Аляксандр Лукашэнка не бачыць ніякіх праблем у зборы грошай з бацькоў на патрэбы школы. Пра гэта ён паведаміў 21 верасня падчас нарады па пытаннях адукацыі.
— Нічога страшнага. У нас бясплатная адукацыя. Толькі дырэктарам трэба разумна гэта рабіць. Можа, паўтара чалавека адмовяцца, грошай не дадуць на рамонт ці на нешта. І не трэба. Адмовіўся дык адмовіўся, абыдземся. Але ад гэтай практыкі адыходзіць не трэба. Але не так: «Ты нясі столькі грошай! Мы тут на савеце нейкім вырашылі». Не трэба так рабіць, — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым палітык падкрэсліў, што грошы ў краіне на школы знойдуцца.
— Але калі бацькі будуць удзельнічаць у гэтым нейкай сваёй капейкай, страху я ў гэтым абсалютна не бачу. У нас людзі ўжо не бедныя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Характэрна, што ў 2021 годзе тагачасны міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў у інтэрв'ю СТБ, што «школа не павінная і не мае права збіраць якія-кольвек грошы з бацькоў».
— Мы дакладна прапісалі гэта нарматыўнымі актамі. І наогул, гэта не справа бацькоўскіх камітэтаў — займацца пытаннямі нейкіх там збораў. (…) Гэта выключна добраахвотны працэс. Калі хтосьці хоча аказаць дапамогу школе, то для гэтага ёсць разліковыя рахункі, калі не ў школы, то ёсць у аддзела адукацыі з пазнакай для такой і такой школы. Ён можа пералічыць і гэтак далей. Я катэгарычна не дапускаю і не дазваляю, каб называлі нейкія сумы, патрабавалі. Катэгарычна супраць таго, каб у гэта ўцягвалі класных кіраўнікоў, педагогаў. На жаль, ёсць такія моманты, бываюць на месцах. Часам даводзіцца з гэтым сур’ёзна разбірацца, — сказаў Ігар Карпенка.
Гэтае ж пытанне яшчэ ў жніўні 2015 года падымаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю незалежным СМІ, сярод якіх быў TUT.BY:
— Я ведаю гэтую праблему. Мы ж пакрываем выдаткі дзіцячага садка працэнтаў на трыццаць. Астатняе — гэта ж бюджэт. Калі хтосьці можа, то гэта нядорага абыдзецца, калі ён зарабляе шмат. Але агулам нельга гэта рабіць. А рэч не ў тым, што там нечага не хапае, каб пафарбаваць школу. У нас няма старых школ.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO