Дзяўчынка-падлетак, якую ў ліпені збіў п’яны кіроўца легкавіка ў Смалявіцкім раёне, памерла ў бальніцы. Вінаватаму ў ДТЗ, які ўцёк з месца здарэння, але потым сам прыйшоў у міліцыю, выставілі абвінавачанне па двух артыкулах, паведамілі ў Следчым камітэце.
Нагадаем, увечары 2 ліпеня нецвярозы 37-гадовы жыхар Жодзіна за рулём Audi ехаў па вёсцы Шыпяны Смалявіцкага раёна, страціў кіраванне і збіў 13-гадовую дзяўчынку на ўзбочыне. Потым ён паехаў дадому, пакінуўшы падлетка ў несвядомым стане, але праз некалькі гадзін сам прышоў у міліцыю і прызнаўся ў тым, што здарылася.
Дзяўчынка не выжыла: ад шматлікіх траўмаў яна памерла ў бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць, расказалі ў ведамстве.
Як удалося высветліць, у момант аварыі кіроўца быў п’яны і рухаўся з хуткасцю каля 60 км/г, яго аўтамабіль быў тэхнічна няспраўны. Паводле мужчыны, ён ведаў пра гэта, але ўсё роўна паехаў дадому ад сваякоў у Чэрвенскім раёне, у якіх выпіваў у гасцях.
Следства прыйшло да высновы, што віноўнік ДТЗ мог загадзя ўбачыць падлетка і паспець затармазіць, тым самым пазбегнуўшы трагічных наступстваў.
Кіроўцу выставілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 4 арт. 317 (Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека);
- ч. 3 арт. 159 (Заведамае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечнае для жыцця або здароўя становішча).
Ён застаецца пад вартай.