Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» адкрыў перадзаказ на новую лімітаваную калекцыю гадзіннікаў «Мова. Ў». Яна натхнёная беларускімі пісьменнікамі.
Героямі серыі сталі Янка Брыль, Максім Танк і Пятрусь Броўка.
«Кожны з іх сваім прыкладам паказаў, наколькі велічна можа гучаць беларуская мова і як прыгожа яна можа выглядаць на паперы. Асабліва літара „ў“, індывідуальны стыль напісання якой вылучае гэтую тройцу сярод іншых дзеячаў беларускай культуры», — паведаміла прэс-служба «Луча».
Кожная з трох калекцый гадзіннікаў выпушчаная ў колькасці 70 асобнікаў. Яны працуюць на легендарным механізме 1801.1, корпус выраблены з нержавейнай сталі, шкло — мінеральнае. Раменьчык выкананы з натуральнай скуры з цісненнем подпісу кожнага пісьменніка.
Цана гадзінніка — 359 рублёў.
Адзначым, што да Міжнароднага дня роднай мовы «Луч» і раней выпускаў лімітаваныя серыі.