Аляксандр Лукашэнка не прысутнічаў на фармальным сняданку пасля параду Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве, бо паляцеў у Мінск. Пра гэта расказаў РІА «Новости» прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
«Лукашэнка не ўдзельнічаў ва ўчорашнім сняданку лідараў краін СНД у Крамлі праз неабходнасць ад’езду ў Мінск на мерапрыемствы», — заявіў Пяскоў.
Прэс-служба Лукашэнкі ніяк не пракаментавала спешны ад’езд палітыка з Масквы.
Пытанні да самаадчування Аляксандра Лукашэнкі ўзніклі пасля таго, як палітык не змог на парадзе ў Маскве прайсці 300 метраў пешшу — ахове прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна давялося яго везці. Да таго ж у Маскве ў Лукашэнкі на руцэ заўважылі кавалак тканіны, падобны да бінта. А ўвечары ў Мінску палітык не сказаў сваёй традыцыйнай прамовы на ўскладанні вянкоў да манумента Перамогі.
Расійскія СМІ таксама звярнулі ўвагу на самаадчуванне Аляксандра Лукашэнкі.
«Рабіў уражанне сваім нездаровым выглядам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, і стала раптам востра шкада гэтага пажылога чалавека, які ўсё ж сабраўся ў апошні момант у Маскву. Яму цяпер было зусім, здаецца, нядобра, і не дай бог, спатрэбіліся б насілкі з рэанімацыйным інструментам, які завезлі да рага ГУМа перад самым пачаткам мерапрыемства. <…> Аляксандру Лукашэнку і праўда было вельмі нядобра. Але ён стараўся. Ён хацеў быць ля магілы Невядомага салдата. Урэшце яму далі электракар, прызначаны для перавозкі ветэранаў (такіх электракараў выстраілася ўжо шэсць ці сем на плошчы), і гэты электракар з прэзідэнтам Беларусі рухаўся за шарэнгай прэзідэнтаў, якая ішла вельмі нават не спяшаючыся», — напісаў у сваёй калонцы для «Коммерсанта» журналіст з расійскага прэзідэнцкага пула Андрэй Калеснікаў.