У выніку пошукавых мерапрыемстваў 12-гадовую Лізавету Дзям’яненка з Дзятлава, што знікла ў аўторак, знайшлі мёртвай, паведамляе пошукава-выратавальны атрад «Анёл».
«Дзяўчынка была знойдзена падчас сумесных пошукавых мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел: ПВА „Анёл“ Брэсцкага рэгіёна, 6 кіналагічных разлікаў ПВА „Анёл“ з Мінска і Мінскай вобласці, супрацоўнікі міліцыі і МНС, мясцовыя жыхары, кіналагічны разлік ПВА „Паўднёвы захад“. Знойдзеная пошукавай групай ПВА „Анёл“ Брэсцкага рэгіёна», — расказалі ў атрадзе.
Пра знікненне дзіцяці стала вядома 14 чэрвеня. У атрадзе паведамлялі, што 13 чэрвеня каля 19.00 яна пайшла ў невядомым кірунку.
Больш інфармацыі было на сайце дзятлаўскай раённай газеты (але цяпер публікацыя выдаленая). Там была размешчаная абвестка пра пошук ад міліцыі. Выданне расказала, што Лізавета часова жыла ў сацыяльна-педагагічным цэнтры і менавіта адтуль пайшла ўвечары аўторка, пра што выхавальніца прытулку паведаміла ў РАУС.
У прытулку дзяўчынка знаходзілася таму, што яе прыёмная маці паехала ў Гродна на курсы павышэння кваліфікацыі прыёмных бацькоў. Біялагічныя маці і бацька Лізаветы былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.
Да пошукаў дзіцяці 14 чэрвеня далучыліся работнікі МНС і іншых службаў. Пошукі вяліся ў лесе каля вёскі Пагіры Дзятлаўскага раёна, паведамлялася ў сутачнай зводцы. Былі задзейнічаныя 77 чалавек і 15 адзінак тэхнікі. Але тады дзяўчынку не знайшлі і збіраліся працягнуць назаўтра. У наступных зводках інфармацыі пра пошук не публікавалі.
У якіх абставінах Лізавета загінула і дзе менавіта знайшлі цела, у пошукавым атрадзе не паведамляюць.