Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У апошнія гады супрацоўнікі беларускіх сілавых ведамстваў часта запісваюць і публікуюць у інтэрнэце «пакаяльныя» відэа, на якіх затрыманыя грамадзяне пад ціскам агаворваюць сябе. Гэтыя масавыя самаагаворы, на думку псіхіятра Сяргея Папова, — праява псіхалагічнай абароны, калі мозг пераключаецца ў рэжым выжывання і перастае думаць катэгорыямі далёкай будучыні. Галоўная задача — пазбегнуць здзекаў, гвалту ці іншых пагроз тут і цяпер. Сучасная Беларусь — далёка не першая і не адзіная краіна, якая карыстаецца такой практыкай: сілавікі ў дыктатурах вельмі часта звяртаюцца да «здабывання» прызнанняў у злачынствах пад ціскам і катаваннямі. Мы сабралі некалькі прыкладаў са сталінскага СССР, Камбоджы, Лівіі і Ірана.

Прызнанне — галоўны доказ?

Заканадаўства невыпадкова абмяжоўвае магчымасць праваахоўных органаў дабівацца самаабвінавачвальных паказанняў ад падазраваных. Дапытваныя людзі, знаходзячыся ў руках сілавікоў, могуць пагадзіцца з абвінавачаннямі ў свой адрас ці нават выдумаць нейкае злачынства, каб спыніць свае пакуты або вывесці з-пад магчымага ўдару сваіх блізкіх.

З гэтай прычыны старажытны прынцып рымскага права «прызнанне — царыца доказаў» ужо даўно лічыцца памылковым. Бо гэтае самае прызнанне можа быць вырванае ў абвінавачанага пад катаваннямі. Гэты недахоп прызнання ў сваіх працах адзначаў нават адзін з арганізатараў сталінскіх рэпрэсій Андрэй Вышынскі, які, зразумела, на практыцы не саромячыся яго выкарыстоўваў.

Прызнанні, атрыманыя пад ціскам, шырока выкарыстоўваліся сярэднявечнымі судамі для атрымання доказаў — у тым ліку і сумнавядомай інквізіцыяй. Але да канца XVIII стагоддзя пад уплывам ідэй Асветніцтва прымусова атрыманыя прызнанні пачалі ператварацца ў перажытак мінулага. Калі мэта дазнання і суда — высвятленне аб’ектыўнай ісціны пра злачынства і сапраўднае правасуддзе, то катаванні — відавочна не найлепшы памочнік. Бо з іх дапамогай можна дабіцца ад невінаватых людзей любых, нават самых фантастычных, прызнанняў (іх прыклады мы і прывядзём ніжэй).

Андрей Вышинский произносит обвинительную речь на процессе по Шахтинскому делу, 18 мая 1928 года. Фото: «Родина»
Андрэй Вышынскі гаворыць абвінаваўчую прамову на працэсе па Шахцінскай справе, 18 траўня 1928 года. Фота: «Родина»

Крыж на прызнаннях, атрыманых пад ціскам, здавалася, паставіла Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, якую большасць краін свету прыняло ў 1948 годзе. Пяты артыкул гэтага дакумента змяшчае прамую забарону на катаванні, жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, якое прыніжае годнасць. Зрэшты, некалькі краін (у тым ліку СССР і БССР як яго частка) падчас галасавання па дэкларацыі ўстрымаліся, а ў Савецкім Саюзе нават за спробу яе распаўсюду можна было трапіць у вар’ятню.

На жаль, і ў XXI стагоддзі сілавікі ў многіх краінах свету не грэбуюць тым, каб выкарыстоўваць прымус (гвалт, катаванні, запалохванне, пагрозы блізкім) для здабывання прызнальных паказанняў. А дзесьці, як у Беларусі, нават не саромеюцца дэманстраваць вынікі такіх дзеянняў у форме «пакаяльных» відэа.

Але пачнём мы наш агляд з першай паловы XX стагоддзя.

Ганебны канец Яжова: прызнаўся ва ўсім, аж да гомасэксуальнасці

Выкарыстанне самаагавораў, здабытых з дапамогай прымусу, катаванняў і здзекаў, шырока выкарыстоўвалася ў сталінскім СССР, прычым з санкцыі самога кіраўніка савецкай дзяржавы. Часта следчыя яшчэ да працэсу дазнання атрымлівалі ўказанне, што нейкі чалавек — вораг народа, і тады ў іх задачу ўваходзіла не высвятленне факта злачынства, а толькі выбіванне прызнання. Адзін з самых яркіх прыкладаў выкарыстання самаагавору для вынясення расстрэльнага прысуду — справа супраць аднаго з арганізатараў масавых чыстак другой паловы 1930-х гадоў.

