Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашенко рассчитывал, что жесткий контроль цен станет «уникальной операцией». В закрытом документе ему объяснили, чем это аукнулось
  2. Силовики начали задерживать беларусов за комментарии о пакистанцах и публиковать «покаянные» видео
  3. Власти признали в отчете для Лукашенко, что загнали себя в угол — пришлось пустить под нож одну из отраслей, чтобы не накрыло все сферы
  4. Новые станции рискуют всплыть из-под земли, «как корабль». На строительстве метро в Минске возникли сложности
  5. Однажды беларусы вышли на протест и остановили движение поездов. Против них грозились бросить даже союзные войска: что тогда случилось
  6. «Владимир, остановитесь!» Трамп обратился к Путину после ударов по Киеву
  7. Чиновники решили взяться за еще одну категорию работников, но после волны возмущения людей от некоторых новшеств отказались
  8. Сотні тысяч беларусаў сачылі за хлопцам, якому дзяўчына дапамагала аднаўляцца пасля страшнай аварыі. Яны разышліся
  9. «Я решил положить конец этим мегерам». Рассказываем, как убежденный антифеминист однажды убил 13 студенток и сотрудницу университета
  10. Путин заявил о готовности заморозить конфликт по линии фронта и отказаться от претензий на некоторые украинские территории — с какой целью
  11. У 44 гады памёр палітвязень з Быхава
  12. Администрация Трампа внезапно кардинально изменила свою стратегию по Украине в пользу России — эксперты привели подтверждения
  13. Почему идея Лукашенко позвать пакистанцев взорвала соцсети, а власть так быстро перешла к угрозам и «покаянным» видео? Спросили социолога
  14. Дело пропавшей спикерки КС засекретили? «Зеркало» получило ответ из Национальной прокуратуры Польши
  15. Россия ночью нанесла массированный удар по Украине: в Киеве — восемь погибших, в том числе двое детей, и десятки пострадавших
  16. Кочанова вспомнила нашумевший закон, которым населению отомстили за 2020 год, и озвучила, кто следующий в очереди на «урегулирование»
  17. Что происходит с заводом, который бросили американцы, а Кочанова говорила им вслед — «пусть уходят — справимся»
Читать по-русски


Па стане на вечар 29 снежня ў Беларусі 1455 палітвязняў. Цалкам імаверна, што да моманту, калі вы чытаеце гэты тэкст, іх стала яшчэ больш. І гэты боль беларускага грамадства ніяк не сціхае, а становіцца яшчэ мацнейшым. Палітычны аналітык Арцём Шрайбман не ведае, як вырашыць праблему, але прапануе некалькі крокаў, якія могуць у гэтым дапамагчы.

Арцём Шрайбман

Палітычны аналітык

Вядоўца праекта «Шрайбман адкажа» на «Люстэрку». Запрошаны эксперт Фонду Карнэгі за міжнародны мір, у мінулым — палітычны аглядальнік TUT.BY і БелаПАН.

Палітыкі і калегі-аналітыкі ўжо некалькі тыдняў горача абмяркоўваюць, хто вінаваты і што рабіць з тым, што колькасць палітвязняў у Беларусі расце ўжо трэці год. У гэтай спрэчцы нараджаюцца экзатычныя думкі выкупляць палітвязняў за грошы, крыху менш экзатычныя — прапаноўваць уладзе дыялог і здымаць санкцыі ў надзеі на добрую волю Лукашэнкі і максімалісцкія патрабаванні ў стылі «ніякага дыялогу да вызвалення ўсіх».

Здаецца, усе разумныя людзі з усіх бакоў дыскусіі разумеюць, што ключы ад турмаў ляжаць у Мінску, а не ў офісах дэмсілаў або заходніх сталіцах. Было б жаданне — знайшоўся б спосаб. Таму паўтаральную фрустрацыю ад бяссілля ў стылі «чаму Ціханоўская і Захад не вызвалілі палітвязняў» я адразу пакіну ўбаку.

Пры гэтым на сёння Захад — адзіны суб’ект, які можа весці перамовы па гэтым пытанні і ствараць для Мінска стымулы вызваляць людзей, карыстаючыся санкцыямі як перамоўным рычагом, то-бок пагражаючы новымі абмежаваннямі або прапаноўваючы змякчыць старыя.

