Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


25 студзеня ў Мінску прайшоў выязны семінар «Рэспубліка Беларусь: ад вытокаў да сучаснасці», арганізаваны Саветам Рэспублікі і шэрагам іншых дзяржустановаў (у тым ліку Мінадукацыі і Мінкультам). Рэзалюцыя, апублікаваная па яго выніках у дзяржСМІ, надзвычай важная: яна паказвае, якія наратывы дамінуюць у прапанаванай уладамі версіі тлумачэння беларускай гісторыі. Імаверна, заснаваныя на іх сцверджанні ў найбліжэйшыя гады будуць прасоўвацца ў школах і ў ВНУ, на іх жа будзе грунтавацца дзяржаўная прапаганда. Тлумачым на канкрэтных фактах прыклады маніпуляцый, якія ёсць у рэзалюцыі.

Семінар разам з Саветам Рэспублікі арганізавалі Нацыянальная акадэмія навук, Акадэмія кіравання, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. У ім бралі ўдзел кіраўніцтва Савета Міністраў, адміністрацыі Лукашэнкі, міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, спорту і турызму, прадстаўнікі Генпракуратуры, Беларускай праваслаўнай царквы і гэтак далей. Гэта паказвае, што прынятыя палажэнні будуць транслявацца ў звязаных з гэтымі ўстановамі сферах і стануць асновай дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі.

Адразу заўважым, што многія сцверджанні, пра якія мы будзем расказваць, улады прасоўвалі і раней — напрыклад, у рэгулярна публікаваных метадычках для ідэолагаў. Мы ўжо рабілі разборы такіх дакументаў (раз, два). Але цяперашняя падзея прынцыпова важная, бо яе статус значна вышэйшы. Удзел у ім прадстаўнікоў Акадэміі навук, Мінадукацыі і Мінкульта дазваляе выказаць здагадку, што цяпер менавіта такая версія гісторыі стане асноўнай для ўсіх установаў, якія знаходзяцца пад крылом дзяржавы.

Рэч Паспалітая — кепска, Расійская імперыя — добра

Удзельнікі семінара ўсяляк супрацьпастаўляюць Рэч Паспалітую і Расійскую імперыю. Спярша цытата: «Цяжкім выпрабаваннем для беларусаў быў перыяд знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай — федэратыўнай дзяржавы Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага». У якасці прыкладаў такіх выпрабаванняў прыводзяцца «войны, сацыяльныя і канфесійныя канфлікты, культурная і дзяржаўная асіміляцыя, паланізацыя шляхты і мяшчан», якія «прывялі да заняпаду культуры беларусаў, істотна замарудзілі нацыянальнае развіццё беларускага народа і яго дзяржаўнасці».

А вось уключэнне нашых земляў у склад Расійскай імперыі, якое адбылося пасля, паводле версіі аўтараў рэзалюцыі, «забяспечыла Беларусі тэрытарыяльную цэласнасць, эканамічную мадэрнізацыю і працяглае мірнае развіццё, спыніла паланізацыю, садзейнічала развіццю нацыянальна-духоўных традыцый, фармаванню беларускай нацыі, распаўсюду пісьменнасці; беларусы разглядаліся як частка трыадзінага (велікарусы, беларусы і маларусы) тытульнага народа Расійскай імперыі».

Пачнём з галоўнага парадоксу. Нават удзельнікі семінара прызнаюць ВКЛ «адной з гістарычных формаў беларускай дзяржаўнасці». У Рэчы Паспалітай Княства існавала як частка федэрацыі. У такім выпадку незразумела, як знішчэнне адной з гістарычных формаў дзяржаўнасці, якое здарылася пасля далучэння да Расіі, можа быць прагрэсіўным.

Перыяд існавання Рэчы Паспалітай сапраўды не самы просты ў беларускай гісторыі. Уваходжанне ВКЛ у склад РП прывяло да шматлікіх негатыўных наступстваў для беларускай нацыі, якая ўсё яшчэ працягвала фармавацца. У першую чаргу пацярпела старабеларуская мова, якая ў 1696 годзе была замененая ў дакументах ВКЛ на польскую і лацінскую. У краіне сапраўды адбывалася паланізацыя (і гэта кепска). Але аналагічны працэс (русіфікацыя) меў месца і ў імперыі — праўда, пра гэта аўтары не сказалі ні слова.

Тэзіс пра праблему вайны, з якой беларусы сутыкнуліся ў РП, таксама дзіўны — ваявала не толькі Рэч Паспалітая, але і Расія (за час знаходжання беларускіх земляў у складзе апошняй праз іх пракаціліся два найбуйнейшыя канфлікты таго часу: вайна 1812 года і Першая сусветная). Што да сацыяльных і канфесійных канфліктаў, якія сапраўды мелі месца ў РП (і ў большасці іншых дзяржаваў таго часу), то Расійская імперыя наогул забараніла ўніяцтва (рэлігійны кірунак, у якім праваслаўныя, захаваўшы свае абрады, прызналі ўладу папы рымскага). У канцы XVІІІ стагоддзя яго вызнавала большасць насельніцтва сучаснай Беларусі.

Ян Матейко, картина "Конституция 3 мая 1791" (1891). Король Станислав II Август (слева) входит в Собор Святого Иоанна Крестителя, где депутаты поклянутся защищать Конституцию. Изображение: wikipedia.org
Ян Матэйка, карціна «Канстытуцыя 3 траўня 1791» (1891). Кароль Станіслаў II Аўгуст (злева) уваходзіць у Сабор Святога Яна Хрысціцеля, дзе дэпутаты паклянуцца абараняць Канстытуцыю. Выява: commons.wikimedia.org

Такім чынам, на Расійскую імперыю можна перанесці ўсе прэтэнзіі, выстаўленыя да Рэчы Паспалітай. Але аўтары гэтага не робяць.

Не адпавядаюць рэчаіснасці і станоўчыя рысы, якія аўтары лічаць характэрнымі для перыяду імперыі. Сярод іх — згаданыя «распаўсюд пісьменнасці» і «развіццё нацыянальна-духоўных традыцый» — але ж менавіта імперскія ўлады закрылі Віленскі ўніверсітэт (1832), а затым Горы-Горацкі земляробчы інстытут (1864), пасля чаго на тэрыторыі цяперашняй Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Да пачатку XX стагоддзя не было ніводнай школы з выкладаннем на беларускай. Да таго ж часу забаранялася друкаванне кніг на роднай мове на лацінцы. А пераважную большасць беларускіх кніг на кірыліцы не прапускала цэнзура.

Расіі ставіцца ў плюс «эканамічная мадэрнізацыя». Але да 1861 года ў імперыі існавала прыгоннае права. А большасць ліберальных рэформаў праводзілася на тэрыторыі Беларусі са спазненнем або абмежаваннямі. Гэта замарудзіла развіццё рэгіёна ў другой палове XIX стагоддзя, прывяло да слабога ўзроўню развіцця прамысловасці, павольнага фармавання асноваў грамадзянскай свядомасці. Нацыянальная буржуазія, якая магла б быць зацікаўленая ў стварэнні сваёй дзяржавы, у Беларусі так па-сапраўднаму і не сфармавалася.

«Працяглае мірнае развіццё» — гэта ўсяго стагоддзе (1812−1914), ды і тое азмрочанае жорсткімі і крывавымі здушэннямі вызваленчых паўстанняў.

У якасці плюса падаецца і тое, што беларусы «разглядаліся як частка трыадзінага (велікарусы, беларусы і маларусы) тытульнага народа Расійскай імперыі». Удакладнім, што ў афіцыйных дакументах Расійскай імперыі Беларусь называлася «Паўночна-Заходнім краем», існаванне беларусаў як асобнай нацыі адмаўлялася. Таму незразумела, пра якую тэрытарыяльную цэласнасць ідзе гаворка. Адзінкі пад назвай «Беларусь» у імперыі не існавала. Вынік тых падзей — стаўленне цяперашніх расійскіх уладаў да Беларусі як да часткі РФ.

Стварэнне БНР і БССР

Вядома, аўтары рэзалюцыі не абышлі тэму стварэння беларускай дзяржаўнасці. Яны сцвярджаюць, што «спроба абвяшчэння ў 1918 годзе ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларускай Народнай Рэспублікі стала тупіковым напрамкам развіцця айчыннай дзяржаўнасці і не сустрэла падтрымкі народа». Першай беларускай дзяржавай, на іх думку, была БССР, абвешчаная ў 1919-м, а стварэнне ў снежні 1922 года СССР «стала лёсавызначальным этапам нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва; у 1924 і 1926 гадах у склад Беларускай ССР былі ўключаныя раёны Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, што забяспечыла спрыяльныя ўмовы для эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця беларускага народа».

Што было ў рэальнасці? БНР акурат абвясцілі людзі, якіх высунуў народ. Яшчэ да прыходу да ўлады бальшавікоў было прынятае рашэнне правесці Першы Усебеларускі з’езд — ён адбыўся ў снежні 1917-га, а дэлегатаў на яго перад гэтым выбіралі па ўсёй краіне і сярод нацыянальных беларускіх арганізацый. Бальшавікі разагналі сход. Але Рада, абраная на з’ездзе, змагла зноў сабрацца, стварыць урад, абвясціць Беларускую Народную Рэспубліку, а потым — і яе незалежнасць.

БНР не змагла стаць дзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова (яна не кантралявала сваёй тэрыторыі, не мела войска і не збірала падаткаў), але яе лідарам удалося шмат зрабіць для краіны: адкрываліся беларускія школы, выходзілі падручнікі на роднай мове, выдаваліся пашпарты, вяліся перамовы з іншымі краінамі ад імя беларускага народа. А сам факт існавання БНР напэўна паўплываў на будучае рашэнне бальшавікоў пра стварэнне БССР.

Народный секретариат БНР в 1918 году. Фото: commons.wikimedia.org
Народны сакратарыят БНР у 1918 годзе. Фота: commons.wikimedia.org

БССР жа (дакладней, тады яна называлася ССРБ) не праіснавала і двух месяцаў. Маніфест пра ўтварэнне рэспублікі апублікавалі ў ноч з 30-га на 31 снежня 1918 года. Гэта зрабілі ўдзельнікі Смаленскай канферэнцыі арганізацый Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) Заходняй вобласці — то-бок партыйныя актывісты, якія нікім не абіраліся (у адрозненне ад дэлегатаў Усебеларускага з’езда і яго Рады). Да гэтага яны наогул усяляк выступалі супраць беларускай дзяржаўнасці.

Ужо праз два месяцы ССРБ сілком аб’ядналі з Літвой у адзіную рэспубліку пад назвай ЛітБел, каб стварыць буфер паміж Расіяй і Польшчай — гэта выдатна паказвае штучны характар гэтай дзяржавы. Дарэчы, 1 чэрвеня 1919-га быў аформлены ваенна-палітычны саюз савецкіх рэспублік (РСФСР, ЛітБел і некалькіх іншых). Аб’ядноўвалася ваеннае камандаванне, саветы народнай гаспадаркі, камісарыяты (міністэрствы) працы, кіраўніцтва чыгункамі і гаспадаркай, фінансамі. І толькі праз пэўны час БССР абвясцілі другі раз — калі бальшавікі ваенным шляхам вярнулі пад свой кантроль беларускія землі падчас савецка-польскай вайны.

Але нават за тыя два месяцы, што існавала «першая» БССР, бальшавікі паспелі перадаць РСФСР спрадвечна беларускія землі на ўсходзе краіны. Значную частку з іх (але далёка не ўсе) якраз і вярнулі ў сярэдзіне 1920-х. Тым не менш аўтарамі рэзалюцыі вяртанне тэрыторый трактуецца як дасягненне. Што да «спрыяльных умоваў» для развіцця, то тут можна адзначыць, што ўжо тады ў Савецкім Саюзе разгортваліся масавыя рэпрэсіі. Але пра іх у рэзалюцыі не гаворыцца ні слова.

Атрымліваецца дзіўны парадокс: рэспубліка, створаная абранымі прадстаўнікамі народа, чамусьці трактуецца як «тупіковы напрамак». А вось аб’яднанне, створанае зверху, штучна і гвалтоўна, якое не мела ніякай самастойнасці, было цалкам залежнае ад Масквы ды яшчэ і страціла значную частку сваіх земляў, абвяшчаецца сапраўднай беларускай дзяржавай.

Геапалітычная вага, якой не было

Асобны ўмоўны блок прысвечаны падзеям найноўшай гісторыі.

«Галоўным вынікам савецкага перыяду стала тое, што беларуская дзяржаўнасць набыла геапалітычную вагу, рэальны сацыяльна-эканамічны базіс, які забяспечыў далейшы прагрэс краіны», — сцвярджаецца ў рэзалюцыі. Эканоміка Беларусі сапраўды развівалася нядрэнна (наколькі гэта магчыма пры планавай савецкай сістэме). Але вось фраза пра «геапалітычную вагу» — дзіўная.