Мікалай Яжоў, які ўзначаліў НКУС СССР у 1936-м, кіраваў сталінскімі рэпрэсіямі ў іх самы страшны перыяд — у 1937−1938 гадах. У той час ён быў адным з самых магутных савецкіх кіраўнікоў. Вакол яго прапаганда стварала «культ Яжова» — чалавека, што бязлітасна знішчаў ворагаў народа. Яго партрэты друкаваліся ў газетах, мастакі малявалі плакаты са «сталёвымі Яжовымі рукавіцамі», а паэты пісалі пра яго вершы (аўтар прыкладу — казахскі паэт-акын Жамбул Жабаеў, слова «батыр» у мангольскіх і цюркскіх народаў азначае «герой», «доблесны ваяр»):

«Я славлю батыра Ежова, который,

Разрыв, уничтожил змеиные норы,

Кто встал, недобитым врагам угрожая,

На страже страны и ее урожая».

У той час у СССР расстрэльвалі ў сярэднім паўтары тысячы чалавек за дзень.

У канцы 1938 года Яжоў трапіў у няміласць. На змену яму прыйшоў новы галоўны чэкіст Лаўрэнцій Берыя, а сам Яжоў трапіў на лаву падсудных. Зразумела, былы наркам не быў бязгрэшным чалавекам. Акрамя арганізацыі масавых рэпрэсій на яго рахунку былі шматлікія злоўжыванні службовым становішчам і згвалтаванні. Паводле сведчання авіяканструктара Аляксандра Якаўлева, Іосіф Сталін так расказваў пра сапраўдныя прычыны адлучэння Яжова ад улады і наступнага пакарання: «Яжоў — мярзотнік! Загубіў нашыя найлепшыя кадры. Гнілы чалавек. Тэлефануеш да яго ў наркамат — кажуць: з’ехаў у ЦК. Тэлефануеш у ЦК — кажуць: з’ехаў на працу. Пасылаеш да яго на дом — аказваецца, ляжыць на ложку да паўсмерці п’яны. Шмат нявінных загубіў. Мы яго за гэта расстралялі».

Ежов (справа), Сталин, Молотов и Ворошилов на выборах 1937 года. Фото: wikipedia.org
Яжоў (справа), Сталін, Молатаў і Варашылаў на выбарах 1937 года. Фота: wikipedia.org

Але савецкаму народу трэба было даць саліднейшае абгрунтаванне расправы над нядаўнім героем прапаганды. Таму Яжова абвінавацілі ў:

  • здрадніцкіх, шпіёнскіх сувязях з Польшчай, Германіяй, Англіяй і Японіяй;
  • удзеле ў шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі;
  • кіраўніцтве антысавецкай змовай у НКУС;
  • кантактах з нелегальнай ваенна-змоўніцкай арганізацыяй у Чырвонай арміі;
  • падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту (путчу);
  • падрыхтоўцы тэрарыстычных акцый супраць кіраўнікоў камуністычнай партыі і ўрада падчас дэманстрацыі на Краснай плошчы ў Маскве.

Акрамя таго, у абвінаваўчым заключэнні адзначалася, што былы наркам здзяйсняў акты мужаложніцтва (гомасэксуальных зносін), «дзейнічаючы ў антысавецкіх і карыслівых мэтах».

Дапытвалі Яжова яго ўчорашнія падначаленыя — старшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі Анатоль Эсаулаў і капітан дзяржбяспекі Барыс Радос. Мяркуючы з водгукаў многіх відавочцаў, гэтыя супрацоўнікі НКУС вылучаліся жорсткасцю. У дадатак з апошняга слова самога былога наркама вядома, што Берыя абяцаў захаваць яму жыццё, калі ён ва ўсім прызнаецца. Пад катаваннямі і ў надзеі на выратаванне Яжоў прызнаўся следчым ва ўсіх інкрымінаваных злачынствах, у тым ліку караным у СССР мужаложніцтве.

Праўда, на судзе ён паспрабаваў здаць назад і заявіў, што ўсе гэтыя паказанні былі выбітыя пад ціскам. Падмацаваўшы гэтыя словы аргументам пра тое, што ён не мог быць польскім шпіёнам, бо пачаў працу на пасадзе наркама з разгрому польскіх шпіёнаў у савецкай разведцы, Яжоў прызнаў сябе вінаватым толькі ў тым, што «пачысціў» (то-бок знішчыў) толькі 14 тысяч чэкістаў. У дадатак ён назваў ворагамі народа маршалаў Сямёна Будзённага і Барыса Шапашнікава, ужо згаданага генеральнага пракурора Андрэя Вышынскага і наркама (міністра) замежных справаў Максіма Літвінава. На абвінавачанне ў маральна-бытавым разлажэнні Яжоў адказаў так: «Я не адмаўляю, што я п’янстваваў, але я працаваў як вол».

Асудзілі і расстралялі Яжова таемна — інфармацыя пра гэта не друкавалася ў газетах. У 1940 годзе ў народзе з’явіліся чуткі пра зніклага галоўнага чэкіста — нібыта ён альбо звар’яцеў і сядзіць на ланцугу ў вар’ятні, альбо павесіўся, прымацаваўшы сабе на грудзі таблічку з надпісам «Я — г***о». Распаўсюджвалі іх былыя падначаленыя Яжова.

Туол Слэнг: прызнанні ў супрацоўніцтве з ЦРУ і КДБ, даносы на знаёмых

З 1975 да 1979 года ўладу ў Камбоджы ўтрымліваў дыктатарскі камуністычны рэжым, прыхільнікі якога вядомыя як «чырвоныя кхмеры». У гэты перыяд Кампучыя (так рэвалюцыянеры перайменавалі сваю краіну) была эталонна таталітарнай і рэпрэсіўнай дзяржавы. Кхмеры пераследавалі этнічных в’етнамцаў, мусульман, гараджан, інтэлектуалаў (да якіх адносілі людзей, што насілі акуляры для зроку) і шматлікіх іншых «ворагаў народа». Учынены імі генацыд прывёў да гібелі каля двух мільёнаў чалавек — прыкладна чвэрці насельніцтва краіны.

Адным з кампучыйскіх канвеераў смерці стаў будынак школы ў Пнампені, вядомы цяпер як Туол Слэнг (у перакладзе з кхмерскай — «Узгорак атрутных дрэваў»). «Чырвоныя кхмеры», якія наўмысна «адкочвалі» сваю краіну ў сярэднявечча, не адчувалі асаблівай неабходнасці ў навучальных установах і перапрафілявалі школу ў турму-канцлагер для іншадумцаў. Усяго такіх «установаў» у краіне было не менш за 150 — прынамсі па адной на кожны адміністрацыйны раён.

Один из нескольких стендов с фотографиями заключенных - жертв тюрьмы Туол Сленг (ныне - Музей геноцида) в Пномпене. Фото: wikipedia.org
Адзін з некалькіх стэндаў з фотаздымкамі зняволеных — ахвяраў турмы Туол Слэнг (цяпер — Музей генацыду) у Пнампені. Фота: wikipedia.org

З 1975 па 1979 год праз Туол Слэнг прайшло не менш за 18 тысяч чалавек, выжыць з якіх удалося адзінкам. Адначасова ў лагеры ўтрымлівалася 1000−1500 грамадзян. У першыя месяцы гэта былі людзі, звязаныя з дзяржаўнымі структурамі папярэдніх камбаджыйскіх уладаў: чыноўнікі, вайскоўцы, дактары, настаўнікі, а таксама студэнты, рабочыя заводаў, манахі, інжынеры. Пазней, калі чысткі дабраліся і да саміх чырвоных кхмераў, сюды пачалі трапляць партыйныя актывісты і іх сем'і.

Пасля прыбыцця ў турму зняволеных фатаграфавалі, запісвалі біяграфічныя звесткі, распраналі да ніжняй бялізны, а іх маёмасць канфіскоўвалі. Пасля гэтага людзей адпраўлялі ў камеры, дзе іх прыкоўвалі кайданамі да бетоннай падлогі або да сцен. Спалі яны на бетонных падлогах без усялякіх пасцельных прыналежнасцяў, размаўляць адно з адным і з ахоўнікамі зняволеным забаранялася. Кожную раніцу ў 4.30 адбываўся нагляд, падчас якога наглядчыкі правяралі, ці не аслаблі кайданы і ці не схавалі зняволеныя прадметы, якія маглі б выкарыстаць для самагубства.