Фото: twitter.com/ignaziocassis
Наталля Хершэ адразу пасля вызвалення. Фота: twitter.com/ignaziocassis

Калега Павел Мацукевіч у свежым артыкуле, з якім я магу спрачацца гадзінамі, тым не менш слушна заўважае, што акрамя адмены санкцый Лукашэнка хоча яшчэ і сімвалічнага прызнання. І гэта таксама ў нейкай ступені рэсурс, які ёсць у Захаду, як паказала гісторыя з абменам даверчых грамат швейцарскага пасла на свабоду Наталлі Хершэ.

Суровая і гнятлівая рэальнасць палягае на тым, што сёння з абодвух бакоў патэнцыйнага гандлю наконт свабоды палітвязняў яшчэ і блізка не саспелі ўмовы для яго. Суўдзел Мінска ў вайне кардынальна ўскладніў сітуацыю, таму што падняў планку для пачатку размовы, скаваў свабоду манеўру беларускіх і заходніх дыпламатаў. Некаторыя ўмовы для пачатку гэтага дыялогу сёння знаходзяцца наогул не ў руках Мінска або Брусэля, а хутчэй у руках Масквы ці УСУ.

І да лютага з гэтымі перамовамі было мноства праблем, якія дагэтуль актуальныя. Па-першае, Лукашэнка і яго сілавікі ўсё яшчэ не адчуваюць сябе спакойна і хочуць працягваць помсціць за 2020 год, баючыся яго паўтарэння.

Па-другое, адсутнічае давер: Лукашэнка лічыць, што мэта Захаду — змяніць яго рэжым не кіем, дык палкаю, а на Захадзе не могуць паверыць Лукашэнку, што ён, зрабіўшы адзін крок насустрач, напрыклад адпусціўшы 100 чалавек, не пасадзіць праз месяц 300, атрымаўшы тое, чаго хацеў.

Па-трэцяе, кансэнсусны парадак прыняцця рашэнняў у ЕС азначае, што калі пытанне не жыццёва важнае (а Беларусь ніколі ім не была і ўсё менш ёсць), то ў краін з асаблівымі інтарэсамі і рэзкай пазіцыяй з’яўляецца магчымасць блакаваць змену палітыкі Брусэля.

Умоўную Венгрыю паспрабуюць прагнуць, наваліўшыся ўсім калектывам, дзеля новых санкцый супраць Расіі, таму што гэта сёння прыярытэт еўрапейскай замежнай палітыкі. А дзеля крыху большай гнуткасці ў дачыненні да Мінска ўмоўную Польшчу не будуць прымушаць стаць умоўнай Аўстрыяй, таму што беларуская тэма другасная для Еўрасаюза. Гэта не дрэнна і не добра, проста так працуе гэты арганізм.

Выкарыстанне Беларусі расійскай арміяй з поўнай згоды і садзейнічання Лукашэнкі азначае, што, па-першае, Захад не можа разглядаць дзеянні Мінска як яго аўтаномны выбар, бачачы за кожным словам і справай Лукашэнкі цень Пуціна. А па-другое, і беларуская ўлада, нават калі б ёй захацелася, не можа рабіць занадта смелых жэстаў у заходні бок, таму што страшна паслаць няправільны сігнал саюзніку, чые войскі пасяліліся ў Беларусі як дома.

Фото: пресс-служба Кремля
Фота: прэс-служба Крамля

Але ёсць і яшчэ больш сумнае вымярэнне гэтай праблемы. Нягледзячы на тое, што палітвязняў становіцца ўсё больш, а абыходжанне з імі — усё больш канцлагерным, матывацыя вырашаць гэтую праблему як у беларускай улады, так і ў Захаду слабее. Мінск адаптуецца да санкцый, Расія дапамагае і абыходзіць іх, і знаходзіць новыя нішы на сваім рынку. А ў заходніх палітыкаў, якія прымаюць рашэнні на ўсходнееўрапейскім кірунку, проста не хапае часу і энтузіязму прыдумляць і прасоўваць нейкія шматступенныя схемы дыялогу з Лукашэнкам, калі ўсю энергію забірае дапамога Украіне.