БССР не праводзіла ніякай самастойнай знешняй палітыкі, паслухмяна ідучы ў фарватары Масквы. Першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка, які заняў гэты пост у 1990-м, успамінаў у мемуарах «Беларусь на ростанях: Нататкі дыпламата і палітыка», як яго папярэднік Анатоль Гурыновіч (узначальваў МЗС БССР у 1966−1990 гадах) перадаваў яму справы.

МЗС Беларусі. Фота: TUT.BY

«Перадаваць, як высветлілася, не было чаго. Пасля даволі цёплай гутаркі Анатоль Емяльянавіч адчыніў сейф, дзе, на маё немалое здзіўленне, было амаль пуста. Там захоўваўся адзіны дакумент — палажэнне аб рабоце міністэрства. Аніводнага дасье, аніводнай справы, ні матэрыялаў, звязаных з падрыхтоўкай да найбліжэйшай сесіі Генеральнай асамблеі ААН, ні матэрыялаў калегіі, ні тым больш нейкіх сакрэтных дакументаў у сейфе міністра замежных спраў не аказалася і, мяркую, ніколі не было, хоць Гурыновіч кіраваў ведамствам больш за чвэрць стагоддзя. Кебіч (прэм'ер-міністр Беларусі ў 1990−1994 гадах. — Заўв. рэд.) казаў праўду: беларускага МЗС сапраўды не існавала. Усе пытанні знешняй палітыкі вырашала Масква. А „знешняя палітыка“ Беларусі зводзілася выключна да членства ў ААН, хоць і там дэлегацыі Беларусі і Украіны разглядаліся ў якасці прыпрэжаных да дэлегацыі СССР», — пісаў Краўчанка.

Ідзём далей. «У 1991 годзе па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь займала 40-е месца сярод 174 краін свету і адносілася да групы краін з высокім узроўнем развіцця», — сцвярджаюць аўтары рэзалюцыі. Сапраўды, гэты індэкс — цяпер ён называецца індэксам чалавечага развіцця — аўтарытэтны паказчык, распрацаваны ў 1990 годзе. Ён штогод разлічваецца для вымярэння ўзроўню жыцця, пісьменнасці, адукаванасці і доўгажыхарства ў розных дзяржавах. Усе зборнікі прадстаўленыя ў інтэрнэце.

Але ёсць нюанс. У зборніках 1990, 1991 і нават 1992 года згадак пра Беларусь папросту няма. Усюды фігуруе СССР. Нашая краіна з’яўляецца ў зборніку 1993 года і займае 38-е месца. Адкуль з’явілася інфармацыя пра 1991-ы — незразумела (ды і краін у дакуменце тады фігуравала 160, а не 174).

Зрэшты, гэта не гэтак важна. Рапартуючы пра савецкія поспехі, ідэолагі забываюць пра важны аспект. За год да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Беларусь, як мы ўжо сказалі, займала 38-е месца, па выніках 2020-га — 53-е, па выніках 2022-га — 60-е. Так, краін стала трохі больш — у апошняй справаздачы іх 191. Але гэта не мяняе сутнасці: за цяперашняй уладай Беларусь не развіваецца, а ўсё больш адстае ад перадавых краін свету.

Распад імперыі — катастрофа?

«Распад СССР стаў буйной геапалітычнай катастрофай, ажыццёўленай насуперак волі беларускага народа, выяўленай на рэферэндуме 17 сакавіка 1991 года», — гаворыцца ў рэзалюцыі. У гэтым выпадку зноў мае месца падмена паняццяў.

Распад СССР стаў не катастрофай, а магчымасцю для беларусаў, якія дзякуючы гэтаму змаглі аднавіць сваю незалежнасць, абвешчаную яшчэ ў 1918-м. Апеляваць да рэферэндуму ў гэтым выпадку абсалютна некарэктна. На яго было вынесенае толькі адно пытанне: «Ці лічыце вы неабходным захаванне СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры забяспечвацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці?» Фармальна 82,7% беларусаў адказалі «так». Але само пытанне было пастаўленае некарэктна.

Фото: Wikimedia Commons
Бюлетэнь на рэферэндуме пра захаванне СССР у 1991 годзе. Фота: commons.wikimedia.org

З аднаго боку, адказваючы «так», грамадзяне галасавалі за захаванне СССР, з другога — за абнаўленне фармату дзяржавы. Якім чынам гэтае абнаўленне мусіла адбывацца, з пытання было абсалютна незразумела (новую саюзную дамову не публікавалі ў СМІ). Акрамя таго, адказ «не» мог мець на ўвазе і адкіданне другой часткі пытання, у якой прапаноўвалася «забяспечваць правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці». Колькі з беларусаў прагаласавала за захаванне СССР, колькі — за абнаўленне, а колькі — за забяспечанне правоў і свабод чалавека — невядома.