Бывший школьный класс, превращенный с помощью кирпичных перегородок в тюремные камеры. Музей геноцида Туол Сленг, Пномпень, Камбоджа. Фото: Uhooep, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Былы школьны клас, ператвораны з дапамогай цагляных перагародак у турэмныя камеры. Музей генацыду Туол Слэнг, Пнампень, Камбоджа. Фота: Uhooep, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Ужо само знаходжанне ў турме было катаваннем. Зняволеных жудасна кармілі (некалькі лыжак рысу і суп з лісця пару разоў на дзень), затое маглі прымусіць есці фекаліі і піць мачу. Жудасная антысанітарыя прыводзіла да ўспышак скурных і іншых захворванняў.

Але ўвесь гэты кашмар быў толькі прэлюдыяй да допытаў, на якіх са зняволеных выбівалі прызнанні ў любых злачынствах, што прыходзілі ў галаву турэмшчыкам. Зняволеныя пад катаваннямі расказвалі пра сваё супрацоўніцтва са спецслужбамі В’етнама, амерыканскім ЦРУ і савецкім КДБ (хоць кхмеры былі камуністамі, яны негатыўна ставіліся да СССР, які адышоў ад сталінскай палітыкі). Акрамя таго, з іх абавязкова «выбівалі» імёны ўяўных суўдзельнікаў, якія пазней папаўнялі шэрагі зняволеных. Некаторыя з атрыманых такім чынам спісаў змяшчалі сотні імёнаў.

Здание бывшей тюрьмы Туол Сленг. Пномпень, Камбоджа. Фото: Marcin Konsek, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Будынак былой турмы Туол Слэнг. Пнампень, Камбоджа. Фота: Marcin Konsek, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Сістэма катаванняў у Туол Слэнгу была адпрацаваная і дазваляла атрымліваць практычна любыя прызнальныя паказанні. Зняволеных збівалі, мучылі электрычным токам, абпальвалі распаленым металам, рэзалі нажамі, душылі поліэтыленавымі пакетамі. Для атрымання прызнальных паказанняў выкарыстоўваліся выдзіранне пазногцяў, паліванне адкрытых ран алкаголем і ўтрымліванне галавы пад вадой. Жанчыны-зняволеныя падвяргаліся згвалтаванням.

Хоць некаторыя зняволеныя паміралі ўжо падчас катаванняў, такі іх канец не вітаўся: правасуддзе чырвоных кхмераў мела патрэбу ў прызнаннях. Зрэшты, не менш чым 100 чалавек загінула ад рук дактароў лагера, якія праводзілі над зняволенымі разнастайныя медыцынскія эксперыменты — напрыклад, выдаленне ўнутраных органаў без анестэзіі або адпампоўванне крыві.

Орудие пыток, которое использовали тюремщики в Туол Сленг. Ноги заключенного привязывались к перекладине в правой части стола, руки — к петлям в левой части. Затем на лицо человека лилась горячая вода из синей лейки. Фото: flickr.com, CC BY 2.0, commons.w
Прылада катаванняў, якое выкарыстоўвалі турэмшчыкі ў Туол Слэнгу. Ногі зняволенага прывязваліся да перакладзіны ў правай частцы стала, рукі — да завес у левай частцы. Затым на твар чалавека лілася гарачая вада з сіняй лейкі. Фота: flickr.com, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org

У сярэднім зняволены ў Туол Слэнгу жыў ад двух да трох месяцаў. Пасля атрымання прызнанняў у змовах і здрадах і складання спісаў суўдзельнікаў вязняў вывозілі за горад і забівалі да смерці жалезнымі прутамі, кіркамі, мачэтэ і іншай самаробнай зброяй.

Як балгарскія медсёстры прызналіся ў тым, што заражалі ВІЧ лівійскіх дзяцей

У лістападзе 1998 года ў дзіцячай бальніцы Эль-Фаціх лівійскага горада Бенгазі адбылося масавае заражэнне дзяцей вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). Паводле афіцыйных звестак, захварэлі 393 дзіцяці, з якіх за год (да кастрычніка 1999 года) 23 памерла. У 2007 годзе колькасць заражаных дзяцей ацэньвалася ў 460, а памерлых — у 56.

Імаверна, усё гэта стала вынікам далёка не ідэальнага стану лівійскай медыцыны. Французскі вірусолаг Люк Мантанье, які адкрыў у 1983 годзе ВІЧ, у 2002 годзе наведваў гэтую бальніцу і расказваў, што быў уражаны дзеяннямі персаналу, які не стэрылізаваў іголкі і не ізаляваў інфікаваных. Ды і ў цэлым сітуацыя з ВІЧ у Лівіі была настолькі дрэннай, што ў 1998−2000 гадах краіна проста не падавала статыстыку пра колькасць выпадкаў захворвання ў міжнародныя медыцынскія арганізацыі.

Фото: Reuters
Муамар Кадафі, кіраўнік Лівіі ў 1979−2011 гадах. Фота: Reuters

Але ў Лівіі тых гадоў кіраваў Муамар Кадафі. Выпадак мог нанесці шкоду рэпутацыі ягонага рэжыму, і дыктатару тэрмінова спатрэбіліся вінаватыя. У гэтай ролі выступілі 16 замежных (філіпінскіх, польскіх, венгерскіх, балгарскіх і палестынскіх) дактароў, медсясцёр і адміністрацыйных супрацоўнікаў бальніцы. Усіх іх абвінавацілі ў падрыве сістэмы аховы здароўя Лівіі, а семярых (балгарскага доктара, пяць балгарскіх медсясцёр і палестынскага інтэрна) — у забойстве. Яшчэ дзевяць медыкаў-лівійцаў, у тым ліку дырэктар бальніцы і намеснік міністра аховы здароўя, атрымалі абвінавачанні ва ўтойванні інфармацыі пра заражаных дзяцей, праз што нібыта заразіліся 19 маці інфікаваных дзяцей. Пазней круг падазраваных звузіўся да пяці балгарскіх медсясцёр і палестынца.

Калі б лівійскія ўлады абвінавацілі медыцынскіх «гастарбайтараў» у халатнасці, магчыма, гэта і выглядала б больш-менш праўдападобна. Але балгарскіх медсясцёр і палестынскага інтэрна паказалі пачварамі, якія наўмысна заразілі лівійскіх дзяцей ВІЧ на даручэнне амерыканскага ЦРУ і ізраільскай спецслужбы Масад.

Каб маральнае аблічча «забойцаў» лепш адпавядала гэтаму д’ябальскаму вобразу, трох медсясцёр і палестынца ў дадатак абвінавацілі ў сэксуальных адносінах па-за шлюбам, а адну з балгарак — у тым, што яна забяспечвала палестынца алкаголем. Нібыта гэта дазволіла падпарадкаваць яго волю і прымусіць удзельнічаць у злачынстве. Пазней пад удар лівійскага правасуддзя трапіў і муж адной з медсясцёр, які прыехаў у Лівію падтрымаць жонку — яго затрымалі і абвінавацілі ў незаконным абароце валюты.

Обложка ливийского журнала, отображающую официальную позицию ливийских властей по делу об инфицированных детях в Бенгази. Фото: en.wikipedia.org
Вокладка лівійскага часопіса, якая адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю ўладаў па справе пра інфікаваных дзецях у Бенгазі. Фота: en.wikipedia.org

У 1999 годзе прайшоў першы суд над затрыманымі медыкамі, якія, знаходзячыся пад следствам, прызналі сваю віну ў змове супраць лівійскай дзяржавы. Аднак у выніку справа была закрытая, бо суд не атрымаў іншых доказаў віны, а самі падсудныя на працэсе заявілі, што прызнанне віны было атрыманае пад катаваннямі. Тым не менш медсёстры і інтэрн засталіся пад вартай.

У 2003 годзе другі суд разгледзеў новыя абвінавачанні ў заражэнні дзяцей ВІЧ, да якіх дадалося «нелегальнае тэставанне медыкаментаў». Гэтым разам шасцярых медыцынскіх супрацоўнікаў асудзілі на смяротнае пакаранне. Пры гэтым суд праігнараваў даследаванне італьянскага і французскага мікрабіёлагаў, якія агледзелі больш за 200 інфікаваных дзяцей і прыйшлі да высновы, што вірус у бальніцы пачаў распаўсюджвацца прынамсі за паўгода да прыбыцця балгарскіх супрацоўнікаў у клініку Эль-Фаціх. Гэтым разам была адхіленая заява пра катаванні падазраваных.