Калі мы не разглядаем сцэнары накшталт раптоўнай змены рэжыму з біялагічных прычын, то гэтая драматычная і тупіковая рэальнасць не зменіцца да таго часу, пакуль не зменіцца матывацыя Мінска. То-бок пакуль Лукашэнка не трапіць у сітуацыю такога адчаю, калі ён будзе гатовы на шэраг сур’ёзных і ўстойлівых саступак, уключаючы прыпыненне рэпрэсій і выразнае дыстанцыяванне ад вайны.

У Захаду засталося мала санкцыйных бізуноў, каб прывесці Лукашэнку ў такі пункт. Тканка гандлёвых стасункаў з Мінскам стала тонкай настолькі, што нават калі абрэзаць яе рэшткі, гэта не прывядзе да эканамічнага калапсу ў Беларусі. Адпаведна, і пагроза гэтымі санкцыямі працуе нямоцна: у Мінску таксама ўмеюць лічыць і разумеюць, што дубіна ў руках ЕС і ЗША ўзору 2020 года і цяпер — відавочна рознага памеру. Маглі б дапамагчы другасныя санкцыі ў адрас тых, хто дапамагае Лукашэнку — ад ААЭ да Кітая, але на паўнавартаснае прыняцце такіх мер у Захаду не хапае палітычнай волі нават калі гаворка заходзіць пра Расію. Дзеля Беларусі тым больш напружвацца не будуць.

Адмена нейкіх санкцый у аднабаковым парадку, у якасці жэсту добрай волі, каб даць Лукашэнку свабоду манеўру і стымуляваць яго на нейкае змякчэнне пазіцыі — гэта і малаімаверны крок ва ўмовах яго саўдзелу ў вайне, і спрэчная ідэя як з маральнага, так і з практычнага пункту гледжання. Па-першае, гэта дасць і Лукашэнку, і астатнім аўтакратам прэцэдэнт, як трэба сябе паводзіць, каб Захад міргнуў першым. А па-другое, гэта не дасць ніякіх гарантый поспеху ў сітуацыі, калі матывацыя паводзін беларускага рэжыму не змянілася. Лукашэнка проста скажа «дзякуй» і працягне рабіць што робіць — бо атрымаецца, што менавіта яго настойлівасць і спрацавала, дык навошта ж нешта мяняць.

Ці можа гэтая матывацыя Мінска змяніцца з прычын, якія не залежаць ад палітыкі Захаду на беларускім кірунку? Так, і, мяркуючы па ўсім, менавіта гэтага мы асуджаныя чакаць.

Фактарамі тут могуць быць новыя перамогі УСУ, сусветны эканамічны крызіс, спалучаны з падзеннем цэн і попыту на тыя тавары, якія Беларусь яшчэ змудраецца экспартаваць, глыбокі крызіс у самой Расіі, сварка Пуціна і Лукашэнкі, напрыклад праз тое, што яны не дамовяцца пра ўмовы інтэграцыі або падтрымкі. Дарэчы, многае тут будзе залежаць ад заходніх санкцый на расійскую нафту і нафтапрадукты: іх свабодны экспарт з Расіі да гэтага часу дае ёй магчымасць спакойна паглынаць нейкую долю беларускага паліва.

Государственные флаги России и Беларуси, 21 февраля 2022 года. Фото: Reuters
Дзяржаўныя сцягі Расіі і Беларусі, 21 лютага 2022 года. Фота: Reuters

Аднак трэба быць сумленным з самім сабой — няма ніякіх гарантый, што нешта з пералічанага адбудзецца ў найбліжэйшыя месяцы. Але доля агіднага нават мне фаталізму, якая ёсць у маіх ацэнках, не азначае, што Захаду і дэмсілам варта проста сядзець на беразе, чакаючы, пакуль міма праплыве Лукашэнка з просьбамі прабачыць.

Па-першае, відавочна ўзмацняюцца каналы сувязі Ватыкана з Мінскам. Новы кіраўнік МЗС шмат гадоў быў паслом пры Святым Пасадзе. Блізкі да Лукашэнкі бізнесовец атрымлівае ад Ватыкана тытулы. Гэтыя сувязі можна выкарыстоўваць, каб паспрабаваць дамовіцца хаця б пра дэманстратыўны акт гуманізму і вызваленне маці маленькіх дзяцей, цяжка хворых і пажылых палітвязняў, скажам, да Вялікадня.