Акрамя таго, у СМІ напярэдадні рэферэндуму адсутнічалі роўныя ўмовы для абмеркавання, прыхільнікі незалежнасці не атрымлівалі доступу на радыё і тэлебачанне. У цэлым жа ўдзел у плебісцыце ўзяло толькі 9 з 15 рэспублік, што само па сабе ставіла пад пытанне яго сэнс. З іншага боку, ніякіх юрыдычных наступстваў вынікі рэферэндуму не мелі: фактычна галасаванне насіла рэкамендацыйны характар.

А яшчэ БССР аказалася сярод найгоршых па яўцы (83,3%, горш толькі ў РСФСР і Азербайджанскай ССР) і падтрымцы пытання, вынесенага на рэферэндум (менш адказвалі «так» толькі жыхары РСФСР і Украінскай ССР). Так што глабальна рэферэндум ні на што не паўплываў.

Галоўнае дасягненне — увядзенне пасады прэзідэнта

«У 1990 годзе Вярхоўным Саветам Беларускай ССР была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, 15 сакавіка 1994 года — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, галоўным дасягненнем якой стала ўвядзенне пасады прэзідэнта і прававое замацаванне суверэнітэту нашай краіны», — адзначаецца ў рэзалюцыі. Увядзенне пасады прэзідэнта як галоўнае дасягненне — гэта надзвычай дзіўная заява.

Тым больш што вынік у гэтага рашэння як мінімум неадназначны. Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо амаль 29 гадоў — столькі ж, колькі Іосіф Сталін у СССР. Сярод кіраўнікоў Беларусі ён знаходзіцца на 11-м месцы па працягласці кіравання — больш толькі ў манархаў. Што да сучаснасці, то толькі сем чалавек сярод цяперашніх кіраўнікоў іншых краін бесперапынна кіруюць даўжэй, чым ён.

Мы ўжо згадвалі падзенне Беларусі ў Індэксе чалавечага развіцця за час кіравання Лукашэнкі. Аднак гэты перыяд характарызуецца і мноствам іншых негатыўных з’яваў для краіны. Праз дзеянні Лукашэнкі Беларусь аказалася ў вельмі сур’ёзнай эканамічнай і палітычнай залежнасці ад Расіі, што абярнулася суўдзелам нашай краіны ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны. З 2020 года доўжыцца палітычны крызіс, які суправаджаецца масавымі рэпрэсіямі і эміграцыяй дзясяткаў тысяч людзей. Дзейнасць у Беларусі спынілі многія міжнародныя кампаніі, а сама краіна аказалася ў частковай міжнароднай ізаляцыі.

Асобна аўтары рэзалюцыі адзначаюць вынікі рэспубліканскіх рэферэндумаў 1996, 2004 і 2022 гадоў, якія «прадэманстравалі, што беларусы сталі палітычна сталай нацыяй і абралі эвалюцыйны шлях развіцця». Першы рэферэндум датычыў радыкальных зменаў у Канстытуцыю, якія змянілі баланс галін улады і зрабілі краіну суперпрэзідэнцкай рэспублікай, што фактычна надзяліла Лукашэнку дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Другі дазволіў палітыку абірацца неабмежаваную колькасць разоў. Трэці ўвёў у асноўны закон краіны Усебеларускі сход — дзіўны орган, які па сутнасці нагадвае з’езды КПСС у савецкія часы. Усе гэтыя плебісцыты характарызаваліся шматлікімі парушэннямі (у тым ліку падчас падліку галасоў), што дазваляе сумнявацца ў афіцыйных дадзеных.

Фото: пресс-служба Александра Лукашенко
Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Падвядзем вынікі. Матэрыялы семінара рыхтавалі людзі, вельмі слаба і павярхоўна знаёмыя з беларускай гісторыяй — альбо скажалі яе наўмысна. Але галоўнае: яны падышлі да яе не з навуковай, а з ідэалагічнай устаноўкай, падагнаўшы падзеі і факты пад неабходную ім трактоўку. Улада працягвае змагацца з Захадам і рабіць стаўку на Расію. У тым, што гэта нібыта адпавядае гістарычным спадзяванням беларускага народа, яна, мабыць, і будзе намагацца ўсіх пераканаць.