У ноч на 4 верасня СПА Украіны збіла 22 расійскія беспілотнікі, а адзін паляцеў у Беларусь, паведамілі Паветраныя сілы УСУ. Мяркуючы з паведамленняў мясцовых тэлеграм-каналаў, напярэдадні і раніцай у сераду на Гомельшчыне зноў падымалі авіяцыю. А паводле звестак «Беларускага Гаюна», у нашую краіну заляцела не менш за чатыры «Шахеды», прычым адзін знік на поўначы.
У ноч на 4 верасня СПА Украіны збіла чатыры крылатыя ракеты Х-101, тры крылатыя ракеты «Іскандэр-К» і 22 ударныя беспілотнікі Shahed-131/136. Яшчэ шэсць дронаў зніклі з радараў, а адзін паляцеў у Беларусь.
Як піша «Флагшток» са спасылкай на мясцовыя тэлеграм-каналы, у небе Гомельшчыны напярэдадні і раніцай у сераду было неспакойна. Паводле звестак «Жлобін Life», над Жлобінам 2 і 3 верасня лётаў знішчальнік. Таксама паведамляецца, што знішчальнік лётаў раніцай 4 верасня над Мазыром.
А маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведамляе, што ўначы ў Беларусь заляцелі не менш за чатыры «Шахеды», прычым адзін з іх знік дзесьці на поўначы.
Паведамляецца, што першы дрон перасек мяжу з Беларуссю каля 01.50 у раёне вёскі Верхнія Жары і ўжо праз некалькі хвілін сышоў ва Украіну ў напрамку Чарнобыльскай зоны.
Далейшыя заходы беспілотнікаў у Беларусь былі ў 04.48, 05.49 і 08.04. Большасць з іх лётала ў раёне беларуска-ўкраінскай мяжы, пастаянна перасякаючы яе ў абодва бакі, але адзін палётаў над мяжой і сышоў на поўнач краіны. Апошні раз ён быў заўважаны ў 05.49 у раёне Жлобіна, пасля чаго згубіўся, куды ён падзеўся — невядома. Імаверна, гэты той самы «Шахед», пра які паведамілі УСУ.
Паводле інфармацыі праекта, знішчальнік ВПС Беларусі падняўся з аэрадрома «Баранавічы» прыкладна ў 06.20 і, палётаўшы 1,5 гадзіны, вярнуўся ў Баранавічы, а 8-й раніцы.
Нагадаем, ноччу 29 жніўня знішчальнік Ваенна-паветраных сіл Беларусі ўпершыню збіў расійскі беспілотнік тыпу «Шахед», які заляцеў у паветраную прастору нашай краіны, паведаміў праект маніторынгу вайсковай актыўнасці «Беларускі Гаюн».