Опубликовано 25 студзеня 2024 у 20.28
Адрес в интернете: https://zerkal0-io.online/news/economics/59607.html    

«Сілавікі пыталі, на якія сродкі жывуць сваякі палітвязняў». Даведаліся новыя падрабязнасці рэйдаў КДБ

У аўторак, 23 студзеня, па Беларусі пракацілася хваля рэйдаў сярод экс-палітвязняў і сваякоў асуджаных па палітычных артыкулах. Учора мы паведамлялі, што ўвагу сілавікоў прыцягнулі атрымальнікі прадуктовай дапамогі, а таксама тыя, хто быў у тэлеграм-чаце. Пра тое, што яшчэ цікавіла КДБ, «Люстэрку» расказаў сябра праўлення Асацыяцыі палітвязняў Беларусі Алег Барадзін.

Изображение используется в качестве иллюстрации. Фото: TUT.BY
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Паводле Алега Барадзіна, Асацыяцыя палітвязняў Беларусі можа пацвердзіць 29 канкрэтных выпадкаў ператрусаў кватэр і выклікаў на допыты сваякоў сваіх падапечных. Перад допытамі іх мабільныя тэлефоны забіраліся сілавікамі для праверкі.

— У трох выпадках допыты адбываліся на месцы працы сваякоў, у астатніх — у кватэрах і жылых памяшканнях, — паведаміў «Люстэрку» Алег Барадзін. — Пра месцазнаходжанне прынамсі пяцярых чалавек нам нічога не вядома. Аднаму чалавеку выстаўленыя абвінавачанні ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім» фарміраванні. Пераважная большасць дапытаных падпісала падпіскі пра неразгалошанне.

Паводле Барадзіна, толькі дваіх з 29 сваякоў палітвязняў сілавікі пыталі пра атрыманне прадуктаў харчавання праз сэрвіс «Е-дастаўка».

— Асноўную ж масу людзей дапытвалі на прадмет удзелу палітвязняў у «экстрэмісцкіх» фарміраваннях, вядзення актыўнага палітычнага і грамадскага жыцця іх сваякамі за мяжой, — расказаў Алег Барадзін. — Таксама сілавікі пыталі, на якія сродкі жывуць сваякі палітвязняў у Беларусі, хто перадае грошы. Іх цікавілі кантакты кур’ераў, тое, якім чынам грошы паступаюць у Беларусь наяўнымі, хто пераводзіў сродкі на беларускія банкаўскія карткі з-за мяжы.

Алег Барадзін таксама дадаў, што АПБ ведае пра некалькі выпадкаў, калі сілавікі наўпрост пагражалі забраць з сем’яў малагадовых дзяцей палітвязняў.

Асацыяцыя палітвязняў Беларусі зарэгістраваная ў Польшчы. Яна аб’ядноўвае людзей, якія раней знаходзіліся ў беларускіх турмах па палітычных матывах, і займаецца пытаннямі іх адаптацыі пасля вызвалення, а таксама дапамогай сем’ям і тым, хто застаецца за кратамі.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO