Апазіцыйны палітык Павел Латушка ў 2020 годзе паўдзельнічаў у пірацкім распаўсюдзе ў інтэрнэце фільма «Купала», які знялі на «Беларусьфільме» за 1,5 мільёна даляраў і які ў выніку паклалі на паліцу. Пра гэта ён расказаў у падкасце YouTube-канала «Сумны Коленька». Увагу на публікацыю звярнуў тэлеграм-канал «Священный Белавуд».
«Прызнаюся шчыра, у тым ліку і я прыклаў руку [да таго], што ён (фільм „Купала“. — Заўв. рэд.) з’явіўся на YouTube», — расказаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Латушка патлумачыў, чаму для яго было важна распаўсюдзіць фільм у сеціве пасля фактычнай забароны ўладаў:
«Я лічыў, што гэта мусіць паглядзець кожны беларус. Я глядзеў яго тры разы і рэкамендую, хто зможа знайсці. На жаль, версія ўжо замыленая, ды яна і не найлепшая ў інтэрнэце. Але яго варта паглядзець — і тады ты разумееш, чаму Лукашэнка забараніў паказ гэтага фільма перад 9 жніўня 2020 года».
Якой была яго ўласная роля ў пірацкім зліве фільма, палітык не раскрыў.
Нагадаем, у 2019 годзе «Беларусьфільм» зняў фільм «Купала» пра лёс беларускага паэта Янкі Купалы, бюджэт склаў 1,5 млн даляраў. Як прызнаваўся рэжысёр Уладзімір Янкоўскі, фільм адаслалі Лукашэнку. «Як толькі „Купалу“ паглядзіць ён, будзе прагляд для грамадскасці. Магчыма нават, гэта здарыцца вельмі хутка. Але, думаю, усё ж не сёння і не заўтра, бо прэзідэнт толькі вярнуўся з камандзіроўкі», — заявіў Янкоўскі «Народнай Волі».
У лютым 2020-га фільм паглядзеў Лукашэнка, а таксама «ўсе найвышэйшыя дзяржчыноўнікі, у тым ліку з КДБ». Водгукі былі выключна станоўчымі.
Масавы пракат карціны перанеслі на лістапад 2020 года. Крытыкі меркавалі, што гэта зроблена для трапляння на міжнародныя фестывалі (паводле правілаў зрабіць гэта пасля пракату немагчыма). А таксама каб не правакаваць крамлёўскую прапаганду перад прэзідэнцкімі выбарамі. Пасля паказу фільма ў кінатэатрах планавалася зрабіць чатырохсерыйны фільм для тэлебачання.
Але пасля падзей жніўня 2020 года фільм паклалі на паліцу. Бо, сярод іншага, у «Купалу» былі паказаныя расстрэл мірнай дэманстрацыі, гвалт, масавыя арышты і рэпрэсіі.
Адзіны паказ адбыўся ў лістападзе таго ж года на фестывалі «Маскоўская прэм’ера» — гэта форум кіно краін СНД. Фільм узнагародзілі прызам «Падзея кінематаграфічнага года». Праз паўгода фільм мусілі паказаць на Еўразійскім кінафестывалі ў Вялікабрытаніі, але за два дні да прэм’еры «Беларусьфільм» адклікаў стужку з фестывалю.
У верасні 2020-га чарнавая версія фільма з’явілася ў сеціве. Відэа можна паглядзець на YouTube.