоў выступ праўладнага палітолага Аляксандра Шпакоўскага ў расійскай прапагандысцкай праграме «60 хвілін» у той жа дзень, 10 траўня (відэа ён апублікаваў у сваім Telegram-канале)
Вядоўца Вольга Скабеева падзякавала Лукашэнку і беларускай дэлегацыі за ўдзел у мерапрыемствах на 9 траўня і згадала пра нейкую «масу інсінуацый», якая ўзнікла пасля гэтага.
«Я, вядома, не ў курсе стану здароўя кіраўніка дзяржавы, — сказаў Шпакоўскі, быццам такое няведанне — гэта норма. — Але я не выключаю, што яму магло быць і не вельмі добра ў Маскве. Вось. Так бывае з рознымі людзьмі, нават маладымі. Але спяшаюся супакоіць прыхільнікаў Лукашэнкі і знерваваць нядобразычліўцаў: не дачакаецеся. Многія з тых, што нашага прэзідэнта хавалі, значыць, ужо самі даўно памерлі. Вось. Ён яшчэ не раз згуляе ў хакей і парадуе ўвогуле ўсіх сваёй формай. А тыя, хто піша, вось гэтыя пісакі — ну, давайце, можа быць, станем з гэтым амаль 70-гадовым чалавекам на лыжню або на канькі і паглядзім, значыць, хто ў якой фізічнай форме на самай справе знаходзіцца. Для мяне было важна тое, што прэзідэнт паехаў».
Аднак пакуль што Лукашэнка не з’явіўся нават на лыжах ці каньках, не кажучы пра пратакольныя мерапрыемствы. Чаму ніякай афіцыйнай інфармацыі пра Лукашэнку няма, калі яму было «не вельмі добра», прапагандыст, як і астатнія ягоныя калегі, не ўдакладніў.
Чытайце таксама