Паводле словаў саміх медыкаў, самымі цяжкімі былі першыя тры месяцы зняволення, калі іх трымалі ў адзіночных камерах і катавалі, падвешваючы вяроўкамі за рукі і ногі. Таксама на іх нацкоўвалі сабак. Больш за ўсё дасталася палестынскаму інтэрну, якога катавалі дзевяць месяцаў. У гэты час яго збівалі, не давалі спаць, накачвалі наркотыкамі і білі токам. А пасля прымусілі падпісаць заяву, што з ім абыходзіліся добра.

Тым не менш у 2005 годзе па скарзе адвакатаў Вярхоўны суд Лівіі прызнаў наяўнасць грубых памылак падчас расследавання і накіраваў справу на перагляд, а абвінавачанымі сталі ўжо паліцэйскія, якія катавалі медыкаў (сілавікоў у выніку апраўдалі).

У 2006 годзе лівійскі суд трэці раз разгледзеў справу і паўторна асудзіў замежнікаў на расстрэл. Аднак гэтым разам улады краіны заявілі, што вызваляць медсясцёр, калі Балгарыя выплаціць кампенсацыю па 10 мільёнаў еўра за кожнае заражанае дзіця (тады іх колькасць ацэньвалася ў 426). Балгарыя адмовілася выплачваць 4,26 мільярда еўра, спаслаўшыся на тое, што такая ўгода азначала б фактычнае прызнанне віны медыкаў.

Валя Червеняшка, одна из болгарских медсестер, обвинявшихся ливийскими властями в умышленном инфицировании детей вирусом ВИЧ. 2008 год. Фото: Vockil, CC BY-SA 4.0, en.wikipedia.org
Валя Чарвяняшка, адна з балгарскіх медсясцёр, якія абвінавачваліся лівійскімі ўладамі ў наўмысным інфікаванні дзяцей ВІЧ. 2008 год. Фота: Vockil, CC BY-SA 4.0, en.wikipedia.org

У 2007 годзе памер кампенсацыі быў зменшаны да 1 мільёна даляраў за дзіця. Неабходныя 460 мільёнаў даляраў сабралі ў спецыяльным фондзе, сродкі ў які паступілі з 31 крыніцы, у тым ліку з Чэхіі, Катара і Балгарыі. Акрамя таго, Францыя паабяцала пераабсталяваць бальніцу ў Бенгазі. Фармальна лівійскія ўлады замянілі расстрэл на пажыццёвае зняволенне і дазволілі накіраваць зняволеных для адбыцця пакарання на радзіму, у Балгарыю (да таго часу балгарскае грамадзянства атрымаў і палестынец). Ужо праз гадзіну пасля прыбыцця ў краіну прэзідэнт краіны Георгій Пырванаў памілаваў іх, і яны выйшлі на волю, правёўшы ў зняволенні 8 гадоў.

У 2011 годзе, пасля зрынання Кадафі, стала вядома, што справа была сфабрыкаваная па яго ўказанні.

«Пакаяльныя» відэа з Ірана

Практыка «пакаяльных» відэа, якая склалася ў Беларусі, вельмі падобная да той, што выкарыстоўваецца як мінімум з сярэдзіны 2000-х гадоў у Іране. У 2004 годзе журналіст і блогер Амід Мемаран быў затрыманы сілавікамі Ісламскай Рэспублікі па абвінавачанні ў прапагандзе супраць дзяржавы і распаўсюдзе дэзінфармацыі шляхам напісання артыкулаў для газет і нелегальных інтэрнэт-сайтаў. У турме Мемарана падверглі катаванням і змусілі да прызнання віны, якое запісалі на відэа і паказалі па нацыянальным тэлебачанні.

Яшчэ адзін затрыманы па аналагічным абвінавачанні іранец, Разбеха Мірэбрахімі, расказаў на судзе пра метады, якія іранскія следчыя выкарыстоўваюць, каб змушаць абвінавачаных да публічнага прызнання віны.

«Пасля 60 дзён адзіночнага зняволення і жорсткага абыходжання следчы паведаміў мне, што мяне адпусцяць, калі я падпішу прызнанне і публічна агучу яго. На наступны дзень пасля майго вызвалення мяне выклікалі ў офіс [генеральнага пракурора] спадара [Саіда] Мартазаві, і ён сказаў мне: „Вызваленне вашых сяброў залежыць ад публікацыі вашага ліста з прызнаннем. Калі вы гэтага не зробіце, іх не выпусцяць, а вас мы зноў пасадзім“. Я быў вымушаны адправіць ліст з прызнаннем маёй віны, якое прадыктаваў Мартазаві, у інфармацыйныя агенцтвы», — сказаў ён.