І калі дзеля выратавання зняволеных, якія ледзь ходзяць, і анкахворых або магчымасці маленькіх дзяцей убачыць сваіх мам патрэбны званок ад Папы Рымскага ў Мінск або зняцце санкцый з аднаго-двух прыдворных «рыцараў» (якія і так умеюць іх абыходзіць), то, па-мойму, гуманітарны аспект тут відавочна пераважвае любыя выдаткі.

Па-другое, па вялікім рахунку, нішто не перашкаджае паспрабаваць ідэю ўжо згаданага Паўла Мацукевіча пра тое, каб прапанаваць Лукашэнку нейкія сімвалічныя жэсты, напрыклад званок ці прыезд нейкага высокапастаўленага чыноўніка, калі яны здольныя вызваліць людзей. У мяне ёсць вялікія сумневы, што гэта спрацуе, і, зразумела, гэта не дасць гарантый, што рэпрэсіі спыняцца. Але ў ацэнцы важнасці гэтага пытання для Лукашэнкі я магу не мець рацыі, а дасведчаны экс-дыпламат Мацукевіч — мець. У любым выпадку, беларускі рэжым не атрымае ад гэтага нейкіх значных бонусаў, акрамя масажу эга галоўнага начальніка, а значыць, гэтую гіпотэзу можна і трэба тэставаць.

Па-трэцяе — і гэта поле адказнасці дэмсіл — я лічу абсалютным правалам двух гадоў працы Офіса Ціханоўскай, месяцаў працы яе Кабінета і іншых структур адсутнасць наладжанай сістэмы рэгулярнай фінансавай падтрымкі сем’яў усіх палітвязняў за сродкі міжнародных донараў.

Праца праваабаронцаў, разавыя зборы на BySOL на падарункі дзецям палітвязняў і аплата некаторых з іх адвакатаў — гэта капейкі ў параўнанні з дзясяткамі мільёнаў еўра і даляраў, якія вылучаюцца на беларускую дэмакратыю. Менавіта гэта, а не нешта іншае мусіць быць прыярытэтам падчас лабіявання і пошуку сродкаў. Кабінеты і дэпартаменты, харугвы і паездкі ў новыя краіны, запуск дзесяці падобных Youtube-каналаў, якія глядзіць пара тысяч аднадумцаў, — усё гэта суперважна, але мусіць ісці следам.

Женская колония в Гомеле. Кадр из фильма «Дебют» Анастасии Мирошниченко
Жаночая калонія ў Гомелі. Кадр з фільма «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка

Нават калі гэта будуць не самыя вялікія грошы, сваякам палітвязняў важна ведаць, што на іх не забыліся, і мець магчымасць сабраць для сваіх блізкіх лішнюю пасылку ў калонію. Гэта не рашэнне пытання палітвязняў, але гэта хоць нейкае абязбольвальнае. Застаецца спадзявацца, што са з’яўленнем «міністра» па гэтай праблеме ў Пераходным кабінеце яе рашэнне нарэшце зрушыцца з месца.

І па-чацвёртае, пакуль Мінск не саспеў для сур’ёзнай размовы, Захад можа і павінен рыхтавацца да часу, калі гэтае саспяванне адбудзецца. То-бок падрыхтаваць і загадзя ўзгадніць паміж ключавымі гульцамі дарожную карту канкрэтных крокаў: якія санкцыі могуць быць адмененыя або прыпыненыя ўзамен на якія саступкі Мінска. Гэты план можна непублічна давесці і да Алейніка з Лукашэнкам, каб выключыць сітуацыю няслушных ацэнак у Мінску таго, на што гатовы Захад і што для гэтага трэба рабіць.

Падрыхтоўка такога плану не азначае змякчэння заходняй пазіцыі, але яна азначае, што ў крытычны момант еўрабюракраты не будуць марнаваць месяцы каштоўнага часу, каб узгадніць паміж сабой новую стратэгію, а змогуць проста актываваць папачку, якая ляжыць у стале. Нават калі яна запатрабуе карэктавання ў дзень Х, гэта лягчэй зрабіць, чым збірацца і думаць з нуля, як жа паводзіць сябе з Лукашэнкам, які раптам нечакана трэці раз стаў гатовы саступаць.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.