У Наваполацку падлеткі збілі да несвядомага стану свайго таварыша, а пасля адзін з іх спрабаваў уцячы ад міліцыі, выскачыўшы ў акно. У выніку ён зламаў пазваночнік, паведамляе група «Первый Новополоцк | Полоцк» «ВКонтакте».
Інцыдэнт здарыўся ў ноч на 16 чэрвеня. Група маладых людзей, у тым ліку няпоўнагадовыя, сабралася ў кватэры на вуліцы Еранько для ўжывання спіртных напояў. Сітуацыя абвастрылася, і паміж удзельнікамі вечарынкі адбылася бойка. Адзін з маладых людзей быў збіты да несвядомага стану.
Суседзі выклікалі міліцыю, аднак супрацоўнікам дзвярэй ніхто не адчыніў. Работнікі МНС узломвалі яе спецінструментам.
Адзін з удзельнікаў інцыдэнту паспрабаваў пазбегнуць затрымання і няўдала выскачыў з акна. Дактары, якія прыбылі на месца, выявілі, што ён зламаў пазваночнік.
Супрацоўнікі міліцыі выявілі ў кватэры няпоўнагадовых у стане алкагольнага ап’янення і збітага хлопца, які неаднаразова страчваў прытомнасць.